Перайсці да зместу

Сірыйская Каталіцкая Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сірыйская Каталіцкая Царква
ܥܕܬܐ ܣܘܪܝܝܬܐ ܩܬܘܠܝܩܝܬܐ
Адміністрацыйны цэнтр Манастыр Шарфэ Бейрут, Ліван
Галоўны сабор Сабор Святога Паўла, Дамаск, Сірыя
Заснавальнікі Апостал Павел, Апостал Пётр, Ігнат Андрэй Акійян (1662 — заключэнне Уніі), Ігнат Міхаэль III Джарвэ (1783 — аднаўленне Уніі)
Унія з Рымам 1662
Прадстаяцель Ігнат Іосіф III Ёнан
Тытул прадстаяцеля Сірыйскі Патрыярх Антыёхіі і усяго Усходу
Кананічная тэрыторыя

Сцяг Сірыі Сірыя

Сцяг Ірака Ірак

Сцяг Лівана Ліван

Сцяг Егіпта Егіпет

Сцяг Турцыі Турцыя

Сцяг Іарданіі Іарданія

Сцяг Ізраіля Ізраіль

Сцяг Палесціны Палесціна

Сцяг Судана Судан

Сцяг Паўднёвага Судана Паўднёвы Судан

Сцяг Бахрэйна Бахрэйн

Сцяг Саудаўскай Аравіі Саудаўская Аравія

Сцяг Катара Катар

Сцяг Кувейта Кувейт

Сцяг Емена Емен

Сцяг Амана Аман

Сцяг ААЭ Аб’яднаныя Арабскія Эміраты
Юрысдыкцыі ў дыяспары

Сцяг ЗША ЗША

Сцяг Венесуэлы Венесуэла

Сцяг Канады Канада

Сцяг Бразіліі Бразілія

Сцяг Францыі Францыя

Сцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія

Сцяг Нідэрландаў Нідэрланды

Сцяг Аўстраліі Аўстралія
Вернікаў 200 000
Прыходаў 94
Епіскапаў 15
Епархіяльных прэсвітараў 88
Іераманахаў 31
Сталых дыяканаў 23
Свецкіх манахаў 47
Манашак 31
Семінарыстаў 20
Абрад Заходне-сірыйскі абрад (антыяхійскі)
Літургічныя мовы Сірыйская, арабская. Англійская, іспанская і інш. (дыяспара)
Каляндар Грыгарыянскі каляндар
Афіцыйны сайт syr-cath.org

Сіры́йская Каталі́цкая Царква́ (сір. ܥܕܬܐ ܣܘܪܝܝܬܐ ܩܬܘܠܝܩܝܬܐ) — адна з Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, якая прытрымліваецца заходне-сірыйскага абраду, узыходзячага да старажытнай Антыяхійскай Літургіі. Мае статус патрыярхату. Як і іншыя Цэрквы sui iuris (свайго права), мае ўласную традыцыю, абрад, партыкулярнае права і прадстаяцеля. Яна з’яўляецца адной з нешматлікіх Каталіцкіх Цэркваў, іерархі якой у свой час падпісалі Унію цалкам (а не толькі асобныя епіскапы, як гэта бывае часцей). Таму не толькі з пункту гледжання Каталіцкай Царквы, але і з пазіцыі незалежных царкоўных гісторыкаў Сірыйская Каталіцкая Царква лічыцца пераемніцай антыяхійскай іерархіі апостальскіх часоў.

Пасля таго, як асманскія ўлады пачалі разню хрысціян на тэррыторыі Асманскай імперыі, шмат бежанцаў перасяліліся на тэрыторыю Лівана, менавіта таму сёння там знаходзіцца асноўная частка Царквы. Гэтыя гістарычныя абставіны таксама паўплывалі на тое, што ў наш час Сірыйская Каталіцкая Царква мае адносна невялікую колькасць вернікаў, нягледзячы на тое, што з’яўляецца адной з шасці Усходніх Каталіцкіх Цэркваў, якія маюць статус патрыярхату.

Сірыйская Каталіцкая Царква (сір: ܥܕܬܐ ܣܘܪܝܝܬܐ ܩܬܘܠܝܩܝܬܐ, лацінскімі: ʿĪṯo Suryayṯo Qaṯolīqayṯo) — «каталіцкая» значыць, што яна знаходзіцца ў поўным адзінстве са Святым Пасадам і з’яўляецца часткай сусветнай Каталіцкай Царквы. «Сірыйская» мае 3 гістарычных значэння: тое, што яна з’явілася на тэрыторыі Сірыі, тое, што вернікі гэтай Царквы з’яўляюцца продкамі старажытнага арамейскага/сірыйскага народа, а таксама тое, што яна карыстаецца антыяхійскім (заходне-сірыйскім) абрадам.

Да Халкідонскага Сабору (451 год)

[правіць | правіць зыходнік]
Ігнацій Баганосец.

З пункту гледжання каталіцкай эклезіялогіі, усе Уніяцкія Цэрквы калісці з’яўляліся каталіцкімі, але потым зышлі ў схізму, таму і ў выпадку Сірыйскай Каталіцкай Царквы, сіра-каталіцкая традыцыя ўзыходзіць да часоў апосталаў. Да расколу пасля Халкідонскага Сабора лічыцца, з пункту гледжання Каталіцкай Царквы, што Сірыйская Каталіцкая Царква зыйшла ў схізму, і знаходзілася там да часоў падпісання Уніі. Традыцыйна заснавальнікам Сірыйскай Каталіцкай Царквы лічыцца Апостал Пётр. Пры епіскапе Антыёхіі Ігнаціі Баганосцы антыахійская кафедра стала вельмі ўплывовай пасля разбурэння Іерусалімскага храма ў 70 годзе.

Пры архіепіскапе Вавіле Антыяхійскім у 250-х гадах у Антыёхіі распаўсюджвалася ерась навацыянства, а сам Вавіла лічацца гісторыкамі архіепіскапам, падтрымліваючым навацыян. Таксама і архіепіскап Павел Самасадскі быў абвінавачаны ў ерасі, але ўжо ў ерасі манархіянства.

У «Царкоўнай Гісторыі» Еўсевій Кесарыйскі, паведамляючы пра асуджэнне Паўла Самасацкага на адным з Антыяхійскіх сабораў, прыводзіць пасланне яго ўдзельнікаў, у заключэнні якога гаворыцца аб абранні новым епіскапам Домна, сына Блажэннага Дзімітрыяна, які слаўна да Паўла кіраваў той жа епархіяй.

Павел Самасадскі не прызнаў рашэнні Сабора, і епархія Домна стала для Антыёхіі першым прэцэдэнтам падзелу кафедры і абшчыны паміж двума кіраўнікамі. Абапіраючыся на падтрымку пальмірскай царыцы Зенобіі, якая захапіла кантроль над Сірыяй, Павел працягваў займаць епіскапскую рэзідэнцыю да сярэдзіны 270/272 года, пакуль рымскі імператар Аўрэліян не атрымаў перамогу над Зеновбяй. Паводле паведамлення Еўсевія, хрысціяне самі звярнуліся да імператара, каб ён вырашыў царкоўны канфлікт. Тады імператар звярнуўся да Папы Рымскага. У выніку Павел быў выгнаны.

На прыканцы ІІІ ст. у Антыёхіі пачынае развівацца так званная Антыяхійская багаслоўская школа, якая была супрацвагай Александрыйскай багаслоўскай школы. Антыяхійская школа канцэнтравалася на Арыстоцеле, а таксама літаральным падыходзе да вывучэнню Святога Пісання, а Александрыйская школа на Платоне, а таксама містычным і алеарычным падыходзе. Свайго росквіту школа дасягнула ў IV ст.

На пачатку IV ст. антыяхійскую кафедру займаў Еўстафій Антыяхійскі. Калі на ўсходзе стала распаўсюджвацца ерась арыянства, Еўстафій актыўна змагаўся з ёй. У 325 годзе імператарам Канстанцінам Вялікім быў скліканы ў 325 годзе Нікейскі Сабор (І Сусветны Сабор у каталіцкай традыцыі). Першым старшынёй на гэтым Саборы быў Свяціцель Еўстафій. Сабор асудзіў вучэнне Арыя і склаў Сімвал Веры. «Шалёнага Арыя», як назваў яго Еўстафій, не пажадаў адмовіцца ад свайго меркавання, тады Арыя і яго аднадумцаў Сабор пазбавіў сану і адлучыў ад Царквы.

Далей антыяхійскую кафедру займалі некалькі арыян, тады склалася практычна ўнікальная сітуацыя, калі практычна ўвесь антыяхійскі клір прытрымліваўся арыянства, а вернікі наадварот, нікейскага веравучэння, таму іерархі намагаліся не выказвацца наконт гэтай тэмы, каб не справакаваць вернікаў з аднаго бока і імператара-арыяніна Канстанцыя ІІ з другога боку. Архіепіскап Лявонцій як і клір, намагаўся адкрыта не выказваць свае перакананні, але сваю прыхільнасць арыянству ўсё ж паказваў дзеяннямі. Не аказваючы заступніцтва паслядоўнікам Нікейскага Сімвала Веры, не высвячаючы святароў-нікейцаў, ён насупраць усяляк садзейнічаў арыянам, узводзячы іх у розныя ступені святарства, у прыватнасці ў 350 годзе Лявонцій высвяціў у дыяканы з правам прапаведаваць свайго вучня Аэцыя Антыяхійскага. Менавіта ў гады Архіепіскапа Лявонція антыяхійскія аскеты Флавіян і Дыядор ўвялі антыфонны спевы ў Антыёхіі, якое знайшло падтрымку ў яго асобе; па яго волі антыфонны спевы сталі ўжываць у антыяхійскіх цэрквах, а неўзабаве гэты звычай распаўсюдзіўся па ўсёй імперыі. Па просьбе Лявонція, які клапаціўся не столькі пра хрысталагічныя праблемы, колькі пра праблемы захавання міру ў Антыёхіі. Грамада нікейцаў зноў стала збірацца ў цэрквах, а не па замежамі горада на могілках, як рабіла гэта яшчэ нядаўна.

У 360 годзе на антыяхійскую кафедру быў узведзенны стаўленнік Акакія Кесарыйскага (лідара той частцы епіскапату, які падтрымліваў амейскую формулу (умеранае арыянства, згодна з якой Сын падобны Бацьку, хоць і не па сутнасці) Мялецій Антыяхійскі. Згодна з Сакратам Схаластыкам ён прыняў удзел у Сінодзе ў Селеўкіі ў 359 годзе, а затым падпісаўся пад формулай Акакія. У канцы 360 года быў узведзены на Антыяхійскую кафедру, змяніўшы Еўдаксія, які заняў Канстанцінопальскую кафедрыу. Праявіў сябе як супраціўнік арыян, і таму ў 361 годзе на Антыяхійскім сінодзе, па загадзе імператара Канстанцыя II, быў скінуты. Гэта прывяло да расколу хрысціянаў у Антыёхіі. Пры імператары Юліяне ён быў вернуты на сваю кафедру, але потым зноў сасланы. Вернуты на кафедру зноў імператарам Ёвіянам і зноў сасланы Валентам. Пры імператару Феадосіі, які асабліва шанаваў яго, быў абраны ў 381 годзе старшынёй на І Канстанцінопальскі Сабор (у каталіцкай традыцыі ІІ Сусветны Сабор). У перыяд працы Сабора раптоўна памёр. Панегірыкі ў яго гонар былі складзеныя Рыгорам Ніскім і Янам Златавусным.

Увогуле гэты перыяд у гісторыі Сірыйскай Каталіцкай Царквы дастаткова заблытаны, бо звяржэнне Мялеція прывяло да так званай Антыяхійскай Мелетыянскай Схізме (361-415 гг.), у выніку чаго ўтварылися некалькі ўнутрыцаркоўных суполак, і на Антыяхійскую кафедру прэтэндавали некалькі лагероў, якіх можна падзяліць на 4 групы:

I) група аміеў: Яўзой (361-378), пры падтрымцы імператара Валента ІІ; Дарафей I (378-381).

II) Яўстахіянская суполка: паслядоўнікі Яўстафія, строга прытрымліваліся Нікейскага Сімвала Веры, былі абраныя наступныя архіепіскапамі, прызнаныя Папай Рымскім: Паўлін II (362-388); Яўген (388-393). Пасля смерці Евагрыя, еўстахіяне не абралі іншага епіскапа. У 399 годзе яны страцілі прызнанне ў Папаў Рымскіх, але засталіся ў расколе да 415 года.

III) Апалінарысцкая суполка: Віталь II (376-380), былы паслядоўнік Мялеція, пасвечаны Апалінарыем Лаадыкійскім.

IV) Мелетианская суполка: найбуйнейшы лагер вакол скінутага архіепіскапа Мялеція. Мялецій схіляўся да прыняцця Нікейскага Сімвала Веры і прыняў удзел у Канстанцінопальскім Саборы, але не быў прызнаны Папамі Рымскімі: Мялецій (362-365-367) другасна, выгнаны; Мялецій (371/372-378-381) у трэці раз; Флавіян I (381-404), прызнаны Папай Рымскім у 399 годзе; Парфір (404-412); Аляксандр (412-417), ён завяршыў схізму з Яўстахіянамі ў 415 годзе.

Наступную багаслоўскую спрэчку (Нестарыянская Спрэчка) як пад час Эфескага Сабору (у каталіцкай традыцыі ІІІ Сусветны Сабор), так і пасля яго Сірыйская Каталіцкая Царква прайшла практычна без ніякіх праблем. Аднак у гэтым ж V ст. пачала распаўсюджвацца ерась монафізіцтва, вакол чаго пачалося шмат спрэчак, а ерась пачала падзяляцца на розныя адгалінаванні. У 451 годе адбыўся Халкідонскі Сабор (у каталіцкай традыцыі IV Сусветны Сабор), на якім было асуджана монафізіцтва.

Сабор у Халкідоне адбыўся без удзелу прадстаўнікоў закаўказскіх Цэркваў; даведаўшыся аб рашэннях сабора, Каўказска-Албанская, Грузінская і Армянская Цэрквы адмовіліся іх прызнаць, убачыўшы ў вучэнні аб двух Прыродах Хрыста схаванае адраджэнне нэстарыянства. Сінод 491 года ў армянскай сталіцы Вагаршапаце, на якім былі прадстаўнікі Армянскай, Каўказска-Албанскай і Грузінскай Цэркваў, адхіліў халкідонскія пастановы. Армянская Царква, знаходзячыся ў спусташэнні па прычыне вайны з Персіяй, не мела магчымасці сачыць за хрысталагічных спрэчкамі ў Візантыі і выказаць сваю пазіцыю. І калі ў перыяд марзпанства Вагана Маміканяна (485-505 гг.) Арменія выйшла з вайны, то аказалася, што адзінства ў хрысталагічных пытаннях няма нідзе.

IV Сусветны Сабор (роспіс Успенскага сабору Кіева-Пячэрскай лаўры).

Халкідонскі Сабор, на які так спадзяваўся імператар Маркіян, не прынёс міру. У гэты час Царква была падзеляна як мінімум на чатыры галіны з чатырма рознымі веравызначэннямі: у Рыме панавала халкіданіцтва, у Візантыі — міяфізіцтва ў духу энацікона імператара Зянона, у Персіі — нестарыянства, у захопленым вандаламі Карфагене, а таксама ў Іспаніі і часткі Галіі — арыянства. Халкіданіты абвінавачвалі незгодных у монафізіцтве, а антыхалкіданіты абвінавачвалі халкіданітаў у нестарыянстве, з чым ані першыя, ані другія не былі згодныя.

Сірыйская Каталіцкая Царква ліча, што з моманту Халкідонскага Сабору яны зышлі ў доўгі раскол з Каталіцкай Царквой. Былі спробы вырашыць спрэчку праз той ж самы энацікон, нават у 506 годзе адбыўся сінод у Двіне, на якім антыхалкіданіты прынялі энацікон і перасталі лічыць Халкідонскі Сабор нестарыянскім, але пазней імператар Зянон асудзіў энацікон і з гэтага моманту раскол адбыўся канчаткова. Большая частка сірыйскіх вернікаў і іерархаў абвясцілі халкіданітаў раскольнікамі, а грэкі тым часам паставілі на гэтыя кафедры (у тым ліку антыяхійскую) сваіх іерархаў, пасля чаго абрад на тэрыторыях гэтых кафедр (напрыклад Александрыйскай і Антыяхійскай) змяніўся на візантыйскі. На гэтыя падзеі ёсць некалькі пунктаў гледжання:

І) З пункту гледжання каталікоў (у тым ліку Сірыйскай Каталіцкай Царквы) частка ўсходніх каталікоў, напрыклад сіра-каталікоў, зышлі ў раскол з Каталіцкай Царквой, а грэка-каталікі вырашылі паставіць туды сваіх іерархаў, каб дапамагчы вернікам, якія засталіся прыхільнікамі артадоксіі. Але з пункту гледжання Каталіцкай Царквы грэчаскія іерархі не працягнулі апостальскую іерархію гэтых Цэркваў, а стварылі новую, у той жа час астатнія ўсходнія каталікі, якія зышлі ў раскол, страцілі лігітымнасць той іерархіі да таго моманту, калі яны не павярнуцца ў Сусветную Царкву праз падпісанне Уніі.

ІІ) З пункту гледжання візантыйскіх праваслаўных монафізіты зышлі ў раскол з артадаксальнымі хрысціянамі, пасля чаго грэчаская іерархія абвясціла схізматычную іерархію ератыкамі і адлучаннымі ад Царквы, пасля чаго яны былі вымушаны паставіць туды сваіх іерархаў і працягнуць тую ж самую іерархію, але ўжо па прынцыпу адзінага абраду (візантыйскага).

ІІІ) З пункту гледжання старажытнаўсходніх праваслаўных халкіданіты па палітычных прычынах не захацелі аднаўляць Адзінства Царквы, таму незгодным з іх палітыкай Цэрквам прыйшлося клапаціцца пра сабе самім, а халкіданіты тым часам паставілі сваю паралельную іерархію і абвясцілі іх працягам апостальскай іерархіі, у той жа самы час, як гэтая іерархія нікуды не знікла, а прыхільнікі Халкідонскага Сабору вырашылі, што гэтая іерархія зніка.

Спробы заключыць Унію ўжо былі, напрыклад пад час крыжовых паходаў, калі адносіны паміж міяфізітамі і каталікамі палепшыліся, аднак на вялікія крокі тады ніхто не пайшоў. Наступны раз была спроба пад час Ферара-Фларэнтыйскага Сабора (у каталіцкай традыцыі XVII Сусветны Сабор), аднак зноў гэтыя спробы не атрымаліся, а толькі засталіся на паперах.

Мар Ігнат Андрэй Акійян.

Змены адбыліся пасля таго, як Мар Ігнат Андрэй Акійян, які нарадзіўся ў 1622 годзе ў Мардзіне, неўзабаве пазнаёміўся з місіянерамі-кармелітамі. У тыя часы, дзякуючы місіі езуітаў і кармелітаў, шмат міяфізітаў перайшло ў каталіцтва, тады з’явілася 2 партыі: прыхільнікаў і супраціўнікаў Уніі. Затым ён навучаўся ў мараніцкай калегіі ў Рыме і праз тры гады вярнуўся на Усход, дзе быў пасвечаны ў святары ў 1652 годзе маронитским Патрыярхам. У тыя гады ў Халебе некалькі сірыйскіх хрысціян уступілі ў поўныя зносіны са Святым Пасадам. У якасці свайго прадстаяцеля яны выбралі Андрэя Акийяна, якога ў 1656 годзе высвяціў у сан епіскапа мараніцкі Патрыярх Сафра Ян Баваб. І ўжо ў гэтым годзе ён прыступіў да кіравання Сірыйскай Каталіцкай Царквой. Узнікненне структуры сыра-каталікоў выклікала абурэнне і супраціў з боку сіра-якавітаў, з-за чаго Акийян быў вымушаны бегчы ў Ліван. У 1659 годзе ён пераехаў у Халеб, дзе Святы Пасад пацвердзіў, што ён з’яўляецца епіскапам Халеба для сіра-каталікоў.

У 1662 годзе пасля смерці патрыярха сіра-якавітаў, каталіцкія місіянеры пераканалі якавітаў прызнаць Андрэя і абраць яго сваім патрыярхам, што прывяло да яго ўзыходжання на пасад і аднаўлення поўнай сувязі Сірыйскай Царквы са Святым Пасадам. Абранне патрыярха было прызнана як Святым Пасадам, так і султанам Асманскай імперыі.

У 1664 годзе патрыярх Мар Андрэй быў прызнаны этнархам усіх сірыйцаў на тэрыторыі Асманскай імперыі. Ён кіраваў сваім народам і Сірыйскай Царквой да самай сваёй смерці ў 1677 годзе. Пахаваны ў Халебе.

Наступным патрыярхам быў Мар Ігнат Рыгор Пётр VI Шахбадзін, які быў пляменнікам міяфізіцкага патрыярха Ігната Абдул Масиха I. Стаў сірыйскім архіепіскапам Іерусаліма ў 1662 годзе. Яго дзядзька Абдул Масіх схлусіў, што вызнае веравучэнне Каталіцкай Царквы. Ён прызнаваў Святы Пасад толькі для таго, каб быць абраным патрыярхам. Пасля гэтага, ён тут жа адмовіўся ад Каталіцкай Царквы, у выніку чаго сіра-каталікі абралі на пасад яго пляменніка Шахбадзіна, перакананага каталіка.

Наступныя гады былі глыбока адзначаны сутыкненнямі паміж супрацьлеглымі групоўкамі: каталікамі і міяфізітамі, якія спрабавалі прыцягнуць на свой бок асманскія ўлады, тады Шахбадзіна некалькі разоў праганялі і зноў вярталі на пасад. Год за годам улады Асманскай імперыі выступалі ў падтрымку міяфізітаў і з часам заплюшчылі вочы на адкрыты пераслед сіра-каталікоў. У тыя часы з’явіліся 2 паралельныя іерархіі: каталіцкая і міяфізіцкая.

У 1696 годзе Шахбадзін разам з архіепіскапам Іерусалімскім Рыгорам Ішой адправіўся ў Рым для збору сродкаў. У Рыме яны сустрэліся з Папам Інакенціем XII і заставаліся там да 1700 года, калі пры падтрымцы Леапольда I, імператара Святой Рымскай Імперыі і караля Францыі Людовіка XIV, яны змаглі дабрацца да Канстанцінопаля, каб апавясціць султана аб тым, што здарылася. Такім чынам, патрыярх без перашкод змог вярнуцца назад у Халебу.

У 1701 годзе, па прычыне чарговых абвінавачванняў з боку міяфізітаў, патрыярх Шахбаддин і архіепіскап Дыянісій Амін Кан Рискалла, а таксама мноства іх паплечнікаў былі жорстка збітыя і арыштаваныя. Палонных павялі пешым маршам з Халепа ў Адана. Адлегласць у 268 км апынулася непасільнай для многіх. Пажылыя прадстаўнікі духавенства паміралі па дарозе, епіскап Амін памёр падчас заканчэння маршу ў Адана. Патрыярх Шахбадзін утрымліваўся пад арыштам у Адана, пераносячы катаванні, пакуль не памёр у 1702 годзе. Не гледзячы на шматлікія скаргі і прашэнні з боку Францыі, Святой Рымскай Імперыі і Святога Пасаду, улады Асманскай Імперыі не вызвалілі яго.

Пасля смерці Шахбадзіна ў 1702 годзе духавенства заставалася ў турме ў Аданам да пачатку 1704 года. Падчас свайго палону, у 1703 годзе, яны абралі новым патрыярхам архіепіскапа Ніневіі Ісака Васіля Жубейра, які ў той час знаходзіўся ў Канстанцінопалі, хаваючыся ў сценах французскага консульства. У 1704 годзе яго выклікалі ў Рым, дзе пацвердзілі, што ён патрыярх. Аднак сам епіскап Ісак адмовіўся прымаць палій і адмовіўся ад патрыяршаства, лічачы, што для сыра-каталікоў зараз не лепшы час.

Так скончылася першая спроба вярнуць сірыйскую царкоўную суполку ў Каталіцкую Царкву.

Аднаўленне Уніі ў 1783 годзе

[правіць | правіць зыходнік]
Мар Ігнат Міхаіл III Джарвэ.

У першай палове XVIII ст. міяфізіцкі святар Міхаіл Джарвэ звязаўся з мельхіцкім архіепіскапам Ігнатам Карбусам з Халеба. Ён таксама быў у добрых адносінах з місіянерамі-езуітамі, якія з павагай ставіліся да ўсходніх традыцый, у той час як у яго заўсёды былі цяжкасці з місіянерамі-францысканцамі, больш схільнымі да лацінізацыі. У 1757 годзе Міхаіл здзейсніў паломніцтва ў Іерусалім і з таго часу ён стаў каталіком у глыбіні душы.

Некалькі гадоў праз, Джарве вырашыў наведаць сірыйскага патрыярха Ігната Георгія III у Амід і растлумачыць яму сваю веру ў адзінства Царквы. Яму не ўдалося пераканаць патрыярха ўступіць у зносіны з Каталіцкай Царквой, але Міхаіл зрабіў на патрыярха такое моцнае ўражанне, што быў прызначаны епіскапам Халеба, асвячаным патрыярхам у царкве Божай Маці ў Амідзе ў 1766 годзе.

Неўзабаве пасля вяртання Міхаіла Джарве ў Халебу, патрыярх памёр, а новы патрыярх Ігнат Георг IV быў катэгарычна супраць нават дыялогу з Рымам. У 1769 годзе патрыярх выклікаў яго ў сваю рэзідэнцыю, манастыр Дайр-эс-Зафаран, дзе атрымаў ганьбаванне за пропаведзь Уніі. Аднак замест пакаяння, Міхаіл працягваў пераконваць патрыярха, але беспаспяхова. Сварка з патрыярхам прывяла да зняволення ў манастыры на чатыры гады. Калі Міхаіла сілком трымалі ў манастыры, патрыярх асудзіў і заключыў у турму іншых прыхільнікаў адзінства ў Халебе.

У пачатку 1773 года вязняў адпусцілі па ўказе асманскіх уладаў, пасля таго, як езуіты заплацілі буйны выкуп за іх. Не доўга думаючы, паспеўшыя пабратацца ў зняволенні, будучыня сіра-каталікі напісалі ў Рым ліст з просьбай аб далучэнні. Адзіны вязень манастыра, заставаўся Міхаіл, яго так і не адпусцілі па прашэнні патрыярха. У 1774 годзе ён бяжыць з манастыра ў Халебу, дзе нарэшце сустракаецца са сваімі братамі па веры. Перад мельхіцкім архіепіскапам Карбусам ён вызнаў сваю веру і напісаў прашэнне ў Рым. Францысканскія місіянеры, якія адносіліся негатыўна да яго ранніх выказванняў аб лацінізацыі, накіравалі ў Рым адмоўную характарыстыку, у той час, як езуіты накіравалі станоўчую, што выклікала ў Ватыкане спрэчкі, але ў 1775 годзе Папа Пій VI прызнаў Міхаіла сапраўдным каталіком і епіскапам Халебы.

У Халебе Міхаіл працягваў падвяргацца нападкам з боку міяфізітаў, якія ў адпаведнасці з асманскім законам мелі грамадзянскую ўладу над ім. У 1781 годзе памёр патрыярх Георгій IV, а пяць епіскапаў-міяфізітаў прынялі каталіцкае веравучэнне і абралі Міхаіла сваім патрыярхам у 1783 годзе. Міхаіл узяў традыцыйнае імя Ігнат (у гонар Ігнація Баганосца), а затым чакаў пацвярджэння ад Святога Пасада. У тым жа годзе ён атрымаў палій як прызнанне яго патрыяршай улады. Праз больш за 80 гадоў была адноўлена каталіцкая патрыяршая дынастыя, а Сірыйская Каталіцкая Царква зноў здабыла адзінства са Святым Пасадам.

Два епіскапаў выступілі супраць яго абрання: праз два дні пасля ўзвядзення на пасад Міхаіла, яны ўзялі грошы з манастыра і заплацілі групе курдаў, якія напалі на Міхаіла. Патрыярху ўдалося збегчы, аднак епіскапы ўжо паспелі даць хабар прадстаўнікам уладаў, каб тыя абвясцілі патрыярха Ігната Міхаіла па-за законам. Пасля чаго той збег у Багдад, а затым пад выглядам бедуіна, у Ліван. Яго атулілі ў сябе патрыярхі Мараніцкай і Мельхіцкай Цэркваў.

Дапамагаў прыцягваць сродкі з Еўропы ў Ліван для падтрымкі каталікоў. У 1786 годзе пасяліўся ў мараніцкім манастыры на гары Ліван. Гэты манастыр пазней мараніцкі патрыярх аддаў Міхаілу і яго паплечнікам для стварэння новай семінарыі, бібліятэкі і адраджэння Сірыйскай Царквы. Патрыяршы пасад быў перанесены ў Ліван ў Аль-Шарфет, дзе да гэтага часу знаходзіцца летняя рэзідэнцыя патрыярха. Ліван забяспечыў пэўную бяспеку, але большасць вернікаў жылі далёка, у асноўным у раёнах Халеба і Масула, што прыводзіла да адтоку сіра-каталікоў і іх пераходу да міяфізітаў.

Праз пяць дзён пасля смерці Ігната Міхаіла III ў 1800 годзе, Сінод Сірыйскай Царквы выбраў патрыярхам епіскапа Кірыла Мапа Беннама, які тут жа абвясціў свой пераход у мяфізіцтва і адвёў за сабой мноства сіра-каталіцкіх вернікаў. Малалікая грамада каталікоў Халеба засталася без кіраўніка. У 1801 годзе новым патрыярхам быў абраны Міхаіл VI Даэр, які таксама традыцыйна ўзяў імя Ігнат. Праз год атрымаў ад Папы Пія VII палій у знак прызнання яго патрыяршай улады. Аднак сам Ігнат Міхаіл не хацеў гэтай улады, ён не хацеў жыць у Ліване, быў моцна прывязаны да роднай суполцы Халеба, прасіў Святы Пасад дазволу на перанос патрыяршага пасаду туды, але атрымаў адмову. Пасля некалькіх гадоў цяжкага служэння, паставіў ультыматум Святому Пасаду, падаў ў адстаўку з патрыяршага пасаду і з'ехаў у Халеба, лічачы сябе халебскім епіскапам. Паколькі ён вёў актыўную місіянерскую працу ў сябе на радзіме, што прыносіла плён, Святы Пасад прызнаў яго адстаўку і зацвердзіў як епіскапа Халеба ў 1812 годзе.

Мар Ігнат Пётр VII Джарвэ.

Наступны патрыярх Мар Ігнат Пётр VII Джарвэ зрабіў дастаткова шмат для Царквы: павялічаў колькасць вернікаў і прыходаў, дамовіўся з міяфізітамі аб падзелу храмаў, у 1818 годзе Сірыйская Каталіцкая Царква атрымала сваю Біблію і Катэхізіс Каталіцкай Царквы на арабскай мове. У 1829 годзе Асманская Імперыя афіцыйна прызнала Сірыйскую Каталіцкую Царквву, а ў 1831 годзе была пабудавана патрыяршая рэзідэнцыя ў Халебе. Тады палепшыліся адносіны ўсходніх каталікоў з асманскімі ўладамі, скіруючыся гэтым, ён перанёс кафедру з Лівана ў Халебу і ажыцявіў пераход Сірыйскай Царквы на грыгарыянскі календар. У 1841 годзе ён правёў манаскую рэформу і зрабіў у шматлікіх агульнакаталіцкіх ордэнах сірыйскія адгалінаванні. Але ў 1850 годзе на Халебу напалі мусульмане, забілі шмат вернікаў, большую частку цэркваў спалілі, а патрыярх атрымаў раненне ў шыю, а на наступны год памёр ад ран.

У 1869-1870-х гадах праходзіў Першы Ватыканскі Сабор (у каталіцкай традыцыі ХХ Сусветны Сабор), на якім Папа Пій ІХ спрабаваў скасаваць некаторыя правы ўсходніх патрыярхаў, у тым ліку назначаць епіскапаў, з чым не згадзіліся ўсе патрыяршыя Цэрквы, акрамя мараніцкай і сірыйскай, якая баялася выступіць разам з іншымі патрыярхамі. Аднак гэтыя праблемы вырашыліся, калі Папай стаў Леў ХІІІ, які разумеў усходняе каталіцтва і паважаў яго.

У 1876 годзе быў створаны вядомы ордэн Братоў Мар Яфрэма, а ў 1888 годзе на гары Ліван адбыўся сірыйскі сінод, на якім вырашылі ўвесці цэлібат, які, зразумела, не распаўсюджваўся на міяфізітаў, якія пераходзілі ў каталіцтва.

Патрыярх Мар Ігнат Бэхнам III Бэні ў 1894 годзе адправіўся ў Рым з мелькіцкім патрыярхам Рыгорам на сустрэчу з Папам Львом XIII, дзе з прычыны дыспуту паміж патрыярхамі, Святы Айцец прыняў узважанае рашэнне і выдаў энцыкліку «Orientalium Dignitas». Энцыкліка пацвярджала магчымасць усходніх патрыярхаў прызначаць і забараняць епіскапаў. Забараняла лацінізацыю каталікоў ўсходніх абрадаў, пацвярджала, што ў Каталіцкай Царквы няма аднаго абраду і адзінства ўсёй Царквы складаецца ў веры і разнастайнасці народаў і культур. Таксама яно падпарадкоўвала ўсходнім патрыярхам усіх вернікаў іх абрадаў на тэрыторыі Асманскай Імперыі.

На пачатку ХХ ст. пры патрыярхе Мар Ігнаце Яфрэме ІІ Рахмані адбыўся рэзкі ўзрост канвертацый з міяфізітаў у каталіцтва. Тады яму стала прыходзіць шмат пагроз з боку якавітаў, якіх падтрымлівалі асманскія улады, з-за чаго яму прыйшлося перанесці кафедру ў Бейрут. Пасля сябе патрыярх Яфрэм ІІ Рахмані пакінуў след у каталіцкай літургіцы, будучы літургістам, у 1899 годзе ён выявіў і апублікаваў першае выданне тэксту IV стагоддзя «Testamentum Domini». Яго асноўны ўклад у гісторыю Літургіі з’яўляецца яго кніга «Les Liturgies Orientales et Occidentales», Beyrouth, 1929.

Пачатак Першай Сусветнай Вайны абярнуўся для Сірыйскай Царквы сапраўднай катастрофай: з 5 епархій былі знішчаны 4, падчас генацыду армянскага народа, таксама праводзіўся і генацыд іншых народаў, калі былі забітыя і іншыя хрысціяне, у тым ліку і сірыйцы-каталікі. Пасля гэтага выпадку прыйшлі цяжкія часы для Царквы. У 1915 годзе ў Тур-Абдзіне каля 200 000 хрысціян падвергліся нападу банд курдаў, якія бачылі магчымы саюз паміж хрысціянамі гэтага рэгіёну і замежнымі войскамі, якія ўварваліся на суседні Блізкі Усход. Трэць з іх былі забітыя ў Асірыйскім генацыдзе.

Карта асірыйскага генацыду.
• Гарады, пацярпелыя ад генацыду.
• Гарады, якія прынялі бежанцаў.
• Астатнія гарады.
Месцы рассялення асірыйцаў.

Больш за палову з 75 000 сірыйскіх каталікоў былі забітыя. Тыя, што засталіся ў жывых, збеглі ў Сірыю, Ліван і Ірак. З тых часоў цэнтр Сірыйскай Царквы перамясціўся з асманскіх рэгіёнаў Тур-Абдзін, Марадзін і Нусайбін (сучасная Турцыя) у суседнія арабскія краіны.

У 1931 годзе патрыярх Мар Ігнат Габрыэль І Тапуні стаў першым у гісторыі сіра-каталіцкім кардыналам. Патрыярх Ігнат Язэп ІІІ, калі яшчэ быў святаром, быў адпраўленны ў ЗША для місіі, бо пасля розных цяжкіх падзей пад час ХХ ст. шмат сіра-каталікоў эмігравала. Там ён пасудзейнічаў у стварэнні некалькіх епархій, а потым і сам стаў там епіскапам. 31 кастрычніка 2010 года 58 іракскіх сіра-каталікоў былі забітыя мусульманскімі тэрарыстамі падчас нядзельнай Літургіі ў царкве Маці Божай вызвалення Багдаду, у той час як яшчэ 78 былі параненыя. Сёння, таксама па палітычных прычынах, сітуацыя ў Сірыі цяжкая, таму развіццё Царквы працягвае ў Ліване, а таксама на новых тэрыторыях, напрыклад у Новым Свеце.

Заходне-сірыйскі абрад сыходзіць каранямі ў старажытную традыцыю як Іерусалімскай, так і Антыяхійскай Цэркваў, мае сувязі з старажытнаяўрэйскай Брахай і часта называецца антыахійскім абрадам.

Катэдральны сабор у Дамаску (унутры).

Акрамя Сірыйскай Каталіцкай Царквы, сярод Усходнекаталіцкіх Цэркваў, заходне-сірыйскі абрад выкарыстоўвае таксама Мараніцкая Царква і Маланкарская Царква. Абрад моцна адрозніваецца ад абраду Мельхіцкай Царквы, якая таксама мае антыяхійскага патрыярха, бо яна выкарыстоўвае візантыйскі абрад. Сіра-каталіцкія святары традыцыйна мелі цэлібат, уведзеным пасля сінода 1888 года, але ў цяперашні час існуе шэраг жанатых святароў, пераважна за конт вялікай колькасці канвертаваных святароў з сіра-якавітаў.

Літургія Сірыйскай Каталіцкай Царквы практычна не адрозніваецца па структуры ад Літургіі сіра-якавітаў.

Адрозненне паміж анафарой і Літургіяй

[правіць | правіць зыходнік]

У сірыйскай царквы існуе выразная мяжа паміж Анафарой і Літургіяй. Літургія Святога Якава гэта шкілет усяго Курбона Кадиша з усімі малітвамі перад анафорой, якія з’яўляюцца сапраўды такімі ж, незалежна ад таго, што выкарыстала анафары. Літургія Святога Якава праведнага ўключае ў сябе:

  • Першая частка:
  1. Праскамідыя
  • Другая частка:
  1. Літургія слова:
    1. Трысвятое
    2. Антыфон перад пасланнем Святога Апостала Паўла (Гал. 1:8-9)
    3. Пасланне Святога Апостала Паўла
  • Трэцяя частка:
  1. Хусоё (Літургія адпушчэння грахоў):
    1. Прэміён (прадмова)
    2. Сэдро (галоўная малітва)
    3. Этро (духмянасць/пахучая малітва/малітва каждзення)
  1. Анафара:
  1. Пацалунак свету (знак супакою)
  2. Præfacio
  3. Sanctus (Кадыш)
  4. Institutio (установачныя словы)
  5. Anamnesis
  6. Epiclesis (закліканне Святога Духа)
  7. Intercessio (хадайніцкая малітва)
  8. Ламанне хлеба
  9. Літургія пакаяння
  10. Малітва Гасподняя (Абун Дбашмайо)
  11. Запрашэнне да Святога Прычасця
  12. Працэсія Святых Тайн
  13. Малітва падзякі
  14. Водпуст

У кнігах Патрыяршай Семінарыі Шарфет гэты парадак відавочна строгі, прычым малітва дыякана і вернікаў аднолькавая незалежна ад таго, якая Анафара выкарыстоўваецца. Адзіная малітва, якая змяняецца, калі выкарыстоўваецца іншая анафара — гэта малітва святара. Звычайна літургісты выкарыстоўваюць характэрную формулу для апісання розных Анафар: P — Præfacio, S — Sanctus, A — Anamnesis, E — Epiclesis, J — Intercessio. Такім чынам, у Сірыйскай Каталіцкай Царкве гэтая формула будзе выглядаць наступным чынам: PSAEJ.

Багаслужбовая атрыбутыка

[правіць | правіць зыходнік]
Сірыйскія каталіцкія рыпіды выглядаюць прыкладна так жа, але з званочкамі па краях.

Сірыйская Каталіцкая Царква выкарыстоўвае рыпіды са званочкамі на іх і выгравіраванымі Серафімамі падчас Літургіі. Звычайна хто-небудзь з малых чыноў трасе гэтымі веерамі за спіной епіскапа, сімвалізуючы Серафімаў. Рыпіды таксама выкарыстоўваюцца падчас асвячэння, калі два чалавекі трасуць імі над алтаром у моманты Эпіклезы і ўстановачных слоў.

Кадзіла Сірыйскай Каталіцкай Царквы складаецца з 9 званоў, якія прадстаўляюць 9 чыноў анёлаў.

Літургія гадзін

[правіць | правіць зыходнік]

Літургія гадзін дакладна такая ж, як і ў сіра-якавітаў. Іх ёсць дзве версіі гэтага — Фенкіта і Шыма. Першая — больш складаная 7-томная версія. У той час як апошняя з’яўляецца простай, скарочанай версіяй.

Старэйшыя чыны:

[правіць | правіць зыходнік]

Богаслужбовы мова Сірыйскай Каталіцкай Царквы — сірыйская, а менавіта заходні варыянт сірыйскай мовы (сэрто), адносіцца да арамейскай групы. Курбона Кадыша (літаральна: Святая Літургія або святое прынашэнне/ахвяра) Сірыйскай Царквы выкарыстоўвае розныя Анафары, прычым Анафара 12 апосталаў у асноўным выкарыстоўваецца ў Літургіі Святога Якава. Але арабская мова больш распаўсюджаная ў Царкве, бо большасць вернікаў — размаўляюць па-арабску і не разумеюць сірыйскую. Таксама ў дыяспары выкарыстоўваюцца іншыя мовы, такія як англійская ці іспанская.

Патрыярх (канн. 63-77)

[правіць | правіць зыходнік]

Як у частцы Каталіцкай Царквы, галавой Сірыйскай Царквы, акрамя Хрыста з’яўляецца Папа Рымскі. Сваю ўласную іерархію ўзначальвае Антыяхійскі патрыярх сірыйцаў (patriarcha antiochenus syrorum), які прыняў таксама традыцыйнае імя патрыярха Антёахіі і ўсяго Усходу. Рэзідэнцыя патрыярха знаходзіцца ў Бейруце, але летам перамяшчаецца ў манастыр Шарфэ ў Харысе. Патрыярх заўсёды бярэ імя «Ігнат» у гонар Ігнація Баганосца.

Згодна з кан. 59 §2 ККУЦ, Антыяхійскі патрыярхат займае 3 месца па першынству, але па прычыне адсутнасці Канстанцінопальскага патрыярхату, Антыяхійскі займае 2 месца. Але ў Каталіцкай Царкве ёсць 3 Антыяхійскіх патрыярхата (Мараніцкі, Мельхіцкі і Сірыйскі), тады першынства выяўляецца, згодна з кан. 59 §4, па таму, які патрыярх першы ўзначаліў сваю Царкву. Згодна з кан. 63, патрыярх выбіраецца Сінодам епіскапаў патрыяршай Царквы, пасля чаго, згодна з кан. 76 §2, патрыярх павінен запрасіць Еўхарыстычнага Адзінства з Папай.

Патрыяршы Сінод (Synodus Ecclesiæ Syriæ Catholicæ) (канн. 107-113)

[правіць | правіць зыходнік]

Патрыяршы Сінод складаецца з епіскапаў, у тым ліку дапаможных, ўзначальваецца і склікаецца патрыярхам, які павінен прымаць усе важныя рашэнні ў адпаведнасці з ім. Ён рэгулярна збіраецца адзін раз у год. Як і іншыя патрыяршыя Усходнія Каталіцкія Цэрквы, патрыярх можа ўзводзіць, змяняць і скасоўваць епархіі і прызначаць сваіх епіскапаў у адпаведнасці з Патрыяршым Сінодам і пасля кансультацыі са Святым Пасадам. У межах уласнай кананічнай тэрыторыі Царквы патрыярх можа ствараць экзархаты і прызначаць экзархаў, згодна з Патрыяршым Сінодам, але з 22 ліпеня 2020 года Папа Францішак у «Rescriptum ex audientia» вырашыў, што гэтыя рашэнні павінны мець папярэдняе адабрэнне, якое перагледжваецца праз 5 гадоў. 5 епіскапаў прызначаюцца патрыярхам і Патрыяршым Сінодам з зацверджанага Папам спісу, папярэдне складзенага Патрыяршым Сінодам. За межамі ўласнай тэрыторыі патрыярхату сірыйскі патрыярх і сінод маюць юрысдыкцыю толькі ў літургічных пытаннях, а Папа нясе адказнасць за стварэнне епархій і прызначэнне епіскапаў.

Патрыяршая Курыя (Curia Ecclesiæ Syriæ Catholicæ) (канн. 114-125)

[правіць | правіць зыходнік]

У патрыяршай рэзідэнцыі ў Бейруце знаходзіцца курыя сіра-каталіцкага патрыярхату, у якую ўваходзяць пастаянны Сінод, епіскапы, прызначаныя ў курыю (да 3 чалавек), звычайны трыбунал Патрыяршай Царквы, эканом, патрыяршы канцлер, літургічная камісія і іншыя камісіі. Члены курыі прызначаюцца патрыярхам, за выключэннем пастаяннага Сінода, і складаецца з 4 епіскапаў, сярод якіх адзін абіраецца патрыярхам і 3 прызначаюцца Патрыяршым Сінодам на 5 гадоў. Паседжанні курыі звычайна збіраюцца 12 раз у год.

Сірыйская Каталіцкая Царква складаецца з 7 архіепархій, 2 з якіх — мітрапаліцкія, 3 епархій, адна з каторых патрыяршая, і адна — дыяспарная (ЗША), 6 экзархатаў, з якіх 4 патрыяршых (кананічная тэрыторыя) і 2 апостальскіх (дыяспара) і адной замежнай адміністратыўнай адзінкі (Паўднёвы Судан).

Выгляд горада Каракош і сіра-каталіцкай царквы.

Епархіі на кананічнай тэрыторыі

[правіць | правіць зыходнік]

Мітрапаліцкая архіепархія Дамаска (Сірыя)

Мітрапаліцкая архіепархія Хомса (Сірыя)

Архіепархія Халеба (Сірыя)

Архіепархія Хасэкэ-Нісібі (Сірыя)

Архіепархія Масула (Ірак)

Архіепархія Багдада (Ірак)

Архіепархія Хад'яб-Эрбіля (Ірак)

Патрыяршая епархія Бейрута (Ліван)

Епархія Каіра (Егіпет)

Місіянерскія юрысдыкцыі

[правіць | правіць зыходнік]

Патрыяршы экзархат Басры і заліва (Ірак)

Патрыяршы экзархат Іерусаліма (Палесціна і Іарданія)

Патрыяршы экзархат Турцыі (Турцыя)

Патрыяршы экзархат Судану і Паўднёвага Судану (Паўднёвы Судан)

Юрысдыкцыі ў дыяспары

[правіць | правіць зыходнік]

Епархія Прасвятой Дзевы Марыі Збавіцелькі ў Ньюарке (ЗША)

Апостальскі экзархат Канады (Канада)

Апостальскі экзархат Венесуэлы (Венесуэла)

Па данных Annuario Pontificio за 2017 год, Сірыйская Каталіцкая Царква налічвае 88 зарэгістраваных прыходаў, 15 епіскапаў, 88 прэсвітараў, 31 іераманаха, 47 манахаў, 31 манахіню, 23 вечных дыяканы і каля 20 семінарыстаў.

Па дадзеных на 2018 год колькасць зарэгістраваных прыходаў павялічылася і дайшла да, прыкладна, 94. На кананічнай тэрыторыі больш за ўсё прыходаў у Сірыі (34), потым у Іраку (19), Ліване (6), Егіпце (3), Турцыі (2), Іарданіі (1), Палесціне (1), Ізраілі (1). У замежжы больш за ўсё прыходаў у ЗША (13), потым у Канадзе (6), Венесуэле (3), Бразіліі (1), Францыі (1), Вялікабрытаніі (1), Нідэрландах (1) і Аўстраліі (1).