Перайсці да зместу

Сярэбраныя руды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Акантыт
Прустыт

Сярэ́браныя ру́ды[1] — прыродныя мінеральныя ўтварэнні, у якіх утрыманне серабра робіць эканамічна і тэхнічна абгрунтаваным іх прамысловае выкарыстанне.

Вядомы больш за 60 мінералаў серабра[2]. Галоўныя мінералы сярэбраных руд: аргентыт, піраргірыт, полібазіт, прустыт, стэфаніт, электрум, галеніт з дамешкамі серабра. Адрозніваюць два тыпы радовішчаў сярэбраных руд: уласна сярэбраныя і комплексныя сярэбразмяшчальныя (радовішчы каляровых і высакародных металаў, з якіх серабро здабываюць адначасна з імі)[2].

Сярэбраныя руды звязаны з гранітоідамі, вулканічнымі і субвулканічнымі пародамі. Уласна сярэбраныя руды сустракаюцца рэдка і маюць невялікае значэнне ў сусветных запасах і аб’ёмах здабычы[3]. У комплексных сярэбразмяшчальных радовішчах засяроджана 70 % сусветных запасаў[2]. Галоўныя радовішчы прымеркаваны да так званага Вялікага сярэбранага пояса Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі[3][1].

Сусветныя агульныя запасы сярэбраных руд (у пераліку на метал) па 67 краінам складаюць 1003,9 тыс. т (2006), пацверджаныя — 670,2 тыс. т, з іх у Расіі 70,1 тыс. т, Польшчы 66 тыс. т, ЗША 52,1 тыс. т, Мексіцы 46,5тыс. т, Таджыкістане 44 тыс. т, Балівіі 41,6 тыс. т, Перу 36,2 тыс. т, Казахстане 29 тыс. т, Аўстраліі 26,4 тыс. т, Чылі 21,7 тыс. т, Аргенціне 20,4 тыс. т, Канадзе 20,2 тыс. т, Інданезіі 17,1 тыс. т, Японіі 16 тыс. т, Іспаніі 14 тыс. т, Манголіі 13,5 тыс. т, ПАР 13 тыс. т, Узбекістане 10 тыс. т[2]. Асноўныя аб’ёмы здабычы і вытворчасці серабра належаць ЗША, Канадзе, Перу, Мексіцы[1] і Аўстраліі[3].

  1. а б в БелЭн 2002.
  2. а б в г Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
  3. а б в ВСЭ 1976.