Перайсці да зместу

Трыумф смерці (карціна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пітэр Брэйгель Старэйшы
Трыумф смерці. 1562
нідэрл.: De Triomf van de Dood
Матэрыял Дрэва
Тэхніка Алей
Памеры 117 × 162 см
Прада, Мадрыд, Іспанія
(інв. P001393)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Трыумф смерці» — карціна Пітэра Брэйгеля Старэйшага, напісаная каля 1562 года.

Карціна ўяўляе сабой панараму выпаленай бясплоднай зямлі, на якой армія шкілетаў сее жах, хаос і смерць, падвяргаючы мірных жыхароў разнастайным катаванням. Асуджаныя ў страху разбягаюцца, хтосьці спрабуе даць адпор, а хтосьці проста іграе на лютні, імкнучыся не заўважаць таго, што адбываецца. Шкілет у цэнтры карціны на кані люта косіць людзей велізарнай касой, і звар'яцелы люд натоўпам бяжыць у сховішча, якое насамрэчы з'яўляецца велізарнай пасткай у форме труны. Усе без разбору — ад селяніна да караля — становяцца ахвярамі пераможнай смерці[1]. Свет гіне пад пахавальны бой званоў, у якія званяць шкілеты ў верхнім левым вугле карціны.

Вялікая колькасць элементаў на карціне адлюстроўвае шматлікія аспекты паўсядзённага жыцця XVI стагоддзі — ад дэталяў адзення да папулярных забаў, такіх як ігральныя карты і нарды. Брэйгель намаляваў розныя музычныя інструменты, старадаўні механічны гадзіннік, сцэну палявання і пахавальны абрад, а таксама разнастайныя пакаранні смерцю — калесаванне, павешанне, абезгалоўванне, і нават утапленне з прывязаным да шыі жоранам.

У «Трыумфе смерці» Брэйгель злучыў дзве розныя выяўленчыя традыцыі — звыклую для яго гравюру Паўночнага Адраджэння на тэму Скокаў смерці і італьянскую канцэпцыю Трыумфу смерці, якую ён мог бачыць на фрэсках Палацца Склафані ў Палерма і могілках Кампа-Санта ў Пізе[2].

Большасць мастацтвазнаўцаў сыходзяцца ў меркаванні, што ў «Трыумфе смерці», як і ў іншых працах падобнай тэматыкі — «Вар'яцкай Грэце» і «Падзенні мяцежных анёлаў» Брэйгель выказаў грамадскія настроі трывогі і нявызначанасці, якія панавалі ў суровай атмасферы Іспанскіх Нідэрландаў напярэдадні Нідэрландскай рэвалюцыі.

Гісторыя карціны прасочваецца да 1614 года, калі яна ўпершыню дакладна згадваецца ў вопісе маёмасці Філіпса ван Валкенісэ з Антверпена. Да 1745 года, змяніўшы некалькіх уладальнікаў, карціна апынулася ва ўласнасці Ізабелы Фарнезэ. Да 1827 года яна заставалася ў палацы Ла-Гранха, пасля чаго была перададзена ў музей Прада, дзе і захоўваецца дагэтуль.

  1. Woodward, Richard B. (February 14, 2009). "Death Takes No Holiday". The Wall Street Journal. Праверана December 22, 2011.
  2. P. Thon, «Bruegel's Triumph of Death Reconsidered», Renaissance Quarterly Vol. 21, No. 3, Autumn, 1968.