Перайсці да зместу

Чыму

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэрыторыя культуры чыму ў Перу

Чыму́ (кечуа: Chimu) — высокаразвітая дакалумбава культура ў Паўднёвай Амерыцы, якая існавала прыкладна з 1250 па 1470 год на поўначы сучаснага Перу ў вобласці горада Трухілья. Продкам культуры Чыму з’яўляецца культура Мачыка. У эпоху найбольшага пашырэння ўплыў Чыму распаўсюджвалася да межаў Эквадора на поўначы і да Лімы на поўдні.

Руіны горада Чан-Чан

Дзяржава Чыму насіла назву Чымор. У сталіцы Чан-Чан жыло да 60 тысяч чалавек, а сам горад з’яўляўся найбуйнейшым на паўднёваамерыканскім кантыненце. Царства Чыму здолела заваяваць суседнюю Сіканскую культуру і шэраг іншых дробных культур.

У сваю чаргу, Чыму былі заваяваныя інкамі. У 1470 годзе інкамі быў пераможаны валадар Чымора па імені Мінчанкаман, сама дзяржава была пакорана і далучана да імперыі інкаў палкаводцам Тупак Інка Юпанкі.

З-за вялікіх на той час чалавечых мас чыму былі вымушаныя вынаходзіць новыя тэхналогіі. Выкарыстоўваючы рабскую працу, яны эксплуатавалі шырокія рудныя радовішчы ў межах сваіх уладанняў, а таксама здабывалі золата ў рэках. З Балівіі дастаўлялася волава, з дапамогай якога вырабляліся бронзавыя сплавы. У вырабе керамікі і залатых вырабаў чыму дасягнулі амаль што масавай вытворчасці. Для водазабеспячэння насельніцтва будаваліся каналы, па якіх вада горных патокаў дастаўлялася ў гарады. Некаторыя з гэтых каналаў налічвалі ў даўжыню больш чым 100 км. Дзякуючы ім нават засушлівыя і аддаленыя даліны маглі быць выкарыстаны для сельскай гаспадаркі і пражытку жыхароў. Рост насельніцтва пацягнуў за сабой і развіццё пэўных парадкаў. Узнікла іерархія і асобныя сацыяльныя класы, у тым ліку рамеснікі, гандляры, кіраўнікі і воіны.

Ваза чыму з выявай палавога акту

Для вытворчасці керамічных прадметаў чыму выпрацавалі асаблівую тэхніку. У канцы абпалу керамікі печ герметычна зачынялася, каб ў яе не паступаў кісларод. У выніку адбывалася аднаўленне жалеза, якое змяшчаецца ў складзе глінянага цеста, што надавала паверхні вырабаў глыбокі чорны колер. У адрозненне ад культуры мачыка, чыму не рабілі малюнкаў і ўзораў на керамічным посудзе. Важней чым мастацкая апрацоўка была масавая прадукцыя. Для вытворчасці тканін чыму выкарыстоўвалі шэрсць альпакаў і вікуній. Іх можна было лёгка фарбаваць і апрацоўваць. З воўны ткалі вопратку для высокапастаўленых асоб, таксама вырабляліся дываны і нават шатры.

Цырыманіяльныя залатыя ўпрыгожванні

Чыму майстэрскі валодалі ювелірнай справай. Верагодна, што спачатку яны перанялі некаторыя навыкі ў мачыка, аднак самастойна развілі гэта рамяство. Яны ведалі тэхнікі адліўкі і зваркі металаў і ўмелі таксама наносіць тонкую пазалоту на іх паверхню. Чыму былі вядомыя і спосабы стварэння розных сплаваў. Аднак іх уменні з часам запалі ў забыццё, пасля таго, як большасць ювеліраў пад ціскам інкаў была пераселена ў Куска. Большасць вырабаў была пераплаўлена іспанцамі падчас іх заваявання імперыі інкаў.

Па здымках з паветра, зробленым у 1932 годзе, было выяўлена велізарнае збудаванне чыму, так званая сцяна Маяа. Яе вышыня складала 3 м пры шырыні 4,5 м. Яна распасціралася ад ціхаакіянскага ўзбярэжжа да схілаў гор у глыбіні мацерыка на адлегласці 65 км. У яе былі ўбудаваныя 50 ўмацаванняў, у якіх неслі службу ваяры, якія ахоўвалі мяжу. Верагодна, сцяна абмяжоўвала першую мяжу экспансіі чыму.

Нягледзячы на тое, што сонца мела вялікую ролю ў культуры чыму, галоўным бажаством быў месяц, таму што ён здольны засланяць сонца. Сонечныя зацьменні былі падставай для вялікіх святкаванняў. Паспяванне ўраджаяў і поры года чыму прыпісвалі месяцаваму бажаству. Ба́цькам камянёў і скалаў, у якіх па вераванні чыму былі магічныя сілы, лічылася сонца.

Да культуры Чыму належыць самае буйное з усіх знойдзеных месцаў ахвярапрынашэнняў дзяцей: сама меней 227 ахвяр ва ўзросце ад 4 да 14 гадоў. Дзеці маглі быць забітыя падчас Эль-Ніньё — гэта прыродная з’ява, ад якой залежалі рыбалка і ўраджаі мясцовых жыхароў. Археолаг Ферэн Касцілья паказаў, што дзеці былі прынесеныя ў ахвяру ў рытуале ў гонар багоў дакалумбавай культуры Чыму. Лічыцца, што іх, магчыма, забілі, каб паспрабаваць спыніць непагадзь. Усе шкілеты ляжалі тварам да мора[1][2].

Мова чыму насіла назву кінгнам (Quingnam) і была варыянтам мовы мачыка (сям’я чымуанскіх моў). У наваколлі Трухільё яна захоўвалася аж да XVIII стагоддзя, а ў дэпартаменце Ламбаеке выжыла да пачатку XX стагоддзя.

Кераміка і тканіны

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі