Перайсці да зместу

Агарыкальныя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Agaricales)
Агарыкальныя

Шампіньён звычайны (Agaricus campestris)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Agaricales Underw., 1899


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  194402
NCBI  5338
EOL  5676
MB  90508
FW  351218

Ага́рыкальныя, агарыкавыя, пласціністыя (Agaricales) — парадак вышэйшых базідыяльных грыбоў з групы гіменаміцэтаў.

Адрозніваецца 12 сямействаў, каля 8 тыс. відаў, пашыраных ва ўсіх кліматычных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 110 родаў уключаюць 1,5 тысяч відаў. Найбольшыя сямействы: агарыкальныя, ці шампіньёнавыя (Agaricaceae), і балетавыя (Boletaceae), якія вылучаюць у самастойны парадак. Сярод іншых сямействаў: аманітавыя, ці мухаморавыя (Amanitaceae), бальбітыевыя (Bolbitiaceae), гіграфоравыя (Hygrophoraceae), гнаевіковыя (Coprinaceae), макрухавыя (Gomphidiaceae), павуціннікавыя (Cortinariaceae), радоўкавыя (Tricholomataceae), энталомавыя, ці ружовапласціннікавыя (Entolomataceae), свінухавыя (Paxillaceae), страфарыевыя (Strophariaceae), сыраежкавыя (Russulaceae).

Пладовыя целы аднагадовыя, звычайна мяккамясістыя, радзей пругкія, маюць шапку і ножку (звычайна цэнтральную). Гіменафор пласціністы або трубчасты, у многіх спачатку прыкрыты прыватным пакрывалам (плеўка з рыхлага спляцення гіфаў), якое пазней разрываецца і застаецца ў выглядзе кольца на ножцы (напр., віды з роду маслякоў); у іншых развіваецца таксама і агульнае пакрывала (спачатку на ўсім пладовым целе, потым застаецца накшталт кубачка-вольвы на ножцы і як шматкі на шапцы, напр., шампіньён ядомы, грыбы з роду вальварыела). Пласцінкі могуць быць свабодныя, прымацаваныя да ножкі краем або зубцом, сыходныя па ножцы і інш. Ножка рознага колеру, кансістэнцыі і формы (цыліндрычная, патоўшчаная, звужаная, гладкая слізістая, укрытая лускавінкамі або валакністая, шчыльная, пустая і інш.), часам бакавая ці яе зусім няма (шапка сядзячая). Споры аднаклетачныя, іх памеры, форма, колер зменлівыя.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Большасць агарыкальных — сапратрофы на глебе, подсціле, драўніне, мікарызаўтваральнікі (забяспечваюць водна-салявое жыўленне дрэў), радзей — паразіты на жывых дрэвах, пладовых целах інш.

Многія (амаль 200 відаў) — каштоўныя ядомыя грыбы: баравік (Boletus), падасінавік (Leccinum aurantiacum), падбярозавік (Leccinum scabrum), маслякі (Suillus), зялёнка (Tricholoma equestre), падзялёнка (Tricholoma portentosum), шампіньён (Agaricus), рыжык (Lactarius deliciosus), вешанка звычайная (Pleurotus ostreatus), грузд (Lactarius), сыраежка (Russula) і інш. Ёсць ядавітыя: мухаморы (Amanita) (чырвоны (Amanita muscaria), жоўта-зялёны (Amanita citrina), парфіравы (Amanita porphyria), пантэрны (Amanita pantherina), бледная паганка (Amanita phalloides) і інш.), апенька несапраўдная серна-жоўтая (Hypholoma fasciculare), пабеленая і белаватая гаварушкі, валаконніцы (земляная (Inocybe geophylla), надарваная (Inocybe lacera) і Келе (Inocybe queletii)), страфарыя Гарнемана (Stropharia hornemannii) і інш.