У дарослых асобін вышыня ракавіны вагаецца пераважна ў дыяпазоне ад 10 да 23 мм, а яе шырыня (дыяметр) — ад 14 да 28 мм. Мае да 6 абаротаў. Ракавіна шарападобнай формы са згладжаным купалападобным завітком. Паверхня ракавіны мае нераўнамерныя радыяльныя рыскі і пакрыта частымі спіральнымі лініямі (меней выяўленыя на апошнім абароце). Агульны фон ракавіны ад жоўтага да карычневага колеру. Найбольш характэрнай прыкметай выгляду з’яўляецца наяўнасць шматлікіх хаатычна размешчаных невялікіх светлых рысак і плям, арыентаваных пераважна ўздоўж абароту. Акрамя таго, трохі над перыферыяй можа праходзіць цёмная спіральная паласа. Нярэдка цела малюска, якое прасвечвае скрозь аднакаляровую ракавіну, стварае ілюзію пярэстай (плямістай) афарбоўкі.
Від распаўсюджаны пераважна ў Цэнтральнай і Паўночна-Заходняй Еўропе. Сустракаецца ў гарах на вышыні да 2700 метраў над узроўнем мора.
Станам на 2024 года, сустракаецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў многіх населеных пунктах. Засяляе пераважна вільготныя шыракалістыя лясы, але нярэдкі і ў вільготных лісцяных лясах і хмызняках. У Беларусі сустракаецца ў лісцяных лясах, парках, садах, аддаючы перавагу ўмовам з высокім утрыманнем кальцыю ў глебе. Часам можа быць адзначаны на сухіх высакатраўных лугах. Па меры сталення асобіны віду паступова пераходзяць ад пасялення на лісці да пасялення на паверхні глебы.