Фалес Мілецкі
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
Фалес Мілецкі | |
---|---|
стар.-грэч.: Θαλῆς ὁ Μιλήσιος | |
Дата нараджэння | каля 625 да н.э.[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | не раней за 548 да н.э. і не пазней за 545 да н.э. |
Месца смерці | |
Бацька | Эксамій[d] |
Маці | Клеабуліна[d] |
Род дзейнасці | філосаф |
Навуковая сфера | філасофія і матэматыка |
Вядомыя вучні | Анаксімандр і Піфагор[4] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фалес з Мілета (стар.-грэч.: Θαλῆς ὁ Μιλήσιος) — старажытнагрэчаскі філосаф і матэматык з Мілета (Малая Азія). Традыцыйна лічыцца заснавальнікам грэчаскай філасофіі і навукі і першым сярод «Сямі мудрацоў». Належаў да Мілецкай школы вучоных.
Жыццё
[правіць | правіць зыходнік]Фалес быў сынам Эксамія з Мілета і жыў, паводле большасці сведчанняў, між 35-й і 58-й алімпіядамі, г.зн. паміж 640 і 545 гг. да н.э. Большасць даследчыкаў прымае ў якасці дат яго жыцця 625—547 гг.[5] Герадот сцвярджае, што Фалес па паходжанню быў фінікійцам, і, магчыма, семіцкая кроў у гэтым выпадку стала крыніцай яго таленту.
Калі Фалес быў маладым чалавекам, Мілет, у той час «заможны і магутны горада» і маці шматлікіх калоній, трапіў пад кіраванне тырана Трысабула. Фалес, магчыма па гандлёвых справах, наведваў Егіпет, дзе пазнаёміўся з геаметрыяй і астранамічнымі вылічэннямі. Магчыма, што ў Егіпце ён атрымаў веды ў геалогіі. Падчас панавання Крэза мілетыйцы аднавілі незалежнасць, і Фалес прапанаваў мяшчанам не дапамагаць лідыйскаму каралю ў яго змаганні супраць Кіра — гэтая парада выратавала горад[6].
Крыніцы аб Фалесе
[правіць | правіць зыходнік]Невядома, ці пісаў штосьці Фалес.[7] Паводле няпэўнага падання, Фалес пакінуў шэраг твораў, у тым ліку філасофскую працу «Аб пачатках», на якую спасылаюцца Сенека, Плутарх і Гален. Аднак найпэўней, што гэта несапраўднае сачыненне, складзенае не раней за пачатак нашага летазлічэння. Ва ўсякім выпадку, да нас не дайшло нават фрагментаў твораў Фалеса, і хутчэй за ўсё, ён не пісаў нічога наогул, абмяжоўваючыся вусным выкладаннем.[8] Аб вучэнні Фалеса нам паведамілі Платон, Арыстоцель, а магчыма і Гіпій.[7][8]
Уплыў на творчасць Фалеса
[правіць | правіць зыходнік]Грэкі ўспрынялі некаторыя формы ўсходняга мыслення і ўдыхнулі ў іх новае жыццё.[9] Светапогляд Фалеса быў да таго шырокім, што яго маглi інiцыяваць толькі iншыя даволі шырокiя светапоглядныя ўяўленнi. Сувязь «комплексу душы» мы можам знайсці ў даволі распаўсюджаным на Блізкім Усходзе міфалагічным уяўленні аб сувязі ўраджаю, і як вынік, самога жыцця, з вільгаццю. Але ўплыў мог быць не толькі ўсходнім — Арыстоцель праводзіць аналогію між поглядам Фалеса і «паэтамі», якія лічылі Акіян і Тэфіду першапачынальнікамі ўсяго сутнага, а сведкамі клятвы багоў уяўлялі ваду — раку Стыкс, якая акружала краіну мёртвых. Уяўленне аб тым, што зямля трымаецца на вадзе, зыходзіць пэўна, з егіпецкае міфалогіі, дзе Зямля ўяўлялася ў выглядзе плоскай талеркі, якая плавае ў вадзе, тады як Сонца паказваецца, быццам яно плыве па небе ў лодцы. Пры гэтым, гэта не столькі міф, колькі штодзённае ўяўленне егіпцяніна, даступнае разуменню чужынца, які знаёміцца са звычаямі краю, і тым больш, прадстаўніку такога звязанага з морам народа як іанійцы.[10]
Вучэнне
[правіць | правіць зыходнік]Веды аб вавілонскай астраноміі Фалес атрымаў, найверагодней, з Фінікіі і Лідыі. Знаёмства з астранамічнымі вылічэннямі дазволілі яму прадбачыць сонечнае зацьменне 585 г. да н.э. Паданні прыпісваюць яму таксама ўстанаўленне часу раўнадзенстваў і сонечных стаянняў, адкрыццё гадавога руху Сонца на фоне зорак; таксама, па паданнях, ён устанавіў працягласць года ў 365 дзён і іншае.[5]
Разам з Піфагорам Фалес падзяляе славу заснавальніка навуковай матэматыкі. Кажуць, што ён першым упісаў трохвугольнік у акружнасць, устанавіў роўнасць вертыкальных вуглоў, вуглоў пры аснове раўнабедранага трохвугольніка, частак, на якія акружнасць дзеліцца дыяметрам, і іншае.
Як географ, Фалес, паводле недакладнага падання, быў аўтарам «Марской астралогіі», гэта значыць, дапаможніка па навігацыі па зорках, хаця яе аўтарства прыпісваюць таксама самосцу Фоцы. Дакладна вядома, што Фалес тлумачыў разлівы Ніла пасaтамі, якія дзьмуць супраць цячэння ракі.
Фалес быў матэрыялістам, а яго тэорыі — матэрыялістычнымі.[11] Захавалася даволі дакладнае ўяўленне аб філасофскіх поглядах Фалеса. Ёсць вялікае мноства цытат, якія традыцыйна прыпісваюцца як Фалесу, так і іншым мудрацам, напрыклад: «Не прыгажуйся знешнасцю, але будзь гожы справамі», «Якія паслугі зробіш бацькам, тыя ж чакай у старасці ад дзяцей» і г.д. Аднак ёсць шэраг цытат, якія маюць асаблівы характар. Вось яны ў рэдакцыі Плутарха:
«Што старэй за ўсё? — Бог, бо ён не народжаны. Што больш за ўсё? — Прастора, бо яна ахоплівае цэлы свет, у якім змяшчаюцца рэчы. Што цудоўней за ўсё? — Свет, бо ўсё, што цудоўна створана, з'яўляецца яго часткай. Што разумней за ўсё? — Час, ён ужо спарадзіў адно і спародзіць іншае. Што агульнае для ўсіх? — Надзея: яе маюць і тыя, у каго няма нічога іншага. Што карысней за ўсё? — Цнота, бо дзякуючы ёй усё іншае можа знайсці сабе прымяненне і стаць карысным. Што найшкоднейшае? — Загана, бо ў яе прысутнасці сапсуецца амаль усё. Што наймацнейшае? — Неабходнасць, бо яна не перадольваецца. Што найлягчэйшае? — Тое, што адпавядае натуры, бо нават асалода часта стамляе».[12]
У гэтых цытатах бачны наяўны пераход ад звычайнае жыццёвае мудрасці да трывалых і глыбокіх светапоглядных арыентыраў, якія ўлучаюць у сябе момант рацыянальнага тлумачэння.[8]
Філасофская сістэма Фалеса
[правіць | правіць зыходнік]Традыцыя такая: Фалесу належалі два комплексы ідэй: першы тычыцца пачатку свету, «комплекс вады», а другі — «комплекс душы». Сінтэз двух аспектаў, ці тэндэнцыяў, дае першую ў гісторыі навукі філасофскую адукацыю.
«Комплекс вады»
[правіць | правіць зыходнік]Фалес лічыў воду першапачатковым элементам, ці першаснай субстанцыяй. Пры гэтым, вада не толькі «пачатак», але і «стыхія» усіх рэчываў і знаходзіцца ў няспынным руху. Такая тэорыя была цалкам матэрыялістычнай і не дапускала нейкай іншай першапрычыны — духоўнай, ці разумовай.[13]
Вось што паведамляе пра гэта Арыстоцель: «Колькасць і форму для гэтага пачатку не заўважаюць усе аднолькава, але Фалес — пачынальнік такога роду філасофіі — лічыць яго вадой. У выніку чаго ён і выказаў меркаванне, што зямля знаходзіцца на вадзе… Да такога меркавання ён, можна думаць, прыйшоў, відзячы, што ежа ўсіх істот — з'яўляецца вільготнай, і што само цяпло атрымоўваецца з вільготнасці і ім жыве… а таксама таму, што насенне ўсяго (што ёсць) мае вільготную натуру, а ў вільготных рэчывах пачаткам іхняй прыроды лічыцца вада».[14]
Але ці паходзяць у Фалеса паветра, агонь і зямля таксама з вады? Спецыяльна аб такой пастаноўцы пытання Арыстоцель не гаворыць, але ў пазнейшых творах, у Іпаліта мы чытаем:
«Ён (Фалес) гаварыў, што вада ёсць пачатак і канец усяго, бо з яе шляхам згушчэння і выпарэння складаецца ўсё і ўсё ёю падтрымліваецца, у выніку чаго адбываюцца хваляванні зямлі і віхры і рухі свяціл, і ўсё захапляецца і цячэ адпаведна натуры першапрычыны ўсяго сутнага».[15]
Пэўна, што Фалес першым сфармуляваў, у якасці здагадкі, не ўзведзенай яшчэ ў агульны прынцып, вучэнне аб узнікненні ўсіх рэчываў і стыхій з першапачатка і адваротнага знішчэння, г.зн. раскладання ў яго. Але і нельга выключыць таго, што Фалес прытрымліваўся больш прымітыўнага ўяўлення: зямля ўзнікае з вады ў тым сэнсе, што яна першапачаткова была пакрыта вадой, а пасля вызваляецца з яе падчас высыхання (выпарэння) першаснае вільготы.[16]
Наконт вучэння аб вадзе як аб першапрычыне захаваўся жарт — Фалес упаў у калодзеж, свой любімы першаэлемент.[13]
«Комплекс душы»
[правіць | правіць зыходнік]У «комплексе душы» захавалiся два палажэнні. З аднаго боку, «Арыстоцель і Гіпій сцвярджаюць, што ён прысвойваў душу нат бяздухоўным целам, спасылаючыся на магніт і бурштын».[7][17] У Арыстоцеля мы чытаем: «Пэўна, таксама і Фалес, слухаючы тое, што аб ім расказваюць, лічыў душу нейкім рухаючым пачаткам, кажучы, што магніт мае душу, бо ён прыцягвае жалеза».[18][19]
Але ёсць і іншае палажэнне, якое прыпісваецца Фалесу: «Некаторыя кажуць, што душа змешана з усім, і магчыма, Фалес таму лічыў, што ўсё напоўнена багамі».[7][19]
Такім чынам, увесь свет, паводле Фалеса, у нейкай ступені мае душу і прасякнуты жыццём. Такое вучэнне атрымала ў гісторыі філасофіі назву гілазаізму (ст.-грэц. hylē — матэрыя, zoē — жыццё). Яно ідзе каранямі ў міфалогію, аднак у Фалеса атрымоўвае ўжо неміфалагічны сэнс. Натура, прырода як адзінае і жывое цэлае валодае, згодна яму, унутраным прынцыпам руху, «рухаючым пачаткам», які і азначаецца прывычнымі тэрмінамі «душа» і «богі».[16]
Зноскі
- ↑ Biographical Encyclopedia of Astronomers — Нью-Ёрк: Springer Science Business Media, 2007. — ISBN 978-0-387-31022-0 — doi:10.1007/978-0-387-30400-7 Праверана 17 кастрычніка 2021.
- ↑ Brockhaus Enzyklopädie Праверана 17 кастрычніка 2021.
- ↑ Любкер Ф. Thales // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 1361.
- ↑ MacTutor History of Mathematics archive — 1994.
- ↑ а б Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.41
- ↑ Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.278
- ↑ а б в г Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.279
- ↑ а б в Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.42
- ↑ Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.281
- ↑ Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.43-44
- ↑ Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.280
- ↑ Плутарх, Пир семи мудрецов, Т. I. М., 1907; (Septem sapientum convivium.) 9, б. 153, cd.
- ↑ а б Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.279-280
- ↑ Аристотель, Метафизка, М.- Л., 1934 (Metaphysica) Т. І, 3, 938 b
- ↑ Diels H. Doxographi Graeci. Berolini et Lipsiae, 1879, 1929/ б. 555
- ↑ а б Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.44
- ↑ Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов. М. 1979; Diogenis Laertii vitae philosophorum. Rec. H. S. Long. London, 1958 / I, б. 24
- ↑ Аристотель, О душе, М. (De anima) Т. І, 5, 405а
- ↑ а б Аристотель, О душе, М. (De anima) Т. І, 5, 411а
Бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]1.Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]ЭРШ Жана Філасофскае здумленне Гісторыя заходняй філасофіі Архівавана 28 жніўня 2008.