Перайсці да зместу

Хроніка ўсяго свету

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тытульны аркуш першага выдання

«Хроніка ўсяго свету» (польск.: «Kronika wszytkiego świata») — помнік польскай гістарыяграфіі XVI ст., гісторыка-літаратурная кампіляцыя, складзеная Марцінам Бельскім.

Прысвечана сусветнай гісторыі ад антычных часоў да сярэдзіны XVI ст. Шмат увагі аддадзена біблейскай гісторыі, якая выкладзена паводле Старога Запавету і Евангелля, старажытнай гісторыі Грэцыі і Рыма, а таксама сярэдневяковай гісторыі Заходняй Еўропы. Больш сцісла апісана гістарычнае мінулае славян. У канцы хронікі кароткае апісанне розных падарожжаў і вялікіх геаграфічных адкрыццяў. Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага дададзена паводле «Гісторыі Польшчы» Я. Длугаша. Хроніка вызначаецца некрытычным стаўленнем аўтара да крыніц. У ёй шмат легендарных звестак, белетрызаванага апісання мінулага, літаратурнага матэрыялу.

Упершыню апублікавана ў Кракаве ў 1551 годзе, у дапоўненым варыянце перавыдадзена ў 1554 і 1564. Карысталася папулярнасцю на землях усходніх славян. Перакладзена на беларускую (1560-я гг.) і рускую мовы. Паслужыла непасрэднай крыніцай 3-й рэдакцыі «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага, беларуска-ўкраінскага хранографа XVII ст. «Вялікая хроніка».

Адыграла станоўчую ролю ў пашырэнні агульнага кругагляду беларускіх чытачоў эпохі барока, задавальняла іх павышаную цікавасць да гістарычнага мінулага інш. краін і народаў, далучала да антычнай гісторыі і міфалогіі, знаёміла з падзеямі і героямі сусветнай гісторыі: Траянская вайна, подзвігі і прыгоды Аляксандра Македонскага (гл. «Александрыя») і Скандэрбега (гл. «Аповесць пра Скандэрбега»), крыжовыя паходы, адкрыццё Калумбам Амерыкі і інш.

У трэцім выданні (1564) складалася з 10 кніг. У 9-й кнізе «Пра маскоўскі або рускі народ. Пра пасольства Васіля да папы рымскага. Пра Літву. Пра Ліфлянцкую зямлю. Пра Татараў» разглядаецца і гісторыя ВКЛ. Амаль увесь раздзел «Пра маскоўскі народ» з’яўляецца скарочаным пераказам «Запісак аб Масковіі» Сігізмунда Герберштэйна. Геаграфічная частка і звесткі пра тэрытарыяльныя памеры ўзятыя з «Трактата аб дзвюх Сарматыях» Мяхоўскага. Інфармацыя пра Літву ў гэтым раздзеле таксама ўзятая з працы Герберштэйна.

Адным з самых слабых месцаў «Хронікі» было тое, што аўтар некрытычна ставіўся да сярэднявечных паданняў і нават анекдотаў, не адрозніваў значныя выпадкі ад нязначных, непрапарцыянальна кампанаваў матэрыял.

Думкі гісторыкаў пра галоўную працу М. Бельскага дыяметральна разыходзяцца: ад найвышэйшай пахвалы (А. Павінскі) да ацэнкі яе як «сярэднявечнай кампіляцыі», у якой нават «няма духу гуманізму», і якую ратуе адзіны новы элемент, «пратэстанцкая тэндэнцыя» (Ігнацы Хшаноўскі). Адзначаецца, што «Хроніка ўсяго свету», магчыма, і не стала б прадметам гістарыяграфічнага даследавання, калі б не дзейнасць яго сына Яўхіма Бельскага[1].

Зноскі

  1. Паводле: Белазаровіч, С.39.