Фрэманцкая культура
Фрэманцкая культура Лясны перыяд у Паўночнай Амерыцы | |
---|---|
Геаграфічны рэгіён | Паўночная Амерыка |
Лакалізацыя | ЗША |
Датаванне | 1 стагоддзе — 13 стагоддзе |
Носьбіты | індзейцы |
Тып гаспадаркі | земляробства, паляванне |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фрэ́манцкая культура (англ.: Fremont culture) — археалагічная культура на захадзе ЗША. Займала вобласць на плато Каларада ў I — XIII стст. н. э.
Носьбіты фрэманцкай культуры з’яўляліся ў першую чаргу паляўнічымі і збіральнікамі, але таксама ведалі ручное земляробства, вырошчвалі кукурузу. Археолагі мяркуюць, што культура ўзнікла ў выніку кантактаў папярэдняга паляўнічага насельніцтва з мігрантамі з поўдню, дзе развівалася больш прыкметная культура старажытных пуэбла. Са з’яўленнем мігрантаў лук і стрэлы змянілі архаічныя лёгкія дзіды, што станоўча паўплывала на паляванне. Акрамя таго, распаўсюдзіліся керамічныя вырабы, таркі са шліхтаваных камянёў для апрацоўкі кукурузы, складаныя кошыкі, плеценыя з некалькіх відаў расліннай сыравіны.
Грамадства было прадстаўлена колькасна невялікімі абшчынамі. Фрэманцы будавалі зямлянкавыя жытлы, якія накрывалі галлём і камянямі. Вядомы каменныя пабудовы на вузкіх скалістых выступах. Іх лічаць адрынамі для захавання збожжа. У адрозненне ад старажытных пуэбла, што хадзілі ў сандалях, фрэманцы апраналі макасіны. Кераміка мела шэры колер, гладкую паліраваную паверхню ці гафраваныя ўзоры.
Носьбіты культуры знакаміты як выдатныя мастакі. Яны стварылі шматлікія петрогліфы і гліняныя антрапаморфныя фігуры з вельмі выразнымі рысамі. Іх прызначэнне не вядома.
Знікненне культуры звычайна звязваюць з кліматычнымі зменамі, што перашкаджалі земляробству.