Сінкевіцкая аперацыя
Сінкевіцкая аперацыя | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Другая сусветная вайна | |||
Дата | 30 кастрычніка 1942 | ||
Месца | Сінкевічы | ||
Вынік | Перамога партызан | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Сінкевіцкая аперацыя — баі партызанскіх атрадаў імя М. Ц. Шыша (уваходзіў у партызанскую брыгаду імя В. М. Молатава), «Пятровіча» (уваходзіў у склад партызанскай брыгады імя С. М. Кірава) з нямецкімі акупацыйнымі войскамі ў вёсцы Сінкевічы Ленінскага раёна і на чыгуначнай станцыі Сінкевічы 30 кастрычніка 1942 года.
Перадумовы
[правіць | правіць зыходнік]З мэтай зрыву руху цягнікоў па чыгунцы Брэст — Гомель штаб Пінскага партызанскага злучэння распрацаваў план аперацый па адначасовым разгроме нямецкага гарнізона ў вёсцы і на чыгуначнай станцыі Сінкевічы і падрыву 70-мятровага чыгуначнага маста цераз раку Лань. Аперацыяй кіравалі камандзіры атрадаў «Пятровіча» А. П. Савіцкі і імя Шыша М. І. Герасімаў. Партызанская разведка ўстанавіла колькасць і ўзбраенне гарнізона праціўніка ў вёсцы, аховы станцыі і моста (больш за 100 салдат, узброеных станковымі і 5 ручнымі кулямётамі, аўтаматамі і вінтоўкамі). Для ўдзелу ў аперацыі было выдзелена каля 200 партызан, узброеных 11 ручнымі кулямётамі, 12 аўтаматамі, вінтоўкамі. Каб не дапусціць падыходу падмацавання з бліжэйшых гарнізонаў праціўніка, групы прыкрыцця вывелі са строю тэлефонна-тэлеграфную лінію сувязі, грунтавыя дарогі, чыгунку. Астатнія групы павінны былі нанесці адначасовы ўдар па гарнізоне ў вёсцы, ахове моста і ўзарваць яго.
Ход аперацыі
[правіць | правіць зыходнік]На досвітку 30 кастрычніка 1942 года ўдарныя групы напалі на паліцэйскі ўчастак, будынак камендатуры і ахову лесапільнага завода, якія знаходзіліся ў вёсцы Сінкевічы, падпалілі іх і хутка падавілі супраціўленне гітлераўцаў. Знішчыўшы праціўніка на станцыі, партызаны падпалілі састаў з боепрыпасамі. Узрывамі бомбаў і снарадаў падпаленага эшалона быў знішчаны будынак станцыі, уся станцыйная гаспадарка і чыгуначнае палатно. Ахова моста спрабавала адысці па балоце ў бок ракі Прыпяць, але трапіла пад агонь партызан і была знішчана. Партызаны авалодалі чыгуначным мостам, замініравалі яго і падарвалі. Групы прыкрыцця адбілі падраздзяленні праціўніка, якія спяшаліся на дапамогу гарнізону са станцыі Лахва і вёскі Сітніца.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]У ходзе гадзіннага бою былі падарваны чыгуначны мост цераз раку Лань, два іншыя чыгуначныя масты (даўжынёй 10 і 14 м), 4 на грунтовых дарогах, знішчана 3 км тэлефонна-тэлеграфнай ліні сувязі, спалены эшалон з боепрыпасамі, лесапільны і малочны заводы, будынкі станцыі і акупацыйных улад. У выніку аперацыі рух на чыгунцы быў спынены на доўгі час. Страты праціўніка: 74 забітыя, 14 параненых і 6 узятыя ў палон. Партызаны страцілі 3 забітымі і 4 параненымі.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У памяць аб баявых дзеяннях партызан у 1963 годзе на будынку станцыі Сінкевічы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- М. І. Філімоненкаў. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. / Рэдкал.:І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.