Перайсці да зместу

Сякера

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сякера

Сякера або тапор[1] — прылада працы для рубання і цясання. Таксама ўжываецца як халодная зброя.

Сякера — клін, выраблены звычайна з сталі, з адтулінай, у якое ўстаўляецца тапарышча. Супрацьлеглы ад кліну бок сякеры называецца абухом. Яго можна выкарыстаць, як малаток.

Сякера — адна з самых старажытных прылад чалавека. Яе выкарыстоўвалі ўжо дзясяткі тысяч гадоў таму. Старажытныя сякеры вырабляліся з каменя, да якога прывязвалася тапарышча. Медныя, бронзавыя, жалезныя і сталёвыя сякеры з’яўляліся адразу, як толькі развіваліся адпаведныя тэхналогіі.

Сякера — прыклад простага механізму, кліну ці двайной нахільнай плоскасці. Дзякуючы такой будове памяншаецца высілак, які патрабуецца ад лесаруба або цесляра. Акрамя таго, тапарышча дзейнічае як рычаг, што дазваляе павялічыць сілу, прыкладзеную да кліну. Часам, пры склюдаванні выкарыстоўваецца не поўная даўжыня тапарышча. Пры гэтым памяншаецца эфектыўнасць, але павялічваецца дакладнасць.