Перайсці да зместу

1-я бранятанкавая дывізія (ПУС)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
1-я бранятанкавая дывізія
Краіна
Уваходзіць у I корпус[d]
Тып дывізія
Удзел у

1-я бранятанкавая дывізія (польск.: 1 Dywizja Pancerna) — вайсковае злучэнне Польскіх узброеных сіл, якое ўдзельнічала ў баявых дзеяннях Другой сусветнай вайны. Створана ў лютым 1942 года ў Шатландыі пад камандаваннем брыгаднага генерала Станіслава Мачэка. У жніўні 1944 года высадзілася ў Нармандыі і, пераважна ў складзе 1-й канадскай арміі, вяла баявыя дзеянні па вызваленні Францыі, Бельгіі і Нідэрландаў ад нацысцкіх захопнікаў.

Баявы шлях 1-й польскай бранятанкавай дывізіі.

Пасля паражэння Польшчы, а затым і паражэння саюзнікаў у французскай кампаніі ў 1940 года многія польскія ваенныя адступілі разам з брытанскай арміяй у Вялікабрытанію. У лютым 1942 года ў Шатландыі сфарміравана 1-я польская бранятанкавая дывізія ў складзе I польскага корпуса пад кіраўніцтвам Уладзіслава Сікорскага, корпус у 1940—1941 гадах ахоўваў каля 200 кіламетраў брытанскага ўзбярэжжа. Камандзір дывізіі брыгадны генерал Станіслаў Мачэк быў адным з найбольш дасведчаных камандзіраў механізаваных сіл Войска Польскага, і многія афіцэры з 10-й матарызаванай кавалерыйскай брыгады, якой ён камандаваў у 1939 годзе, адправіліся з ім у Вялікабрытанію. Бранятанкавую дывізію арганізавалі на брытанскі ўзор, з брытанскімі абмундзіраваннем, зброяй і танкамі. Спачатку навучаліся на танках «Крусэйдэр», але ў канцы 1943 — пачатку 1944 года іх замянілі «Шэрманы» і «Кромвелі».

Да канца ліпеня 1944 года 1-я бранятанкавую дывізію перакінулі ў Нармандыю, апошнія яе часці прыбылі туды 1 жніўня. На тэрыторыі Францыі злучэнне было падпарадкавана 1-й канадскай арміі 21-й групы армій. 8 жніўня ў аперацыі «Тоталайз» упершыню ўступіла ў бой. Дывізія двойчы несла сур’ёзныя страты ад «прыяцельскага агню» авіяцыі саюзнікаў, але перамагла нямецкія войскі ў баях за Мон-Армель і Шамбуа. Цяпер серыя гэтых наступальных і абарончых аперацый вядома як бітва пры Фалезе, калі вялікая колькасць дывізій Вермахта і дывізій Вафен-СС апынулася ў «мяшку» каля Фалеза і пасля часткова знішчана. Дывізія Станіслава Мачэка адыграла важную ролю ў замыканні кола акружэння і трымала пазіцыі на шляху прарыву нямецкіх дывізій, баі былі зацятымі. Галоўны нямецкі ўдар на выхад з «мяшка» прыпаў на польскія войскі. Агульныя страты дывізіі з 7 жніўня, калі яна ўступіла ў бой, да канца бітвы пры Фалезе 22 жніўня склалі 446 забітых, 1501 параненых і 150 зніклых без вестак, або агулам 2097 салдат за прыкладна два тыдні баёў.

Пасля выхаду саюзных войск з Нармандскага паўвострава 1-я польская бранятанкавая дывізія пераследвала немцаў уздоўж узбярэжжа Ла-Манша. Дывізія вызваліла, між іншым, гарады Сэнт-Амер, Іпр, Астневкэркэ, Руселарэ, Цілт, Руйследэ і Гент. 29 кастрычніка 1944 года падчас аперацыі «Фазан» паспяховы абходны манеўр, спланаваны генералам Мачэкам, дазволіў вызваліць Брэду без страт сярод мірнага насельніцтва. Зіму 1944—1945 гадоў дывізія правяла на паўднёвым беразе Рэйну, трымала лінію абароны вакол Мурдэйка. У пачатку 1945 года дывізію перакінулі ў правінцыю Аверэйсел, разам з саюзнікамі яна наступала ўздоўж нідэрландска-германскай мяжы, вызваляла ўсходнія часткі правінцый Дрэнтэ і Гронінген, уключаючы гарады Эмен, Кувардэн і Стадсканал.

У красавіку 1945 года 1-я бранятанкавая дывізія ўвайшла ў Германію ў раёне Эмсланда. 6 мая дывізія захапіла ваенна-марскую базу Крыгсмарынэ ў Вільгельмсхафене, дзе генерал Мачэк прыняў капітуляцыю крэпасці, ваенна-марской базы, флоту і больш за 10 пяхотных дывізій Вермахта. Там дывізія завяршыла вайну і разам з 1-й польскай асобнай парашутна-дэсантнай брыгадай выконвала акупацыйныя абавязкі да свайго расфарміравання ў 1947 годзе.

На акупаваных заходніх тэрыторыях многія былыя польскія жаўнеры разам з вялікай колькасцю польскіх імігрантаў стварылі польскі анклаў у Гарэне ў Германіі, які некаторы час быў вядомы як Мацкаў. Большасць салдат дывізіі вырашыла не вяртацца ў акупаваную СССР Польшчу, разумеючы за лепшае застацца ў эміграцыі.

  • Roman Johann Jarymowycz. Tank tactics: from Normandy to Lorraine. — Boulder, CO: L. Rienner, 2001. — 362 с. — (The art of war). — ISBN 978-1-55587-950-1.