Уладзімір Мікалаевіч Карват
Уладзімір Мікалаевіч Карват | |
---|---|
Род дзейнасці | ваенны |
Дата нараджэння | 28 лістапада 1958 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 мая 1996 (37 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Прыналежнасць | СССР |
Узнагароды і прэміі | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Уладзі́мір Мікала́евіч Карва́т, часам памылкова Ко́рват (28 лістапада 1958, Брэст — 23 мая 1996, раён вёскі Арабаўшчына, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі ваенны лётчык першага класа, падпалкоўнік, начальнік паветрана-агнявой падрыхтоўкі 61-й авіябазы, дыслацыраванай у горадзе Баранавічы.
Загінуў 23 мая 1996 года пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту, спрабуючы адвесці самалёт, які страціў кіраванне і падаў, ад населенага пункта. 21 лістапада 1996 года быў пасмяротна ўдастоены звання «Герой Беларусі»[1] (Карват стаў першым Героем Беларусі).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў Брэсце. Вучыўся ў сярэдняй школе № 8. У 1981 годзе скончыў Армавірскае вышэйшае ваенна-авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, пасля чаго быў накіраваны для праходжання службы на Далёкі Ўсход, дзе прайшоў шлях ад лётчыка да намесніка камандзіра палка па лётнай падрыхтоўцы. Лятаў на самалёце МіГ-23.
Пасля роспуску СССР, у жніўні 1994 года па ўласным жаданні прыбыў для праходжання службы ва Узброеныя сілы Рэспублікі Беларусь. 11 верасня 1994 года прыняў прысягу на вернасць народу Беларусі. Быў прызначаны начальнікам паветрана-агнявой і тактычнай падрыхтоўкі 61-й авіябазы.
Смерць
[правіць | правіць зыходнік]23 мая 1996 года Карват рабіў навучальна-трэніровачны палёт па практыкаванню 314 «Курса баявой падрыхтоўкі знішчальнай авіяцыі» на самалёце Су-27 з нумарам 29. У практыкаванне быў уключаны палёт у аблоках з вялікімі вугламі крэну з адпрацоўкай тактычных прыёмаў паветранага бою ў аблоках на малой вышыні ў складаных метэаўмовах уначы.
Палёт пачаўся ў 22:44:31. У 22:52, калі самалёт знаходзіўся на вышыні 900 метраў, на хуткасці 540 км/г, Карват паведаміў, што загарэлася табло падзення ціску ў першай гідрасістэме. З зямлі загадалі неадкладна вяртацца на базу. Праз 29 секунд паведамленне пра непаладкі ў першай гідрасістэме знікла, але амаль адразу пачалі з’яўляцца паведамленні пра іншыя паломкі. На вышыні 600 м і хуткасці 440 км/г перастала працаваць сістэма кіравання.
Лётчык атрымаў загад катапультавацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у старану. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў некіруемым, СУ-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны.
У фільме «Звычайны герой» (2004) пра Уладзіміра Карвата, Аляксандр Марфіцкі (з 2003 года — камандзір 61-й знішчальнай авіябазы) распавядаў пра тую катастрофу: «Ён сапраўды здзейсніў гераічны ўчынак. Адвёў самалёт. Усё ж такі 24 тоны, 4 тоны паліва, калі б ён упаў недзе на населены пункт, там не адзін дом бы згарэў. Вельмі шмат было б ахвяр, тым больш, што гэта было ўначы, усе людзі знаходзіліся ў хатах, наступствы былі б самымі сумнымі»[2].
Сведкамі катастрофы сталі многія мясцовыя жыхары, якія адразу паспяшаліся на дапамогу. Самалёт загарэўся, мясцовыя жыхары спрабавалі выцягнуць цела з кабіны. Сякерай перасек рамяні, але выцягнуць пілота не здолеў. Праз 20 хвілін прыбылі пажарныя з Гарадзішча, якія здолелі не дапусціць узгарання кабіны пілота, а пасля і затушыць полымя, але Карват загінуў пры падзенні. Цела пілота выцягнулі толькі наступным днём.
Паводле высноў камісіі, якая займалася расследаваннем прычын, катастрофа адбылася з-за пажару ў левым абцякальніку хваставой часткі. У гідрасістэме ўзнікла цеча, перагарэлі электрычныя кабелі і самалёт страціў кіраванне.
З Карватам развітваліся ў Баранавічах. Пахаваны 26 мая 1996 года ў Брэсце.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У Брэсце ў гонар Карвата названая вуліца. У 1997 годзе, у дзень нараджэння Карвата, на будынку школы № 8, дзе ён вучыўся, усталявана памятная дошка. 10 сакавіка 1997 года Савет Міністраў Беларусі пастановаю № 179 надаў гэтай школе імя У. М. Карвата. На скрыжаванні бульвару Касманаўтаў і вуліцы Гогаля 5 мая 2000 года ўсталяваны помнік герою. Зацверджана іменная стыпендыя Героя Беларусі, якая надаецца найлепшым курсантам авіяцыйнага факультэту Ваеннай Акадэміі Беларусі, заснаваны Міжнародны турнір па міні-футболе на прыз Уладзіміра Карвата[3]. Загадам міністра абароны № 263 ад 22 мая 1997 года падпалкоўнік Карват назаўсёды залічаны ў спісы 1-й авіяцыйнай эскадрыллі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах[4]. Брэсцкая абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання «Саюз афіцэраў запасу» носіць імя У. М. Карвата.
Іншыя месцы: На месцы гібелі У. М. Карвата ў Баранавіцкім раёне пастаўлены мемарыяльны знак. У маі 2009 года ў Баранавічах на базе 61-й авіябазы адкрыты музей Карвата.[5] У Баранавічах ёсць сквер імя Карвата. У Мінску імем Карвата названа вуліца і сярэдняя школа № 182.
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]- Герой Беларусі (1996, пасмяротна)
- Ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені (1990)
- Медаль «70 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1988)
Зноскі
- ↑ Указ Президента Республики Беларусь от 21 ноября 1996 г. № 484 «О присвоении В. Н. Карвату звания „Герой Беларуси“» Архівавана 25 студзеня 2019. (руск.)
- ↑ Дочь погибшего на авиашоу в Польше белорусского пилота: «ПАПА ГОВОРИЛ: „ПРИЛЕЧУ ДАЖЕ НА ОДНОМ ДВИГАТЕЛЕ“»(недаступная спасылка)//Комсомольская правда в Беларусі
- ↑ Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 10 марта 1997 г. № 179 «Об увековечении памяти Героя Беларуси, военного летчика подполковника В. Н. Карвата» (руск.)
- ↑ Улица В. Н. Карвата // http://www.brest-sv.com/brest_histor/ylici/karvata_ yl.htm
- ↑ У 61-й авіябазе ў Баранавічах адкрыўся абноўлены музей першага Героя Беларусі Ўладзіміра Карвата // Народная Воля, 26 мая 2009
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Асобы
- Нарадзіліся 28 лістапада
- Нарадзіліся ў 1958 годзе
- Нарадзіліся ў Брэсце
- Памерлі 23 мая
- Памерлі ў 1996 годзе
- Памерлі ў Баранавіцкім раёне
- Кавалеры ордэна «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені
- Узнагароджаныя медалём «70 гадоў Узброеных Сіл СССР»
- Узнагароджаныя медалём «За бездакорную службу» 3 ступені
- Героі Беларусі
- Загінулі ў авіякатастрофах
- Ваенныя лётчыкі СССР
- Лётчыкі Беларусі
- Асобы на марках