Статуты Вялікага Княства Літоўскага
Статуты — заканадаўчыя зводы Вялікага Княства Літоўскага.
Статут 1529
[правіць | правіць зыходнік]Праца па падрыхтоўцы першага Статута 1529 г. вялася на працягу некалькіх гадоў у першай чвэрці XVI ст. Першы варыянт праекта Статута быў падрыхтаваны ў 1522 г., але ён не быў зацверджаны, і праца над ім працягвалася яшчэ сем гадоў.
Хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы дакладна невядома, ёсць падставы сцвярджаць, што ў яго падрыхтоўцы прымалі ўдзел беларускі першадрукар і доктар права, Францыск Скарына, а таксама канцлер ВКЛ Альбрэхт Гаштольд, пад кантролем якога складаўся Статут. Асноўныя палажэнні Статута абмяркоўваліся з вялікім князем Літоўскім Жыгімонтам Казіміравічам, якому належыць гонар зацвярджэння Статута. З гэтай нагады была нават напісана «Пахвала Жыгімонту», у якой ён называўся «Вялікім Жыгімонтам», бо ён пераўзышоў усіх вялікіх князёў і каралёў, таму што ён «нас вучыў справядлівасці чыніці».
Статут падрыхтаваны на аснове кадыфікацыі і сістэматызацыі норм мясцовага звычаёвага права, пастаноў судовых і дзяржаўных устаноў, Судзебніка 1468 года, прывілеяў. Пры яго падрыхтоўцы ўпершыню выпрацаваны сістэмы і структура размяшчэння прававых норм у залежнасці ад іх зместу, уключаны тыповыя і абагульненыя нормы; дадзена дакладная рэдакцыя кожнага артыкула; уведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны; уключаны нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і іншых галін права. Складальнікі Статута адступілі ад сістэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, і выпрацавалі сваю. У яе аснове закладзены новыя прынцыпы: суверэннасць дзяржавы (насуперак сярэдневяковаму касмапалітызму), адзінства права на прыярытэт пісанага права. Статут уключаў нормы агульнага права і спецыяльныя нормы, якія забяспечвалі прывілеі пануючаму класу або яго групам. Пры гэтым яны былі не выключэннем, а састаўной часткай у сістэме Статута 1529 года, хоць і супярычылі яго асноўным прынцыпам.
Статут уведзены ў дзеянне 29.9.1529. Складаецца з 13 раздзелаў і 244 артыкулаў. Пазней у яго ўнесены дапаўненні, у выніку колькасць артыкулаў павялічылася да 283.
Выданне Статута 1529 года вывела ВКЛ на адно з першых месцаў у свеце па развіццю права і прававой культуры. Разам з тым, Статут 1529 года з'явіўся прававой асновай для далейшага развіцця заканадаўства.
Статут 1566
[правіць | правіць зыходнік]Другі статут ВКЛ дзейнічаў на землях Вялікага Княства Літоўскага ў 1566—88 гг., а на Правабярэжнай Украіне і ў XVII—XVIII ст.
Асноўныя крыніцы Статута: агульназемскія і абласныя прывілеі, Судзебнік 1468 г., Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. і некаторыя нормы звычаёвага права; выкарыстаны таксама нормы царкоўнага (рымска-каталіцкага і грэка-праваслаўнага) права. У ім былі спалучаны тэарэтычныя распрацоўкі мясцовага права з практычнай дзейнасцю і тэарэтычнымі асновамі рымскага і заходнееўрапейскага права.
Для падрыхтоўкі Статута ў 1551 г. меркавалася стварыць камісію з 10 чалавек (5 католікаў, 5 праваслаўных), але былі вызначаны імёны толькі 5 католікаў.[1] Невядома, ці была створана такая камісія, бо з тэксту Бельскага прывілея 1564 вынікае, што праект Статута рыхтавала іншая камісія: «особы певные, рады наши, маршалкове, врадники земские, хоружие и иные особы ряду и народу шляхецкого, доктори прав чужоземских, которые заседши не одно поправили тот статут старый, але теж новым кшталтом некоторые розделы звлаша судовый, за засаженьем новым обычаем суду и порадку судового то становили и написали». Працай гэтай камісіі кіраваў канцлер М. Радзівіл Чорны, у ёй удзельнічаў маршалак дворны А. Б. Валовіч, верагодна, П. Раізій, А. Ратундус і інш. Праект Статута 1566 аддадзены сойму на папярэдні разгляд у 1561, зацверджаны толькі 1 ліпеня 1564, меркавалася ўвесці яго ў дзеянне з 11 лістапада 1564. Аднак з-за спрэчак па асобных артыкулах набыў законную сілу з 1 сакавіка 1566, некаторыя змены ўнесены ў яго прывілеям 1 ліпеня 1566. У Статут былі ўпісаны Віленскі прывілей 1563, Бельскі прывілей 1564, Віленскі прывілей 1565.
У Статуце 1566 захавана з невялікімі зменамі структура Статута 1529. У ім 14 раздзелаў і 367 артыкулаў. Першыя 3 раздзелы ахопліваюць нормы дзяржаўнага, ваеннага, адміністрацыйнага права, 4-ы — судовы лад і судовы працэс, 5—6-ы — сямейнае і апякунскае права, 7—9-ы — цывільнае права, 10-ы — лясное і паляўнічае права, 11—14-ы — крымінальнае права. Найбольш істотныя змены ўнесены ў нормы дзяржаўнага, судова-працэсуальнага і цывільнага права.
Статут 1566 замацаваў асноўныя прынцыпы права: адзінства права для грамадзян, хоць яно не было роўным для ўсіх, дзяржаўны суверэнітэт (насуперак царкоўнаму касмапалітызму), абмежаванне ўлады гаспадара (вялікага князя), прыярытэт пісанага права. Упершыню намячалася аддзяленне суда ад органаў улады і кіравання. Для гэтага ствараліся земскія суды і падкаморскія суды. Больш поўна рэгламентавалася кампетэнцыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, якія былі заснаваны на агульных прынцыпах феадальнага права: стварэння ільгот і перавага для класа феадалаў і саслоўя шляхты, недапушчэнне простых людзей у органы кіравання, замацаванне прававой няроўнасці розных сацыяльных груп насельніцтва. Складальнікі Статута надалі яго нормам аднастайную і сучасную, на той час, форму і прававую тэрміналогію (беларускую), зразумелую для большасці насельніцтва, што спрыяла ўмацаванню сярод шляхты і мяшчан павагі да закона і дзяржавы.
Статут напісаны на старабеларускай мове, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы.
Статут 1588
[правіць | правіць зыходнік]Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага дзейнічаў у ВКЛ з 1589, пасля далучэння зямель ВКЛ да Расійскай імперыі дзейнічаў: у Віцебскай і Магілёўскай губ. — да 1831, у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губернях — да 1840.
Пасля таго як быў прыняты Статут Вялікага Княства Літоўскага 1566, кадыфікацыйная работа не спынілася. Ужо на Брэсцкім сойме 1566 было папраўлена некалькі артыкулаў. Праз 2 гады Гродзенскі сойм унёс папраўкі ў некаторыя артыкулы і стварыў камісію для дапрацоўкі Статута. Камісія для выпраўлення Статута была выбрана і на Люблінскім сойме 1569. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 — Статуты ВКЛ 1529 і 1566, соймавыя пастановы 1573, 1578 (гл. Паправы статутовыя 1578), 1580 і 1584, прывілеі, пастановы павятовых соймікаў. Да канца 1584 работа над Статутам была скончана, але ў сувязі з тым, што ён ігнараваў акт Люблінскай уніі 1569, прадстаўнікі Польшчы не дапускалі яго зацвярджэння на агульным сойме Рэчы Паспалітай. Каб захаваць велікакняжацкі трон, Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут сваім прывілеем 28 студзеня 1588.
Трэці статут Вялікага Княства Літоўскага падрыхтаваны на высокім тэарэтычным узроўні кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А. Б. Валовіча і падканцлера Л. І. Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з якіх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлады на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністрацыйны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі).
Статут юрыдычна замацаваў фактычную адасобленасць ВКЛ ад Польшчы ў федэрацыйных рамках Рэчы Паспалітай, што працягвалася і пасля падпісання акту Люблінскай уніі. У Статуце акт Люблінскай уніі нават не ўпамінаецца, а ў арт. 4 раздз. замацоўваецца праграма аднаўлення ранейшых граніц княства.[2] Статут прадугледжваў таксама, што атрымліваць маёнткі і займаць духоўныя і дзяржаўныя пасады ў княстве маглі толькі мясцовыя ўраджэнцы і ні ў якім выпадку «чужаземцы», «загранічнікі» ці «суседзі».
Статут ВКЛ 1588 выкарыстоўваўся пры кадыфікацыі ў канцы 16 ст. прускага права, складанні Саборнага ўкладання 1649 у Расіі, афіцыйна незацверджаных зборнікаў «Права за якими судится малороссийский народ» (2-я чвэрць 18 ст.), «Суд и разправка в правах малороссийских» (1750-58). У заканадаўстве і судах Польшчы, Латвіі, Эстоніі ўжываўся як дадатковая крыніца права. Статут 1588, пераважна ў рэдакцыі 1614, быў галоўным пісьмовым зводам дзеючага права на Украіне. У 17—19 ст. перакладзены на рускую, украінскую, нямецкую, французскую, лацінскую мовы.
Зноскі
- ↑ Ад католікаў у камісію ўвайшлі жамойцкі біскуп Ян Даманоўскі, віленскі канонік Станіслаў Габрыловіч, віленскі войт і сакратар гаспадара Аўгусцін Ратундус, віленскі суддзя Павел Астравіцкі і Марцін Валадковіч.
- ↑ Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1992. — 270с.…
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Барысёнак С. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529 г. // Полымя. 1927. № 6—7.
- Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989.
- Улашчык М. Першы Літоўскі Статут: (3 гісторыі знаходак рукапісаў і іх вывучэння) // Беларускі гістарычны агляд. 1996. Сш. І.
- Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
- Шишанов, В. А. К истории экземпляра Статута ВКЛ 1588 г. из библиотеки А. П. Сапунова / В. А. Шишанов // Віцебскія старажытнасці: матэрыялы навук. канф., прысвеч. 50-годдзю знаходкі берасцаной граматы ў Віцебску і 150-годдзю з дня нараджэння А. Р. Брадоўскага, 22 — 23 кастрыч. 2009 г., Віцебск / рэдкал. Г. У. Савіцкі [і інш.]. — Мінск: Медысонт, 2010. — С. 263—267.[1];
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Статуты Вялікага Княства Літоўскага ў Вікіцытатніку | |
Статуты Вялікага Княства Літоўскага ў Вікікрыніцах | |
Статуты Вялікага Княства Літоўскага на Вікісховішчы |
- Статут Вялікага Княства Літоўскага : Архівавана 21 чэрвеня 2013. віртуальная выстаўка на сайце Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.Коласа НАН Беларусі