Перайсці да зместу

Сэрвач (прыток Віліі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сэрвач
Характарыстыка
Даўжыня 85 км
Басейн 1 105 км²
Расход вады 7,6 м³/с (у вусці)
Вадацёк
Выток возера Сэрвач
 • Вышыня 179 м
 • Каардынаты 55°01′16,79″ пн. ш. 27°33′04,37″ у. д.HGЯO
Вусце Вілія (Вілейскае вадасховішча)
 • Каардынаты 54°33′11,52″ пн. ш. 27°17′26,89″ у. д.HGЯO
Ухіл ракі 0,2 м/км
Размяшчэнне
Водная сістэма Вілія → Нёман → Балтыйскае мора

Краіна
Рэгіёны Віцебская вобласць, Мінская вобласць
Раёны Докшыцкі раён, Мядзельскі раён, Вілейскі раён
physical
выток
выток
вусце
вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сэрвач — рака ў Докшыцкім, Мядзельскім і Вілейскім раёнах Беларусі, правы прыток Віліі.

Даўжыня 85 км. Плошча вадазбору 1105 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 7,6 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2 .

Назва Сэрвач балцкага паходжання, складаецца з дзвюх асноў.

Першая аснова Serv- таксама ў назве рэчкі Сярвайкі (правы прыток Ловаці), літоўскіх гідронімах Servas, Servelis (назвы азёраў), Sarva (назва ракі). Звязана з літоўскім serventi «паціху цячы, струменіць»[1]. Далей да індаеўрапейскага *sreu- «цячы», *sreṷo- «плынь» і карацейшага *ser- «цячы»[2].

Другая аснова назвы Сэрвач тая ж, што і ў назвах Нарач, Іслач і падобных, — Ak-. Яна звязаная з лат. aka «калодзеж», літ. aka(s) «палонка ў лёдзе», лат. akata «вір у рацэ; вочка ў балоце; палонка ў лёдзе»[3]. Такая семантыка развілася са значэння «вока» (індаеўрапейскае *okṷ(e)s-)[4]: вока > палонка, калодзеж, бачажына > вада, рака.

У двухасноўных гідронімах тыпу Іслач ці Нарач ak- займае тую ж другую пазіцыю, якую ў іншых выпадках займаюць балцкае up- / ap- (літ. upė, пруск. ape «рака»)[5] або яцвяжскае -da (ад яцвяжскага *udā «вада, рака»)[6] — як у гідронімах Жукопа або Ясельда.

Назву Сэрвач можна перадаць як «Рака, што струменіць».

У рэгіёне, арыентаваным на Нарачанскія азёры, з поўначы на поўдзень, у Вілію, менш-больш паралельна адна адной цякуць тры ракі, назвы якіх ад кораня *ser-: *Serva, *Serma, *Sirinta (> Сэрвач, Сермеж, Страча). Паходжанне гэтых старабалцкіх назваў можа быць аднесенае да часоў, калі пасля сыходу ледавіка ўзнікла водная структура Нарачанскага Паазер’я.

Асноўныя прытокі

[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Патачанка, Дубенка, Наква, Катлянка. Злева: ручай Сэрвач[7], рэкі Галядза, Зуйка.

Рака Сэрвач каля в. Малышкі

Гарадскія пасёлкі: Крывічы (пры ўпадзенні ракі Наквы). Зоны адпачынку: Вілейка

Выцякае на паўднёвы захад з возера Сэрвач Докшыцкага раёна, упадае ў Вілейскае вадасховішча на паўднёвы ўсход ад вёскі Людвінова Вілейскага раёна. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у канцы сакавіка.

Даліна ў верхнім і месцамі ў сярэднім цячэнні невыразная, на астатнім працягу трапецападобная; яе шырыня 1,5—2,5 км, месцамі звужаецца да 0,6—1 км. Пойма двухбаковая, слабаперасечаная, у верхнім цячэнні забалочаная, тарфяністая, на астатнім працягу сухая, пясчаная. Рэчышча моцназвілістае, у сярэднім цячэнні на працягу 1,8 км каналізаванае, у верхнім — моцна зарастае; шырыня яго ў верхнім цячэнні — 2—5 м, у сярэднім і ніжнім 15—25 м, месцамі да 40 м.

У басейне ракі балота Сэрвач[8], азёры Станіслаўскае, Арэхавае, Чорнае і інш.

  1. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 296.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 1003.
  3. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 176.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 775—777.
  5. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 170—171.
  6. K. Būga. Jotvingių žemės upių vardų galūnė -da. // Tauta ir žodis. — 1923. — Т. 1. — С. 100.
  7. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 61. — 583 с., іл. — 10 000 экз.
  8. БелЭн 2002.