Тэціс (акіян)
Тэціс | |
---|---|
Размяшчэнне | паміж Лаўразіяй і Гандванай |
Катэгорыя на Вікісховішчы |
Тэ́ціс (ад імя грэчаскай багіні мора Тэфіды — грэч. Τηθύς, Tethys) — старажытны акіян, які існаваў у эпоху мезазою паміж старажытнымі кантынентамі Гандвана і Лаўразія. Рэліктамі гэтага акіяна з'яўляюцца сучасныя Міжземнае, Чорнае і Каспійскае моры[1].
Гісторыя пытання
[правіць | правіць зыходнік]Сістэматычныя знаходкі акамянеласцей марскіх жывёл ад Альпаў і Карпатаў у Еўропе аж да Гімалаяў у Азіі са старажытных часоў тлумачыліся біблейскай гісторыяй пра Вялікі патоп. Развіццё геалогіі дазволіла датаваць марскія рэшткі, што паставіла такое тлумачэнне пад сумнеў. У 1893 годзе аўстрыйскі геолаг Эдуард Зюс у сваёй працы «Аблічча Зямлі» выказаў здагадку пра існаванне на гэтым месцы старажытнага акіяна, які ён назваў Тэціс па імі грэчаскай багіні Тэфіды. Тым не менш, зыходзячы з тэорыі геасінкліналяў аж да сямідзесятых гадоў XX стагоддзя, калі зацвердзілася тэорыя тэктонікі пліт, лічылася, што Тэціс уяўляў сабой толькі геасінкліналь, а не акіян. Таму на працягу доўгага часу Тэціс называўся ў геаграфіі «сістэмай вадаёмаў», выкарыстоўваліся таксама тэрміны Сармацкае мора ці Пантыйскае мора.
Сучасныя ўяўленні
[правіць | правіць зыходнік]Тэціс існаваў каля мільярда гадоў (850 да 5 млн гадоў назад), падзяляючы старажытныя кантыненты Гандвану і Лаўразію, а таксама іх вытворныя. Паколькі за гэты час назіраўся дрэйф кантынентаў, то Тэціс увесь час змяняў сваю канфігурацыю. Ад шырокага экватарыяльнага акіяна Старога Света ён ператвараўся то ў заходні заліў Ціхага Акіяна, то ў атланта-індыйскую пратоку, пакуль не распаўся на шэраг мораў. У сувязі з гэтым дарэчы кажуць пра некалькі акіянаў Тэціс:
- Прататэціс (дакембрый). Паводле меркавання навукоўцаў, Прататэціс утварыўся 850 млн гадоў назад у выніку расколу Радзініі, размяшчаўся ў экватарыяльнай зоне Старога Света і меў шырыню ў 6-10 тыс. км[2].
- Палеатэціс 320—260 млн гадоў назад (палеазой): ад Альпаў да Цыньліна. Заходняя частка Палеатэціса была вядомая як Рэікум. У канцы палеазою, пасля ўтварэння Пангеі, Палеатэціс уяўляў сабой акіян-заліў Ціхага акіяна.
- Мезатэціс 200—66,5 млн гадоў назад (мезазой): ад катлавіны Карыбскага мора на захадзе да Тыбета на ўсходзе.
- Неатэціс 66-5 млн гадоў назад (кайназой).
Пасля расколу Гандваны, Афрыка (з Аравіяй) і Індастан сталі рухацца на поўнач, сціскаючы Тэціс да памераў інда-атлантычнага мора. 50 мільёнаў гадоў назад Індастан уклініўся ў Еўразію, заняўшы сучаснае становішча. Злучыўся з Еўразіяй і Афра-Аравійскі кантынент (у раёне Іспаніі і Амана). Збліжэнне мацерыкоў выклікала ўздым Альпійска-Гімалайскага горнага комплексу (Пірэнеі, Альпы, Карпаты, Каўказ, Загрос, Гіндукуш, Памір, Гімалаі), які аддзяліў ад Тэціса паўночную частку — Паратэціс (мора «ад Парыжа да Алтая»). Канчатковае «закрыццё» акіяна Тэціс злучаюць з эпохай міяцэну (5 млн гадоў назад)[3][4]. Да прыкладу таджыкскі Памір некаторы час уяўляў сабой архіпелаг у акіяне Тэціс[5]
Зноскі
- ↑ На беразе акіяна Тэціс
- ↑ Распад Мезагеі ў познім рыфеі і фарміраванне Пангеі ў канцы палеазою
- ↑ Фанеразойскі «крызіс» з пункту гледжання міяцэнавых падзей Архівавана 4 лістапада 2016.
- ↑ Прыродазнаўчая гісторыя Чорнага мора Архівавана 9 студзеня 2014.
- ↑ Ці існаваў акіян Тэціс? Архівавана 4 студзеня 2014.