Перайсці да зместу

Філагенез

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Філагенез (або філагенія; ад стар.-грэч.: φῦλον і стар.-грэч.: γένεσις) — гістарычнае развіццё арганізмаў. У біялогіі філагенез разглядае развіццё біялагічнага віду ў часе. Біялагічная класіфікацыя засноўваецца на філагенезе, але метадалагічна можа адрознівацца ад філагенетычнага прадстаўлення арганізмаў.

Філагенез разглядае эвалюцыю як працэс, у якім генетычная лінія — арганізмы ад продка да нашчадкаў — разгаліноўваецца ў часе, і яе асобныя галіны могуць набываць тыя ці іншыя змены або знікаць у выніку вымірання.

Наяўныя на сённяшні дзень веды аб галінаванні філагенетычнага дрэва атрыманыя шляхам пабудовы класіфікацыі жывых арганізмаў, першапачаткова задуманай Карлам Лінеем як адлюстраванне «натуральнай сістэмы» ўсёй прыроды (у тым ліку і нежывой). Пазней было ўстаноўлена, што такой «натуральнай сістэмы» не існуе, а тое, што К. Ліней уважаў за праяву гэтай сістэмы ў жывёл і раслін, з’яўляецца філагеніяй, г. зн. вынікам біялагічнай эвалюцыі.

Для больш эфектыўнага аналізу філагеніі ў цяперашні час распрацоўваюцца прынцыпы, у якіх метад запісу класіфікацыі ўдасканалены ў параўнанні з лінееўскім, што дазваляе больш адэкватна запісаць філагенію ў форме класіфікацыі і працягнуць яе аналіз[1].

Аналіз філагеніі далёкі ад завяршэння, паколькі ўяўляе сабой выяўленне аднаразовых непаўторных эвалюцыйных падзей, якія адбыліся ў мінулым, і таму можа ажыццяўляцца толькі ўскоснымі метадамі. Для рэканструкцыі і філагеніі патрабуецца максімальна поўнае веданне аб разнастайнасці відаў; аднак у цяперашні час навуцы ўсё яшчэ вядомая толькі малая частка відаў жывых арганізмаў, якія жывуць на Зямлі, і мізэрна малая частка відаў, якія жылі на Зямлі ў мінулым.

Зноскі

  1. Клюге Н. Ю. Кладоэндезис и новый взгляд на эволюцию метаморфоза у насекомых Архівавана 13 студзеня 2016. // Энтомологическое обозрение 91(1)’2012. — С. 63—78.