Перайсці да зместу

Ager publicus

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ager publicus (а́гер пу́блікус, бел.: грамадская зямля, грамадскае поле) — зямля, якая знаходзілася ва ўласнасці Рымскай дзяржавы.

Традыцыйна фонд ager publicus папаўняўся за кошт захопу часткі земляў італікаў[1][2]. На некаторыя ўчасткі ager publicus выводзіліся рымскія калоніі, аднак шматлікія ўчасткі апрацоўваліся як дробнымі, так і буйнымі арандатарамі. З часам буйныя арандатары выцеснілі дробных і сталі лічыць ager publicus сваёй уласнай зямлёй[1]. Паколькі буйныя землеўладальнікі часцей выкарыстоўвалі працу рабоў замест наёмнай працы выцесненых імі свабодных, колькасць беззямельных сялян павялічвалася[1].

У 133 да н.э. народны трыбун Тыберый Семпроній Гракх запатрабаваў абмежаваць памер зямельнага ўчастку 500 югерамі (125 га) з дадатковымі 250 югерамі на кожнага дарослага сына (але не больш за два), а вызваленую зямлю падзяліць участкамі па 30 югераў (7,5 га) без права продажу. За канфіскацыю зямлі буйным землеўладальнікам выплачвалася ўзнагарода[3]. Пасля пэўных цяжкасцей, звязаных з супраціўленнем буйных землеўладальнікаў lex Sempronia Agraria быў праведзены. Для выканання рашэння была створана камісія з трох чалавек (трыумвіраў), у якую ўвайшлі Тыберый і Гай Семпроніі Гракхі, а таксама цесць Тыберыя Апій Клаўдзій Пульхр[4][5]. Пасля забойства Тыберыя Гракха выкананне закона было часова спынена, пакуль малодшы брат Тыберыя, Гай Семпроній Гракх, не аднавіў працу камісіі. Пасля вымушанага самагубства Гая Гракха было прынята некалькі законаў, якія фактычна прыпынілі перадзел зямлі.

Зноскі

  1. а б в Апіян. Рымская гісторыя. Грамадзянскія войны, I, 7
  2. Плутарх. Тыберый і Гай Гракхі, 8
  3. Плутарх. Тыберый і Гай Гракхі, 9
  4. Апіян. Рымская гісторыя. Грамадзянскія войны, I, 13
  5. Плутарх. Тыберый і Гай Гракхі, 13