З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рагачы́ , грабеньчатавусыя (Lucanidae ) — сямейства жукоў падатрада разнаедных.
Даўжыня да 11 см. Вусікі 10-членікавыя, каленчатыя, з грабеньчатай булавой. Верхнія сківіцы развітая, з зубцамі, у самцоў многіх відаў нагадваюць рогі (адсюль назва). Лапкі 5-членікавыя.
Налічваецца каля 1000 відаў . Найбольш шматлікія і разнастайныя ў трапічных лясах, жывуць на ствалах дрэў. На Беларусі сустракаюцца алянёк звычайны (Dorcus parallelipipedus ), жук-насарог малы, або рагачык аднарогі (Sinodendron cylindricum ), рагач сіні (Platycerus caraboides ), рагачык сціплы (Ceruchus chrysomelinus ), жук-алень (Lucanus cervus ) — самы буйны з жукоў беларускай энтамафаўны (даўжынёй да 8,5 см).
Дарослыя кормяцца сокамі дрэў. Лічынкі з мясістым выгнутым целам, вялікай галавой; развіваюцца і кормяцца ў гнілых ствалах і каранях.