Усходняя марка
Усходняя марка (ням.: Ostmark; лац.: Marchia orientalis), таксама вядомая як Баварская ўсходняя марка — раннефеадальная дзяржава (марка), якая існавала ў IX—XII стагоддзях у паўднёва-ўсходняй Германіі, папярэднік герцагства Аўстрыя. Пачынаючы з канца X стагоддзя ўжыванне у дачыненні да гэтай дзяржавы назваў Усходняя марка і маркграфства Аўстрыя з'яўляецца раўназначным.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню спроба стварэння буфернага графства на граніцы са славянскімі землям была прадпрынятая ў пачатку IX стагоддзя. Пасля войнаў Карла Вялікага з аварамі межы франкскіх зямель былі прасунуты далёка на ўсход. Тэрыторыя па Дунаі да Венскага Лесу, населеная пасля Вялікага перасялення народаў пераважна славянамі, увайшла ў склад Баварскага герцагства. На гэтых землях была сфарміравана так званая Баварская ўсходняя марка, галоўнай задачай якой стала нямецкая каланізацыя, хрысціянізацыя і ахова граніц ад славянскіх набегаў. На поўдзень ад Усходняй маркі былі таксама ўтвораны маркі і княствы (Штырыя, Карынтыя, Крайна, Істрыя), якія служылі буфернай зонай паміж Германіяй і паўднёвымі славянамі. У 870-х гадах Баварская і іншыя маркі былі аб'яднаны пад уладай Арнульфа Карынтыйскага, які стаў у 896 годзе імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі.
У 892 годзе ў Сярэдняе Падунаўе перасяліліся венгры, якія сталі ўяўляць больш сур'ёзную пагрозу для імперыі, чым славяне. У 907 годзе ў бітве каля Прэсбурга (цяпер Браціслава) нямецкія войскі былі ўшчэнт разбіты венгерскай арміяй, што прывяло да заваявання венграмі тэрыторыі да Энса і падзення Баварскай маркі. Венгерскія набегі на Германію працягваліся да сярэдзіны X стагоддзя. Толькі ў 955 годзе ў бітве на рацэ Лех германскі імператар Атон I Вялікі атрымаў вырашальную перамогу і вызваліў тэрыторыю Аўстрыі.
Каля 960 года са складу Баварыі зноў была вылучана Усходняя марка. У той час яе тэрыторыя ахоплівала заходнюю частку сучаснай зямлі Ніжняя Аўстрыя і ўсходнюю частку Верхняй Аўстрыі. Мэтай стварэння гэтага княства была арганізацыя больш эфектыўнай абароны граніцы Германіі з венгерскімі землям.
У 976 годзе маркграфам Усходняй маркі стаў Леапольд I, заснавальнік дынастыі Бабенбергаў, якая кіравала ў Аўстрыі да 1246 года. Пры яго пераемніках тэрыторыя маркі пашырылася ва ўсходнім кірунку да ракі Лейта, за кошт зямель, адваяваных у венграў. У 996 годзе ўпершыню згадваецца стара-нямецкая назва маркі Ostarrîchi. Ад яе паходзіць сучасная назва Аўстрыя (ням.: Österreich).
Усходняя марка, ці маркграфства Аўстрыя, заставалася пад намінальным сюзерэнітэтам Баварыі да 1156 года, калі імператар Фрыдрых I Барбароса дараваў дзяржаве статус герцагства і незалежнасць ад Баварыі. З гэтага моманту назва Усходняя марка ўжо не ўжывалася ў дачыненні да Аўстрыі.
Тэрмін «Усходняя марка» ці «Остмарк» ужываўся ў Трэцім рэйху ў дачыненні да Аўстрыі пасля яе аншлюса ў 1938 годзе, пазней быў заменены на тэрмін альпійскія і дунайскія рэйхсгау.