14
14 | |
---|---|
Жанр | драматычны фільм, моладзевы фільм[d] і рамантычны фільм |
Рэжысёр | |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Кінакампанія | Централ Партнершип[d] |
Працягласць | 106 хв. |
Зборы | 173 616 $[1] |
Краіна | |
Мова | руская |
Год | 2015 |
Наступны фільм | 14 : Працяг |
IMDb | ID 4427076 |
«14 », таксама «14 : Гісторыя першага кахання»[2] (руск.: 14 : История первой любви) — расійскі рамантычны фільм 2015 года, зняты рэжысёрам Андрэем Зайцавым па ўласным сцэнарыі. Галоўныя ролі выканалі Глеб Калюжны і Ульяна Васьковіч[3].
Фільм апавядае гісторыю першага кахання, якая разгортваецца ў спальным раёне Масквы. Лёша — звычайны чатырнаццацігадовы падлетак, які паўдня нудзіцца ў школе, а ў вольны час сядзіць у сацыяльных сетках, слухае музыку або бадзяецца з сябрамі па ваколіцы. Але аднойчы ён заўважае дзяўчынку Віку — і яго жыццё мяняецца. Цяпер увесь свет круціцца вакол таго, як пазнаёміцца з абранніцай, як упершыню загаварыць з ёй. Але падлеткавая няўпэўненасць і сарамлівасць не адзіныя складанасці — справа ў тым, што Віка вучыцца ў «варожай» школе і стасункі з ёй пагражаюць Лёшу сур’ёзнымі праблемамі.
Фільм ствараўся пры падтрымцы «Фонда кино » і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі[4]. Здымкі праходзілі ўлетку 2013 года ў спальных раёнах Масквы. Усе падлеткі ў кадры — непрафесійныя акцёры-дэбютанты, знойдзеныя праз сацыяльную сетку «ВКонтакте»[5].
Сусветная прэм’ера фільма адбылася 7 лютага 2015 года на 65-м Берлінскім кінафестывалі, у праграме «Generation 14plus». Прэм’ера ў Расіі адбылася 8 чэрвеня 2015 года ў межах асноўнай конкурснай праграмы фестывалю «Кінатаўр ». У шырокі пракат стужка выйшла 8 кастрычніка 2015 года. Вялікую папулярнасць фільм набыў на YouTube, дзе колькасць праглядаў пераадолела мяжу ў 140 мільёнаў.
У красавіку 2023 года выйшаў сіквел фільма — «14 : Працяг», які атрымаў адмоўныя водгукі ў прэсе[6] і сярод гледачоў[7].
Сюжэт
[правіць | правіць зыходнік]Слоган фільма: «Гісторыя першага кахання»[8]. |
Лёша — звычайны чатырнаццацігадовы падлетак, які жыве з маці ў спальным раёне Масквы. Паўдня ён нудзіцца ў школе, а ў вольны час сядзіць у сацыяльных сетках, слухае музыку або бадзяецца па ваколіцы ў кампаніі сяброў Дрона і Віцька. Аднойчы, бавячы час на вуліцы, сябры заўважаюць трох дзяўчат-аднагодак і ўвязваюцца за імі следам. Неўзабаве яны становяцца сведкамі таго, як да дзяўчат чапляецца група старэйшых дзецюкоў на чале з хуліганам Волкавым. На брутальныя заляцанні дзяўчаты адказваюць лёгкім какецтвам, а затым адпраўляюцца з хлапцамі на пустыр, дзе мае адбыцца бойка. Лёша з сябрамі адпраўляюцца следам. У бойцы прымаюць удзел групоўкі варожых школ: 39-й, дзе вучыцца Лёша, і 201-й, адкуль шайка Волкава. Трое дзяўчат хварэюць за 201-ю і здымаюць бойку на тэлефон. Лёша таксама робіць выгляд, што здымае бойку, аднак сам употай здымае адну з дзяўчат, якая моцна яму спадабалася.
Вярнуўшыся дамоў, Лёша прабівае дзяўчыну «ВКонтакте» — яе клічуць Віка – і з вялікай увагай даследуе яе старонку. Якраз у гэты момант у пакой заходзіць маці і спрабуе правесці з сынам выхаваўчую размову пра алкаголь, наркотыкі і дзяўчат. Лёша робіць выгляд, што ўважліва слухае, а сам, каб пазбегнуць няёмкай размовы, уключае ў навушніках музыку на поўную гучнасць. Усе яго думкі круцяцца вакол таго, як пазнаёміцца з Вікай. На самоце ён рэпеціруе знаёмства з ёй, але калі даходзіць да справы, то падысці і загаварыць не рашаецца. Перашкаджае яму і хеўра Волкава, якая часцяком круціцца ў двары Вікі. Тым часам, мама Лёшы спрабуе наладзіць сваё асабістае жыццё. Вярнуўшыся з вуліцы, Лёша застае яе за накрытым сталом у кампаніі мужчыны. Маці апраўдваецца, што гэта яе пацыент, які нядаўна выпісаўся з бальніцы, але хлопец усё разумее. Ён прымае гэта з панурай абыякавасцю і замыкаецца ў сваім пакоі.
Пакуль Лёшавы прыяцелі адцягваюць увагу Волкава і яго п’яных дружкоў, закаханы падлетак пранікае ў пад’езд Вікі. Ён выглядвае дзяўчыну ў акно і перачытвае загатаваныя на лістку словы, але калі тая з’яўляецца, Лёшу ахоплівае паніка, і ён уцякае. Аднак, не разлічыўшы ўсяго, ён сутыкаецца з Вікай тварам да твару. Лёшу не стае смеласці загаварыць з ёй і ён сыходзіць. Дзяўчына здзіўляецца паводзінам незнаёмага хлопца і пачынае падазраваць, што гэта не выпадковая сустрэча. Дома за камп’ютарам Лёша робіць пакутлівы выбар: дадаць Віку ў сябры, адправіць ёй паведамленне? Раптам яго ўвагу прываблівае Вікін пост пра дыскатэку, якае мае неўзабаве адбыцца ў 201-й школе.
Нягледзячы на небяспеку, Лёша з прыяцелем пранікаюць у варожую школу праз акно ў туалеце. Калі на дыскатэцы ўключаюць рэтра-шлягер «Зеленавокае таксі », Лёша падыходзіць да Вікі і запрашае яе на танец. Падлеткі трымаюцца няёмка, на адлегласці выцягнутай рукі, і пазбягаюць глядзець адно аднаму ў вочы. Музыка мяняецца, і Віка з сяброўкамі сыходзіць. Потым адна з дзяўчат вяртаецца і кажа Лёшу, што Віка хоча з ім пагаварыць. Аднак у зацішным месцы хлопца чакае хеўра Волкава, якія ўжо збілі ў кроў яго прыяцеля. Дзяўчаты стаяць тут жа, з абыякавымі тварамі.
З маці Лёшы здараецца істэрыка. Яна тэлефануе былому мужу і крычыць, што іх сын па-зверску збіты. П’яны бацька гразіцца пайсці разабрацца, але Лёша ўгаворвае яго нічога не рабіць і пераконвае, што маці моцна перабольшвае. Застаўшыся адзін, ён адчувае сябе здраджаным і ў адчаі выдаляе ўсе напампаваныя фотаздымкі Вікі. Аднак неўзабаве Віка з сяброўкамі з’яўляецца ў яго двары. Праз прыяцеля Лёшы сяброўка Вікі перадае яму цыдулку і просьбу аб прабачэнні. Дзяўчаты ніяк не маглі перашкодзіць Волкаву, бо яго ўсе баяцца. А наогул сяброўкі зусім не супраць затусіць з хлопцамі. Лёша скача ад радасці: у цыдулцы Віка пакінула свой нумар тэлефона.
Абедзве кампаніі пачынаюць бавіць час разам. Яны гуляюць па вуліцах, дурэюць, здымаюць смешныя відэа. Позна ўвечары Лёша катае Віку на мапедзе, а потым, нягледзячы на пярэчанні Вікі, бярэцца яе правесці. У Вікіным двары падлеткі сутыкаецца з шайкай Волкава і ледзьве ратуюцца ўцёкамі. Каб перачакаць небяспеку, дзяўчына запрашае хлопца зайсці да яе. Віка знаёміць Лёшу са сваімі бацькамі — яе татам апынаецца суровы турэмны повар, а затым паказвае свой пакой. Неўзабаве, каб не злаваць Вікіных хатніх, хлопец сыходзіць, дзяўчына адпрошваецца правесці госця да ліфта. Каб зноў не нарвацца на Волкава, Лёша хоча перабрацца праз гарышча і выйсці з іншага пад’езда. Развітваючыся, закаханыя ўпершыню цалуюцца.
Бяспечна выбраўшыся з дома, Лёша ідзе па свой мапед, але там яго ўжо чакаюць Волкаў з дружкамі. Хлопец аказваецца адзін супраць цэлай хеўры хуліганаў, настроеных вельмі варожа. Калі яго літаральна прыпіраюць да сценкі, і расправа становіцца непазбежнай, пад’язджае нарад паліцыі , але Лёша запэўнівае патрульных, што нічога страшнага не адбываецца — яны проста размаўляюць. Паліцэйскія вырашаюць не ўмешвацца і з’язджаюць. Лёша поўны рашучасці працягваць сутычку, але Волкаў ацаніў учынак хлопца — ён загадвае сваім сябрукам адпусціць яго і вярнуць мапед.
Дома Лёша заспявае маці і яе сяброўку Свету нападпітку. Цётка Света запэўнівае Лёшаву маці, што ўсе яе няўдачы ў асабістым жыцці ад таго, што яе сурочылі . Яна бярэцца выявіць крыніцу «сурокаў» — і ёй апынаецца насценны дыван, што вісіць над Лёшавым ложкам. Сонны хлопец вымушаны суправаджаць п’яных сябровак да памыйніцы, дзе яны рытуальна спальваюць дыван.
Віка рыхтуецца ў госці да Лёшы, а той разграбае завалы ў сваім пакоі, спрабуючы надаць яму больш-менш прыстойны выгляд. Хлопец сустракае дзяўчыну ў метро і прыводзіць яе да сябе. Ён паказвае сяброўцы свой пакой і прызнаецца, што бацька з імі не жыве. Віка заўважае на сцяне плакат з героем фільма «Брат» Данілам Багровым. Лёша ў захапленні расказвае, што гэта яго самы ўлюбёны фільм. Калі тэмы для размовы сканчваюцца, ён прапануе Віцы выпіць — у яго прызапашана бутэлька вішнёвага лікёру і талерка маліны — і тая згаджаецца. Затым, каб здзівіць дзяўчыну, Лёша дастае стары бацькоўскі касетнік — такіх яна ў жыцці не бачыла — і ставіць музыку. На касеце апынаецца тая самая песня, што гучала на дыскатэцы. Лёша зноў запрашае Віку на танец, але гэтым разам іх абдымкі значна цясней і пяшчотней.
Раніцай, вярнуўшыся з дзяжурства, мама выяўляе сляды гулянкі: шклянкі, недапіты лікёр, ягады. Яна ўжо збіраецца задаць сыну прачуханку, але раптам бачыць, што ў пасцелі Лёша не адзін. Збянтэжаная, яна сыходзіць у свой пакой і са слязьмі і істэрычным смехам глядзіць на дзіцячыя здымкі сына. Віка будзіць Лёшу і кажа, што вярнулася яго мама. Той рэзка ўскаквае і ліхаманкава спрабуе нацягнуць адзенне. Але мама ўжо пайшла, і Лёша бачыць у акно як яна разгублена цягнецца прэч. У прыхожай яна пакінула сыну пакет, у якім швэдар адзін у адзін, як у Данілы Багрова. Лёша апранае швэдар і паказваецца Віцы, ёй яго від прыходзіцца да спадобы. «Усё ж добра?» — пытаецца Віка, і закаханыя смяюцца.
Акцёрскі склад
[правіць | правіць зыходнік]Глеб Калюжны | – Аляксей «Лёша» Васін |
Ульяна Васьковіч | – Віка |
Вольга Азалапіня | – Людміла, мама Лёшы |
Дзмітрый Блахін | – дзядзя Валера |
Ірына Фралова | – мама Вікі |
Шандар Беркешы | – тата Вікі |
Уладыслаў Гарачкін | – брат Вікі |
Дзмітрый Барынаў | – Дрон |
Данііл Пікула | – Віця |
Ксенія Пахомава | – сяброўка Вікі |
Лізавета Македонская | – Каця |
Аляксей Філімонаў | – Волкаў |
Наталля Пікула | – настаўніца матэматыкі |
Стварэнне
[правіць | правіць зыходнік]Задума і сцэнарый
[правіць | правіць зыходнік]Ідэя фільма з’явілася ў Андрэя Зайцава, калі ён завяршаў працу над сваім папярэднім фільмам «Гультаі». Рэжысёр выпадкова ўбачыў карціну «Шведская гісторыя кахання » Роя Андэрсана і загарэўся ідэяй зняць такое ж кіно, толькі ў сучасным антуражы[9].
Многія моманты фільма рэжысёр і сцэнарыст Андрэй Зайцаў узяў са свайго ўласнага жыцця. Так, падзеі кінастужкі адбываюцца ў Бабушкінскім раёне Масквы, дзе прайшло дзяцінства рэжысёра. Як і галоўны герой фільма, ён вырас без бацькі. З рэальнага жыцця былі ўзяты і асобныя сцэны. Так, сапраўды мела месца гісторыя, калі маці будучага рэжысёра выпіла з сяброўкай, і яны знайшлі на дыване сурокі[10].
Падбор акцёраў
[правіць | правіць зыходнік]Усіх дзяцей-акцёраў аўтары фільма знайшлі праз сацыяльную сетку «ВКонтакте»[5].
Спачатку пошукі вяліся звычайным шляхам — праз акцёрскія агенцтвы, у кінашколах і тэатральных кружках. Аднак, такі спосаб не апраўдаў сябе. «Яны там, як з аднаго канвеера: усміхаюцца, правільна гавораць добра завучаны тэкст. І сапраўдных дзяцей-асоб на такіх кастынгах я не сустрэў», — апавядае рэжысёр[5]. Таму паралельна быў распачаты пошук у інтэрнэце, праз сацыяльную сетку «ВКонтакте». Каманда ўводзіла нумар школы, узрост 14–15 гадоў і глядзела профілі дзяцей, іх фотаздымкі. Затым рассылаліся лісты, і дзяцей запрашалі на кастынг. Усяго было разгледжана каля 1000 кандыдатур[5][11].
На ролю Лёшы быў запрошаны Глеб Калюжны , малады рэпер, які выступаў на разагрэве ў дарослых рэпераў. Рэжысёр звярнуў увагу, што аватар Глеба перавесілі сабе на старонкі некалькі іншых хлопцаў і дзяўчат з розных класаў. Ён паглядзеў фотаздымкі хлопца, яго кліпы — і запрасіў на кастынг[5].
Дзяўчыну на ролю Вікі не ўдавалася знайсці вельмі доўга. Былі разгледжаны сотні варыянтаў, перш чым рэжысёр звярнуў увагу на Ульяну Васьковіч. Бацькі Ульяны з кінематаграфічнага асяроддзя, і сябар яе бацькі параіў яе Андрэю Зайцаву. Андрэй знайшоў старонку дзяўчыны «ВКонтакте», паглядзеў яе фотаздымкі і вырашыў паклікаць на пробы. Пазней рэжысёр узгадваў, што гэта было дакладнае пападанне: «Калі б яна адмовілася здымацца, то ў нас не было б галоўнай гераіні, таму што лепш за яе мы нікога нават блізка не бачылі. Зрэшты, як і Глеба, так што „запасных“ варыянтаў на галоўныя ролі ў нас не было»[5].
Здымкі
[правіць | правіць зыходнік]Здымкі фільма адбываліся ўлетку 2013 года ў спальных раёнах Масквы[5]. Сярод здымачных лакацый: раёны Бабушкінскі , Мядведкава[10]; станцыя метро «Бабушкінская»[12].
Здымачны перыяд склаў 67 дзён (замест прынятых для такога фармату 30—35 дзён). У асноўным гэта было выклікана складанасцямі ў працы з непрафесійнымі ацёрамі-дзецьмі. Для дакладнага пападання ў вобраз часам патрабавалася па 17—18 дубляў. Паколькі дзеці хутка стамляліся і пачыналі іграць «на аўтамаце», пад асабліва складаныя сцэны адводзілася па 2—3 здымачныя дні[5]. Рэжысёр так апісвае працу з дзецьмі: «Вось ён адчыняе дзверы, уваходзіць, глядзіць на гераіню. Не тое! Зноў уваходзіць, глядзіць. Не тое: вочы пустыя, уваходзіць хлопчык-робат… Так штораз. І раптам нешта адбываецца: і вочы што трэба, і ўсе рухі дакладныя да міліметра»[5].
Рэжысёр адмовіўся ад здымак на ручную камеру дзеля больш камфортнай для гледача статыкі. Рэжысёр адзначае: «Здымаць так, з пляча, значна прасцей і хутчэй, але часта гэты спосаб выкарыстоўваюць неапраўдана. І галоўнае — гэта немагчыма глядзець на вялікім экране: шмат буйных дрыжачых планаў, ад якіх жудасна стамляюцца вочы, а агульных, дзе было б паветра, амаль няма. Так што мне хацелася зрабіць нармальнае, класічнае кіно са статычнай камерай, з панарамамі і без трасяніны»[5].
Паводле задумы рэжысёра, каб паказаць стан закаханасці, у фільме не павінна было быць пахмурных кадраў. Аднак надвор’е не спрыяла, і на перыяд здымкаў акурат прыпала 80% непагодлівых дзён. Каб выйсці са становішча, здымачная група штодня рыхтавала па дзве лакацыі. Калі было кепскае надвор’е, здымаліся сцэны на кватэры, а калі добрае — здымкі адбываліся на вуліцы[5].
Музычнае суправаджэнне
[правіць | правіць зыходнік]Рабочая назва карціны была «Чэлентана». Рэжысёр меркаваў выкарыстаць шмат песень Адрыяна Чэлентана, а ў пакоі галоўнага героя мусіў вісець яго плакат. Аднак у выніку на сцяне апынуўся плакат з выявай Данілы Багрова з фільма «Брат», бо, калі дзеці сталі прыходзіць на кастынг, высветлілася, што яны нават не ведаюць, хто такі Чэлентана. Тады рэжысёр папрасіў дзяцей падзяліцца сваімі ўлюбёнымі трэкамі, якія яны слухаюць ва «ВКонтакте». На аснове гэтых песень і быў складзены саўндтрэк. У яго ўвайшло 22 песні самых розных выканаўцаў, палова з якіх — заходнія, у тым ліку «Radiohead», Серж Генсбур, Ману Чао . З Адрыяна Чэлентана рэжысёр пакінуў толькі адну песню: з яе пачынаецца фільм, і яна задае настрой усёй карціне[5].
Выбар такога разнастайнага рэпертуара пацягнуў за сабой складанасці з набыццём аўтарскіх правоў. Так, высветлілася, што Чэлентана ўвогуле забараняе выкарыстоўваць арыгінальныя запісы сваіх песень. Тады аўтары фільма набылі правы на выкананне і зрабілі запіс з вакалам Аляксея Сулімы з праекту «Голас». Запіс даслалі Чэлентана, той яго ўхваліў і даў дазвол на перазапіс і выкарыстанне ў фільме[5][11]. Яшчэ больш праблем узнікла з песняй «Creep » у выкананні «Radiohead»: давялося пісаць лісты аўтарам, у тым ліку Тому Ёрку , дэманстраваць ім фрагменты фільма, каб яны далі дазвол і знізілі суму, якую належала заплаціць за права выкарыстання[13].
Гаворачы аб выбары музыкі, рэжысёр адзначаў: «Гэта вельмі дорага, але ні на якія кампрамісы мы не пайшлі, бо музыка па настроі ідэальна падыходзіла да тых ці іншых эпізодаў. І гэта толькі так падаецца, што песню лёгка купіць! У адной песні, напрыклад, аказалася 8 аўтараў, і кожны павінен быў даць дабро на продаж правоў на гэтую кампазіцыю»[5].
Спіс песень, выкарыстаных у фільме:
- Adriano Celentano — «Ciao Ragazzi»
- Radiohead — «Creep »
- Richard Cheese — «Creep»
- The Ska Vengers — «Vampire»
- Serge Gainsbourg, Jane Birkin — «Je t'aime… moi non plus »
- Mano Negra — «Out of Time Man »
- The Business — «Saturday’s Heroes»
- Neil Sedaka — «Happy Birthday, Sweet Sixteen »
- Stan Getz , João Gilberto , Astrud Gilberto , Antônio Carlos Jobim — «Corcovado (Quiet Nights of Quiet Stars) »
- Корабль — «Нет бабы. Нет слёз»
- Пропаганда — «Quanto Costa»
- Ленинград — «ИТД»
- ЯйцЫ Fаберже — «Все на футбол»
- Глеб Калюжный — «Духом не падай вниз»
- Михаил Боярский — «Зеленоглазое такси »
- Александр Пушной — «Du Taxi (Зеленоглазое такси)»
- Газон — «Пьяные»
- Верка Сердючка — «Дольче Габбана»
- Гастрит — «Фрутэлла»
- ЯйцЫ Fаберже — «Hools»
- Фабрика — «Романтика»
- Фабрика — «5 минут»
Выхад і прыём
[правіць | правіць зыходнік]Пракат і зборы
[правіць | правіць зыходнік]Прэм’ера фільма адбылася 7 лютага 2015 года на 65-м Берлінскім кінафестывалі, у праграме «Generation 14plus». Прэм’ера ў Расіі адбылася 8 чэрвеня 2015 года ў межах асноўнай конкурснай праграмы фестывалю «Кінатаўр ». Акрамя таго фільм дэманстраваўся на Шанхайскім міжнародным кінафестывалі (14 чэрвеня), Міжнародным фестывалі моладзевага кіно ў Сеуле (6 жніўня), Фестывалі расійскіх фільмаў «Спадарожнік над Польшчай» (5 лістапада)[14], Каірскім міжнародным кінафестывалі (13 лістапада)[15].
Незадоўга да выхаду ў шырокі пракат карціна апынулася ў цэнтры скандалу[9][16]. Група актывістаў звярнула ўвагу на трэйлер фільма, які на той момант вісеў у інтэрнэце ўжо паўтара месяцы[9]. Зрабіўшы выснову, што фільм будзе прапагандаваць алкагалізм, наркотыкі і секс сярод падлеткаў[11], актывісты выпусцілі свой ролік, у якім асуджалі будучы фільм і заклікалі пасадзіць рэжысёра ў турму[9]. Для дэманстрацыі непрыстойнасці фільма, у роліку была выкарыстана эратычная сцэна з «Шведскай гісторыі кахання » Роя Андэрсана, у той час, як у самім «14 » эратычныя сцэны практычна адсутнічаюць[9][11]. Скандал выліўся ў шэраг пікетаў перад кінатэатрамі падчас прэм’ерных паказаў[11]. У канчатковым выніку актывісты дасягнулі адваротнага эфекту: да карціны аказалася прыцягнута ўвага, а ў яе абарону выступілі міністр культуры Уладзімір Мядзінскі і Мікіта Міхалкоў. Яны наведалі прэм’еру карціны ў кінатэатры «Кастрычнік», і Міхалкоў перад паказам зрабіў гарачую прамову, у якой усяляк заступаўся за фільм. Асабліва ён хваліў карціну за любоў, з якой аўтары глядзяць на сваіх герояў. Гэта стала тым выпадкам, калі нават паслядоўныя праціўнікі Міхалкова, якія крытыкуюць любое яго выказванне, аказаліся цалкам на яго баку[13].
У расійскі пракат фільм выйшаў 8 кастрычніка 2015 года[14][17] і дэманстраваўся ў 300 кінатэатрах[11]. У расійскім пракаце фільм паглядзелі больш за 50 тысяч чалавек, а зборы склалі 173 616 $[18]. 10 мая 2017 года фільм выйшаў у французскі пракат, дзе за шэсць тыдняў было прададзена ўсяго 785 білетаў[19].
Вялікую папулярнасць фільм набыў на YouTube. У жніўні 2016 года фільм быў выкладзены на канале «Киностудия СЕНТЯБРЬ» і за чатыры месяцы сабраў 10 мільёнаў праглядаў. У сакавіку 2017 года фільм размясціў канал «CD LAND VIDEO». Тут за чатыры месяцы карціна дасягнула 20 мільёнаў праглядаў, а ў сакавіку 2020 года колькасць праглядаў пераадолела мяжу ў 100 мільёнаў[20][21]. Па стане на 2023 год колькасць праглядаў на адным гэтым канале складала больш за 140 мільёнаў[22].
Крытыка
[правіць | правіць зыходнік]Высокую ацэнку крытыкаў атрымаў Андрэй Зайцаў — і як рэжысёр, і як сцэнарыст. «Яго талент сцэнарыста і далікатнасць, з якой ён прасякае кожную сцэну, робяць яго працу арыгінальным і прывабным фільмам», — адзначаецца ў аглядзе на сайце «aVoir-aLire.com»[23].
Высокай пахвалы крытыкаў удастоіўся кастынг фільма і ў прыватнасці ігра Глеба Калюжнага і Ульяны Васьковіч , якія выканалі галоўныя ролі. «Дзякуючы іх праўдападобнай і шчырай ігры вельмі лёгка пазнаць у героях сябе», — адзначае рэдакцыя сайта «Cinemaplex»[2]. Асобнае ўхваленне атрымала акцёрская праца актрысы Вольгі Азалапіні, якая сыграла эмацыйную маму Лёшы[2].
Крытыкі падзяліліся ў меркаванні наконт праўдзівасці сюжэту. Так, у рэцэнзіі газеты «Коммерсантъ» сцвярджаецца, што «„14 “ — гэта рэдкі фільм, у якім не адчуваецца фальшы і ўмоўнасці ў выяўленні жыцця падлеткаў»[24], у «Новой газете » ўвага акцэнтуецца на «дыялогах, „сарваных з языка“, дакладных рэакцыях-водыгрышах»[16], а ў «Российской газете » заяўляецца адваротнае: «Уся гэта канструкцыя працавала б пры адным адзіным дапушчэнні — калі б у ёй не было ні грама фальшы і адкрытага глупства. У „14 “, нажаль, хапае і таго, і іншага»[25].
Марыя Куўшынава з часопіса «Сеанс » звярнула ўвагу, што ў карціне выдатна выяўлена існаванне падлеткаў на мяжы рэальнага і віртуальнага сусветаў: «Што можа быць нудней за акно браўзера на кінаэкране, але заходы галоўнага героя ў профіль яго пакуль яшчэ далёкай каханай у „14 “ ператвараюцца ледзь не ў псіхалагічны экшан»[26].
Некаторыя рэцэнзенты падкрэслівалі неабходнасць аддзяляць мастацкія якасці фільма ад суб’ектыўнага ўспрыняцця яго тэматычнага, жанравага і маральнага аспектаў. Аляксей Літоўчанка з «Российской газеты » адзначыў: «Даваць якую-небудзь ацэнку гэтаму фільму няправільна, якім бы ён ні быў у сваёй лірычнасці, кранальнасці, чароўнай дзіцячай наіўнасці і сентыментальнасці. Калі ў ім і ёсць нейкія недахопы, то яны ляжаць у плоскасці ўспрымання, а не ў плоскасці аб’ектыўных якасцяў»[27].
Дзяніс Корсакаў з «Ведомостей » падагуліў сваю рэцэнзію наступнай высновай: «Гэта вельмі просты фільм пра каханне, ад якога немагчыма адарвацца і на які потым цяжка забыцца. Наўпрост у ім (рэдкі выпадак, асабліва ў расійскім кіно) абсалютна ўсё зроблена правільна»[13].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Фільм быў адзначаны шэрагам узнагарод на кінафестывалях і кінапрэміях[28][29]:
Фестываль / Прэмія | Дата | Прэмія / Катэгорыя | Намінант(ы) | Вынік | Сп. |
---|---|---|---|---|---|
Берлінскі кінафестываль | 05–15.02.2015 | Прэмія «Хрустальны мядзведзь» праграмы «Generation 14plus» — Найлепшы фільм | «14 », Андрэй Зайцаў | Намінацыя | [30] |
Кінатаўр | 07–14.06.2015 | Галоўны прыз | «14 », Андрэй Зайцаў | Намінацыя | [31][32] |
Спецыяльны дыплом журы «За таленавіты і шчыры позірк на пакаленне „ВКонтакте“, якое спазнае вечныя каштоўнасці кахання» | «14 », Андрэй Зайцаў | Перамога | |||
Спадарожнік над Польшчай | 05–15.11.2015 | Спецыяльны прыз «За стварэнне глыбокай і хвалюючай ролі маці» | Вольга Азалапіня | Перамога | [33] |
Цёмныя ночы | 13–29.11.2015 | Гран-пры кінафестывалю дзяцей і моладзі «Just Film» | «14 », Андрэй Зайцаў, Вольга Граніна | Перамога | [34] |
Фестываль расійскага кіно ў Анфлёры | 24–29.11.2015 | Найлепшы фільм | «14 », Андрэй Зайцаў | Перамога | [35] |
Сталкер | 10–15.12.2015 | Прыз «Сталкер» — Другі прыз | «14 », Андрэй Зайцаў | Перамога | [36] |
Жорж | 15.04.2016 | Спецыяльны прыз арганізатараў прэміі | «14 », Андрэй Зайцаў | Перамога | [37] |
Сузор’е | 12–17.08.2016 | Найлепшая галоўная жаночая роля | Вольга Азалапіня | Перамога | [38][39] |
Найлепшы мужчынскі дэбют | Глеб Калюжны | Перамога | |||
Фестываль расійскага кіно «Кінарама» ў Біярыцы | 10–13.05.2017 | Прыз глядацкіх сімпатый | «14 », Андрэй Зайцаў | 2-е месца | [40] |
Маскоўскі кінафестываль | 22–29.06.2017 | Прыз мэра сталіцы «За стварэнне вобразу Масквы ў кінамастацтве» | «14 », Андрэй Зайцаў | 2-е месца | [41][42] |
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Сборы / 14 (2015) — КиноПоиск. Праверана 4 верасня 2023.
- ↑ а б в 26-й «Кинотавр». День второй: «14 . История первой любви» и «Ангелы революции» (руск.). Сайт «Cinemaplex» (10 чэрвеня 2015). Праверана 2 кастрычніка 2023.
- ↑ 14 (2015) — IMDb (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 16 чэрвеня 2023.
- ↑ 14 , режиссер Андрей Зайцев, 2015 (руск.)(недаступная спасылка). Сайт «Ruskino.ru». Архівавана з першакрыніцы 31 жніўня 2019. Праверана 31 жніўня 2019.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н О фильме — 14 (руск.)(недаступная спасылка). Афіцыйны сайт фільма «14 ». Архівавана з першакрыніцы 20 сакавіка 2018. Праверана 31 жніўня 2019.
- ↑ Фильм «14 . Продолжение»: что не так в сиквеле культовой картины о влюбленных подростках
- ↑ Рецензии / 14 Продолжение
- ↑ 14 (2015) (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 31 мая 2023.
- ↑ а б в г д Ярослав Забалуев. «Мои актеры не знали, кто такой Федор Бондарчук» (руск.). Сайт «газета.ru» (8 кастрычніка 2015). Праверана 26 мая 2023.
- ↑ а б Максим Туула. Андрей Зайцев: «Для меня спальный район – это абсолютно понятное существо» (руск.). Сайт «Бюллетеня Кинопрокатчика» (8 чэрвеня 2015). Праверана 16 чэрвеня 2023.
- ↑ а б в г д е Игорь Карасев. На премьере скандального "14 " в Петербурге активисты назвали фильм "порнографией" (руск.). Сайт «metronews.ru» (8 кастрычніка 2015). Праверана 26 мая 2023.
- ↑ 14 — Filming & production (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 16 чэрвеня 2023.
- ↑ а б в Денис Корсаков. Фильм «14 » – один из лучших отечественных фильмов года (руск.). Сайт газеты «Ведомости » (6 кастрычніка 2015). Праверана 26 мая 2023.
- ↑ а б 14 — Release Info (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 16 чэрвеня 2023.
- ↑ Nour El Safoury. FestBeat: Good films on day one of the 37th CIFF (англ.) (13 лістапада 2015). Праверана 10 кастрычніка 2023.
- ↑ а б Лариса Малюкова. «Бить морды… лучше ногами» (руск.)(недаступная спасылка). Сайт «Новой газеты » (5 кастрычніка 2015). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2022. Праверана 10 сакавіка 2022.
- ↑ 14 (2015) — дата выхода в России и других странах (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 31 мая 2023.
- ↑ 14 (2015) — кассовые сборы (руск.). Сайт «КиноПоиск». Праверана 31 мая 2023.
- ↑ 14 ans, premier amour : Box Office (фр.). Сайт «AlloCiné». Праверана 10 чэрвеня 2023.
- ↑ Мелодрама «14 » набрала 100 млн просмотров на YouTube и получит сиквел (руск.). Сайт «film.ru» (27 сакавіка 2020). Праверана 10 чэрвеня 2023.
- ↑ Солидно: российская картина «14 » получила более 100 миллионов просмотров на YouTube (руск.). Сайт «teleprogramma.pro» (27 сакавіка 2020). Праверана 10 чэрвеня 2023.
- ↑ Елена Трусова. Андрей Зайцев: «"14 Продолжение" смело можно назвать "Я шагаю по Москве 60 лет спустя"» (руск.). Сайт «ПрофиСинема» (21 красавіка 2023). Праверана 10 чэрвеня 2023.
- ↑ Claudine Levanneur. 14 ans - premier amour - la critique du film (фр.). Сайт «aVoir-aLire.com» (9 мая 2017). Праверана 16 жніўня 2023.
- ↑ Андрей Плахов. Джинн из бутылки ликера (руск.). Сайт «Коммерсантъ» (12 кастрычніка 2015). Праверана 1 верасня 2023.
- ↑ Александр Нечаев. В прокат вышла подростковая мелодрама "14 " Андрея Зайцева (руск.). Сайт «Российской газеты» (6 кастрычніка 2015). Праверана 10 кастрычніка 2023.
- ↑ Мария Кувшинова. Два детства. Русское кино в Берлине (руск.). Сайт часопіса «Сеанс » (3 лютага 2015). Праверана 10 кастрычніка 2023.
- ↑ Алексей Литовченко. Жестокое прекрасное далёко (руск.). Сайт «Российской газеты» (7 кастрычніка 2015). Праверана 1 верасня 2023.
- ↑ 14 — Awards (англ.). Сайт «Internet Movie Database». Праверана 16 чэрвеня 2023.
- ↑ 14 ans - Premier amour (фр.). Сайт «kinoglaz.fr». Праверана 10 кастрычніка 2023.
- ↑ 14 — Generation 2015 (ням.). Сайт Берлінскага кінафестывалю. Праверана 25 мая 2023.
- ↑ Фестиваль "Кинотавр" назвал победителей (руск.). Сайт «Российской газеты» (15 чэрвеня 2015). Праверана 25 мая 2023.
- ↑ Алина Краснова. Кинотавр-2015: победители и красная дорожка закрытия фестиваля (руск.). Сайт «The Voice Mag» (15 чэрвеня 2015). Праверана 25 мая 2023.
- ↑ «Страна Оз» Василия Сигарева побеждает на 9-м Фестивале российских фильмов «Спутник»! (руск.). Сайт Фестывалю расійскіх фільмаў «Спадарожнік над Польшчай» (15 лістапада 2015). Праверана 26 мая 2023.
- ↑ Anna Franklin. FNE at Tallinn Black Nights 2015: Prize Winners (англ.). Сайт «Film New Europe» (30 лістапада 2015). Праверана 25 мая 2023.
- ↑ Sophie Quesnel. À Honfleur, le jury a dévoilé le palmarès du 23e festival du film russe (фр.). Сайт «Actu.fr» (29 лістапада 2015). Праверана 25 мая 2023.
- ↑ Итоги XХI Международного Кинофестиваля «Сталкер» (руск.). Сайт кінафестывалю «Сталкер » (16 снежня 2015). Праверана 27 мая 2023.
- ↑ Лауреаты премии «Жорж 2016» — Специальный приз организаторов премии (руск.)(недаступная спасылка). Сайт прэміі «Жорж » (15 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 25 мая 2023. Праверана 25 мая 2023.
- ↑ В городе воинской славы – Орле подвели итоги фестиваля актеров кино «Созвездие» (руск.). Сайт «Мир фестивалей». Праверана 25 мая 2023.
- ↑ В Орле подведены итоги XXIII Международного фестиваля актеров кино «Созвездие» (руск.). Сайт «Первый Областной Портал Новостей» (17 жніўня 2016). Праверана 25 мая 2023.
- ↑ Kinorama 2017 (фр.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 чэрвеня 2017. Праверана 11 чэрвеня 2017.
- ↑ Московский кинофестиваль 2017 (ММКФ 2017) (руск.). Сайт «Вокруг ТВ». Праверана 26 мая 2023.
- ↑ Завершился Московский Международный кинофестиваль (руск.). Сайт «RusTeam.media» (29 чэрвеня 2017). Праверана 29 верасня 2023.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Margarita Levantovskaya. Andrei Zaitsev: 14 (2015)(англ.) // KinoKultura . — October 2015. — № 50. — ISSN 1478-6567.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт фільма «14 » Архівавана 20 сакавіка 2018.
- Фільм «14 » на YouTube
- Прэс-канферэнцыя на Кінатаўры на YouTube
- 14 на сайце «Internet Movie Database» (англ.) (на 25.05.2023)
- 14 на сайце «КиноПоиск» (руск.) (на 25.05.2023)
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |