Code Geass
Code Geass: Lelouch of the Rebellion (яп.: コードギアス 反逆のルルーシュ, Kōdo Giasu: Hangyaku no Rurūshu?) — японскае анімэ, створанае студыяй Sunrise. Звычайна называецца проста Code Geass. Рэжысёрам анімэ з’яўляецца Горо Танігуці (англ. Gorō Taniguchi), а сцэнарыстам Іціра Окуці (англ. Ichirō Ōkouchi). Дызайн герояў быў распрацаваны групай Clamp.
Упершыню паказ серыяла пачаўся ў Японіі на MBS у кастрычніку 2006 года. Першая частка серыяла, што налічвала 25 эпізодаў, была паказана з 5 кастрычніка 2006 па 28 ліпеня 2007 года. Працяг Code Geass: Lelouch of the Rebellion R2 (コードギアス 反逆のルルーシュR2, Kōdo Giasu Hangyaku no Rurūshu Āru Tsū?) трансляваўся з 6 красавіка па 28 верасня 2008 года.
Абедзве часткі атрымалі некалькі ўзнагарод на Tokyo International Anime Fair, Animage Anime Grand Prix і Animation Kobe event.
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Усе падзеі адбываюцца ў свеце з альтэрнатыўнай гісторыяй.
У 2010 a.t.b. годзе войскі Святой Брытанскай Імперыі нападаюць на Японію і з лёгкасцю захопліваюць яе. Адной з прычын гэтага з’яўляецца выкарыстанне баявых робатаў Knightmare Frames.
Пасля акупацыі Японія губляе сваю незалежнасць, а таксама назву (цяпер яна становіцца Зонай 11). Жыхары краіны страчваюць свае грамадзянскія правы і свабоды. За некаторы час да гэтага, пасля сваркі з бацькам, у Японію быў выгнаны брытанскі прынц Лелуш і яго сястра Наналі. Абое пражываюць у Зоне 11 інкогніта, пад выглядам звычайных грамадзян Брытаніі (нават без шляхецкага тытулу), і вучацца ў Ашфордскай акадэміі. Асноўныя падзеі серыяла пачынаюцца ў 2017 годзе. У гэты час у Японіі дзейнічае некалькі падпольных і партызанскіх груповак, якія імкнуцца аднавіць незалежнасць краіны ад акупантаў і вярнуць правы яе грамадзянам. Аднак іх дзейнасць застаецца без поспеху. У адну з аперацый падпольшчыкаў выпадкова аказваецца ўцягнуты і Лелуш. Яму пагражае смерць ад рук арміі, аднак на дапамогу яму прыходзіць загадкавая дзяўчына C.C. Яна абяцае Лелушу сілу Гіаса ў абмен на нейкую паслугу. Лелуш згаджаецца. Ён не толькі выратоўваецца, але і збіраецца выкарыстаць атрыманыя здольнасці ў асабістых інтарэсах, якія часткова супадаюць з мэтамі і інтарэсамі японскіх паўстанцаў.
Свет дзеяння
[правіць | правіць зыходнік]Дзеянне серыяла развіваецца ў свеце з альтэрнатыўнай гісторыяй.
У пачатку першага сезона свет аказваецца падзеленым між трыма звышдзяржавамі: Святой Брытанскай Імперыяй, Кітайскай Федэрацыяй і Еўрапейскім Светам (Euro Universe). Выключэнне складае незалежная Аўстралія. Аднак яна не адыгрывае ніякай ролі на палітычнай арэне.
Святая Брытанская Імперыя (англ.: Holy Britannian Empire, яп.: 神聖ブリタニア帝国, Shinsei Buritania Teikoku) — найбольш магутная і тэхнічна развітая краіна. На пачатку серыяла кантралюе адну трэць усяго свету. У гэты час Святая Брытанская Імперыя ўключае ў сябе абедзве Амерыкі, Японію і Новую Зеландыю. З цягам часу яе тэрыторыі значна пашыраюцца. Нягледзячы на назву, самі Брытанскія астравы не ўваходзяць у склад гэтай дзяржавы. Сталіца імперыі — горад Пендрагон, знаходзіцца ў Паўночнай Амерыцы.
Святой Брытанскай Імперыяй кіруе манарх — імператар. У пачатку анімэ гэтую пасаду займае Чарльз зі Брытанія, які з’яўляецца 98-м імператарам. Пасаду, верагодна, могуць займаць як мужчыны, так і жанчыны. Грамадзяне імперыі размеркаваныя на іерархічнай лесвіцы, на версе якой знаходзіцца імператарская сям’я і непасрэдна брытанцы, а на ніжнім узроўні — жыхары захопленых краін, якія не маюць грамадскіх правоў і свабод. Звычайна яны называюцца Лічбы, альбо па нумару зоны, у якой пражываюць (напрыклад, Японія — Зона 11, а японцы — адзінаццаткі).
Кітайская федэрацыя (англ.: Chinese Federation, яп.: 中華連邦, Chūka Renpō) — самая густанаселеная, але і самая эканамічна слабаразвітая краіна. У Кітайскую Федэрацыю ўваходзіць большая частка Азіі, уключаючы Індыю, Карэю, Пакістан і іншыя краіны. Кітайская Федэрацыя з’яўляецца абсалютнай манархіяй і фармальна кіруецца імператарам, які пражывае ў Забароненым Горадзе, у сталіцы краіны — Лаяне. Аднак пад час дзеяння анімэ імператарам з’яўляецца маленькая дзяўчынка, а ўся ўлада знаходзіцца ў руках Вялікіх Еўнухаў.
Для гэтай краіны характэрны моцныя сепаратысцкія тэндэнцыі. Так, імкненне Індыі да незалежнасці гуляе на руку галоўным героям анімэ.
Еўрапейскі Свет (англ.: Euro Universe, яп.: ユーロ・ユニバース, Yūro Yunibāsu) — краіна, пра якую даецца найменш інфармацыі. Нягледзячы на назву, акрамя ўсёй Еўропы (разам з Брытанскімі астравамі), тэрыторыя дзяржавы ўключае ўсю Афрыку і Расію. Аднак з цягам часу яе тэрыторыя рэзка змяншаецца.
Аб’яднаныя Штаты Японіі — дзяржава, створаная галоўным героем у другім сезоне. Спачатку яе тэрыторыя займала некалькі пакояў у пасольстве Кітайскай Федэрацыі. Пасля — востраў ля берагоў Кітая.
Аб’яднаная Федэрацыя Нацый (англ.: United Federation of Nations) — дзяржава, створаная галоўным героем у другім сезоне анімэ. Уключае ў сябе краіны былой Кітайскай Федэрацыі, вялікую частку Еўрапейскага Свету і Аб’яднаныя Штаты Японіі.
Героі
[правіць | правіць зыходнік]Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]У 16-м эпізодзе другой часткі серыяла Судзаку Куруругі пры сустрэчы з Лучана Брэдлі кажа, што не бачыў яго «з часоў беларускага фронту». Іх знаходжанне на «Беларускім фронце» паказана ў OVA «Code Geass: Akito the Exiled», таксама адна з бітваў адбываецца ў Слуцку.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт (яп.).
- Афіцыйная старонка (яп.) на сайце тэлекампаніі MBS.
- Афіцыйная старонка Архівавана 11 студзеня 2007. (яп.) на сайце Animax.