часамі трапіцца ў млыне, паломіцца — ці кулак, ці што якое: секануў раз, другі — ды настроіў, а тут бядуй што дзень, што момант…
Антон (з варот). Гаспадар! Ужо Гаўрылава жыта змалолася; чыё цяпер засыпаць: жыдоўскае, ці дзякова.
Кукса. Сып жыдоўскае. З жыда барджэй грошы сышчаш, а да дзяка папаходзіш (Антон пашоў, Кукса аглянуўся). Як гэта Антон падсьцярог, што я перахоўваў грошы? Добра, што я пазьней яшчэ раз перэхаваў (зноў аглянуўся). Колькі-ж гэта ў мяне яшчэ бракуе да пяці тысяч? Цяпер сыскаў 47 рублёў, у малой скрынцы пад замком 637, а ў глячку 4000.
Антон (з варот). А як зьмялю жыдоўскае, тады чыё засыпаць?
Кукса (хавае горшы). Чыё сабе хочаш! (Антон пашоў). Не, мусіць тагды палічу грошы, як спаць лягу; няма лепшай пары лічыць грошы, як у ночы — ніхто не перашкодзіць (пачакаўшы). От старшая дачка, Гануля, ўжо зусім пасьпела, да хлапцоў аж гарыць… А за ею ўжо і меньшая здымаецца ў гару, як тая канапелька. А сватоў, як на злосьць, як няма, так няма. Ужо-ж, як той кажа, аддаў-бы хоць за вала, абы залатыя рогі. Каб-жа-ж да Антонавай уроды ды грошы хоць рублёў з пяцьсот, ды конікаў пар са тры, ды зямелькі… От і быў-бы зяць. Ці такі дапраўды Антон гэтак бабаў цярпець ня можа? А як гэта ён падсьцярог мяне з Аксаною? Здаецца, так ужо сьцярогся — а такі-ж падгледзіў. Мусіць ня дарма чэлавек двое вачэй мае. Аднак, я думаю, што на бабу і двух мала; такое-ж ужо праклятае зельле, што за ім і ў чатыры не патрапіш.
Гануля (з двара). Тата! А дзе мукі ўзяць на зацірку, ці у млыне, ці?..
Кукса. А табе рупіць у млын? Цьфу! ўсё забываю, што ў мяне Антон служыць; ну з гэтым кепскія жарты!.. (гукае). Ідзі у млын, няхай Антон возьме шуплік з якога там купецкага лантуха. Ідзі, ідзі ды пацалуй яго! (рагоча).
Гануля. Чаму-ж гэтак? Пацалуйцеся сабе з ім самі, калі ён вам да спадобы (пашла).
Кукса. (сьмяецца). Мусіць ужо некалі зарабіла ад яго.
ЗЬЯВА ПЯТАЯ.
КУКСА ды ДРАУКО.
Драўко. (Крычыць на сваім двары). І слухаць не хачу! Ведаю, у якія грыбы пойдзеш! Сядзі мне ў хаце! (прыслухоўваецца). Што-о?.. Ну, ну! ты ў мяне пагаворыш! Што? такі йдзеш?! То й не варочайса у двор!
Кукса. Чаго гэта мой сусед гэтак расхадзіўся?
Драўко. (Выходзіць). Вось пакараў мяне Бог. Ні ў дзень,