Цёмныя Крамы
Цёмныя Крамы — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная паміж Нізкім і Верхнім Рынкам, уздоўж Казьмадзям’янаўскай вуліцы. Ансамбль забудовы раёна быў унікальным помнікам горадабудаўніцтва эпохі Рэнесансу[1]. Пацярпела ў Другую сусветную вайну і канчаткова страціла аўтэнтычнае аблічча ў выніку паваенных рэканструкцый.
Паходжанне назвы
[правіць | правіць зыходнік]Урбанонім «Цёмныя Крамы» ўтварыўся праз асаблівасць забудовы — на вузкую, шчыльна забудаваную Казьмадзям’янаўскую вуліцы, дзе тулілася вялікая колькасць крам, блага трапляла дзённае святло[1][2]. Назва вуліцы паходзіць ад старадаўняга Казьмадзям’янаўскага праваслаўнага манастыра, які знаходзіўся на ўсходняй ускраіне старажытнага Менска і быў таксама комплексам абарончага значэння.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Казьмадзям’янаўская вуліца — адна з найстаражытнейшых у Менску. Яна пачыналася з Нізкага Рынка і заканчвалася каля касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай Панны Марыі каталіцкага кляштара ордэна бернардзінак (цяпер у касцёле месціцца кафедральны сабор Сашэсця Святога Духа Беларускага экзархата Маскоўскага патрыярхату).
На пачатку вуліцы, унізе перад пагоркам, знаходзіўся кляштар каталіцкага ордэна баніфратаў з касцёлам (імаверна, існаваў да 1-й паловы XIX ст.), у 1700 годзе пры ім дзейнічаў шпіталь. Цяпер на месцы баніфрацкага кляштарнага комплексу знаходзіцца тралебусна-аўтобусны прыпынак.[3]
Мураваны архітэктурны ансамбль Казьмадзям’янаўскай вуліцы цалкам сфарміраваўся яшчэ ў XVIII ст.[1] Забудова складалася з двух- і трохпавярховых дамоў, на першых паверхах размяшчаліся невялікія крамы. Некаторыя будынкі мелі ўласныя назвы, у архіўных дакументах згадваецца «аддадзены ў 1829 годзе Эканоміяй Архірэйскага дома ў арэнднае трыманне мяшчаніну Румеру дом, вядомы як Гіндзейская камяніца».[4] Па выходных і святах тут і на бліжэйшых вуліцах разгортваўся людны гандаль.
У канцы XIX ст. у адным з двароў на Казьмадзям’янаўскай знаходзілася невялікая абутковая фабрыка, створаная на базе майстэрні.
Ад 1926 года вуліца насіла імя беларускага першадрукара Францішка Скарыны[5], аднак у сувязі з пачаткам палітыкі русіфікацыі і масавых сталінскіх рэпрэсій у 1933 годзе яе перайменавалі ў гонар расійскага пралетарскага паэта Дзям’яна Беднага. У тыя часы, акрамя крам, на вуліцы знаходзіўся шэраг устаноў: Менская і Беларуская канторы «Саюзутыль», склад вопраткі Гарпрамгандлю, садавінагародніная база Мінпрамгандлю.
Да Другой сусветнай вайны мясцовасць яшчэ захоўвала сваё гістарычнае аблічча, але ў выніку бамбардзіроўкі была амаль цалкам зруйнавана. Апошнія тры будынкі колішніх Цёмных Крамаў знішчылі падчас будаўніцтва станцыі метро «Няміга» ў 1989 годзе.[2]
У наш час на гэтым месцы замест аднаўлення старадаўняй Казьмадзям’янаўскай вуліцы стварылі спрэчную па сваіх функцыянальна-планіровачных і архітэктурных якасцях структуру з пляцовак і прыступак, якая прэтэндуе на асацыяцыі са старой забудовай.[4] У 2018 годзе спуску ў пешаходнай зоне ад Свята-Духава кафедральнага сабора да вуліцы Максіма Багдановіча была нададзеная назва Козьма-Дзям’янаўскі спуск[6].
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- У 1928 годзе пры будаўніцтве каналізацыйнай сеткі на пляцы Волі падчас капання траншэі з боку вуліцы Францішка Скарыны (былой Казьмадзям’янаўскай) «…рабочыя на глыбіні 2 1/2 аршынаў нечакана выявілі каля 15 чалавечых шкілетаў… Як мяркуецца, шкілеты маюць даўнасць каля 150 гадоў. Гэтай знаходкай зацікавіліся Белдзяржмузей і Інбелкульт» (газета «Рабочий»).[4]
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Пачатак вуліцы з боку Высокага Рынка, каля 1900 г.
-
Пачатак вуліцы з боку Высокага Рынка, 1915—17 гг.
-
На кадрах з фільма Кастусь Каліноўскі, 1927 г.
-
да 1933 г.
-
1941 г.
-
1942 г.
-
1941—44 гг.
-
Пачатак вуліцы з боку Высокага Рынка, красавік 1943 г.
-
каля 1944 г.
-
каля 1944 г.
-
Пачатак вуліцы з боку Нізкага Рынка, каля 1944 г.
-
Пачатак вуліцы з боку Нізкага Рынка, 1944 г.
Зноскі
- ↑ а б в Казьмадзям’янаўскай вуліца // Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007 С. 19
- ↑ а б Памяць. Мінск 2001, с. 548.
- ↑ Мінскія лёхі // Пазняк З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985. С. 8
- ↑ а б в Юрий Жутяев. «Темные крамы» Козмодемьяновской улицы // Вечерний Минск № 77 (11338), 9.04.2007
- ↑ Вячеслав Бондаренко. Между двумя мировыми войнами Архівавана 21 студзеня 2012. на Мінск стары і новы
- ↑ Аб прысваенні найменняў састаўным часткам г.Мінска № 49/3/28 . Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт (29 траўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 13-11-2018. Праверана 13-11-2018.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994.— 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Цёмныя крамы // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 548. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
- Пазняк З. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Нар. асвета, 1985.— 111 с.: іл.
- Юрий Жутяев. «Темные крамы» Козмодемьяновской улицы Архівавана 5 сакавіка 2016. // Вечерний Минск № 77 (11338), 9.04.2007
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Цёмныя Крамы