Перайсці да зместу

Станіслаў Чарневіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Станіслаў Чарневіч
Дата нараджэння 15 жніўня 1728(1728-08-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 7 ліпеня 1785(1785-07-07) (56 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці vicar general
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Станіслаў Чарневіч (польск.: Stanisław Czerniewicz, лац.: Stanislaus Czerniewicz, 15 жніўня 1728, Коўна — 7 ліпеня 1785, Стайкі каля Віцебска) — буйны дзеяч каталіцкага касцёла, генеральны вікарый Таварыства Ісуса (1782—1785).

Нарадзіўся 15 жніўня 1728 года ў Коўне. У 1743 годзе ўступіў у Вільні ў Ордэн езуітаў. Вывучаў філасофію ў Віленскай акадэміі, а таксама ў Мінскім і Слуцкім калегіумах (1747—1750). Выкладаў граматыку і паэтыку ў езуцкім калегіуме ў Крожах (1750—1753). Пад час праходжання курса тэалогіі ў Вільні (1753—1757) быў высвечаны на ксяндза (1756). У 1759 г. быў выкліканы ў Рым, дзе служыў сакратаром Караля Карыцкага, польскага асістэнта Таварыства Ісуса (1759—1768). У Вечным горадзе даў манаскія абяцанні (1761). Пасля вяртання ў Вялікае княства Літоўскае служыў архівістам правінцыі ў Нясвіжы (1768—1770), а потым быў прызначаны рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума (1770—1782)[1].

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) частка беларускіх зямель, і у тым ліку Полацк, адышла да Расійскай імперыі. Гэта паставіла шмат пытанняў як адносна статусу 201 езуіта, чатырох езуіцкіх калегіумаў (у Полацку, Оршы, Віцебску і Дынабургу) і двух рэзідэнцый (у Магілёве і Мсціславе), так і самога існавання Таварыства Ісуса ў праваслаўнай дзяржаве. Імкнучыся прадэманстраваць лаяльнасць да новай улады, у лістападзе 1772 г. езуіты першымі з каталіцкіх ордэнаў склалі прысягу Кацярыне ІІ. Гэта, а таксама вельмі ўдалы візіт групы полацкіх езуітаў на чале з Станіславам Чарневічам у Пецярбург[2], канчаткова пераканалі імператрыцу ў неабходнасці ўзяць Таварыства Ісуса пад сваю апеку, каб выкарыстоўваць яго як апірышча на беларускіх землях і сродак прасоўвання народнай асветы ў імперыі.

Але ў 1773 годзе ўдар па ордэну быў нанесены з Захаду: Папа Клімент XIV з палітычных меркаванняў вырашыў ахвяраваць Таварыствам Ісуса, скасаваўшы яго сваім брэве Dominus ac Redemptor. Ведаючы аб волі рымскага пантыфіка і не чакаючы яе афіцыйнага абвяшчэння, віцэ-правінцыял Мазавецкай правінцыі Казімір Сабалеўскі, якому падпарадкоўваліся беларускія езуіты, пад канец кастрычніка 1773 г. склаў свае паўнамоцтвы і прызначыў віцэ-правінцыялам С. Чарневіча[3]. На гэтай пасадзе новы кіраўнік апальнага ордэна на ўсходзе Беларусі прадэманстраваў бязмежную адданасць сваёй арганізацыі, выдатныя палітычныя і арганізатарскія здольнасці і шмат у чым прадвызначыў далейшыя поспехі езуіцкага ордэна ў Расійскай імперыі, справядліва заслужыўшы характарыстыку «выратавальнік Таварыства»[4].

У пачатку 1774 годзе Кацярына ІІ вызваліла езуітаў ад усіх падаткаў і не толькі забараніла абвяшчаць папскае брэве, але нават і прывозіць на Беларусь сам касацыйны дакумент[3]. Тым не менш, некалькі дзясяткаў езуітаў вырашылі выканаць волю Клімента XIV і пакінулі арганізацыю, і такому прыкладу былі гатовыя паследаваць іншыя[5]. Таму, карыстаючыся падтрымкай расійскіх уладаў, С. Чарневіч працягваў прыкладаць вялікія намаганні па захаванні Таварыства Ісуса, здзейсніўшы, у прыватнасці, аб’езд усіх падпарадкаваных яму езуіцкіх пляцовак (сакавік 1774 г.)[6]. Багата рабілася для ўмацавання пазіцый ордэна ў Расійскай імперыі. Напрыклад, вялася барацьба за адкрыццё ў Полацку навіцыята — спецыяльнага інстытута для папярэдняй падрыхтоўкі членаў ордэна, г.зн. сродку павелічэння яго колькаснага складу. У выніку ў 1779 г. магілёўская і мсціслаўская рэзідэнцыі былі пераўтвораны ў калегіумы, а 2 лютага 1780 г. па заканчэнні будаўніцтва асобных вучэбных памяшканняў адбылося ўрачыстае адкрыццё навіцыята. Да пачатку 80-х гг. XVIII ст. Полацк становіцца цэнтрам прыцягнення былых езуітаў і моладзі, што хацела б звязаць свой лёс з Таварыствам Ісуса, з усёй Еўропы. Былыя англійскія езуіты нават спрабавалі заручыцца падтрымкай С. Чарневіча у справе далучэння да Таварыства Ісуса ў Расіі у якасці паўнапраўнай правінцыі[7].

Значным дасягненнем С. Чарневіча і ўсіх беларускіх езуітаў стаў візіт імператрыцы ў Полацк (май 1780 г.), пад час якога члены ордэна маглі ў чарговы раз прадэманстраваць сваё майстэрства ў выяўленні вернападданіцкіх пачуццяў і, дзякуючы гэтаму, яшчэ больш умацаваць сваё становішча ў краі. Ужо ў ліпені 1782 г. езуіты атрымалі дазвол уладаў на правядзенне выбараў генеральнага вікарыя. З 10 па 18 кастрычніка 1782 г. адбывалася Першая Полацкая кангрэгацыя, удзел у якой узялі 30 дэлегатаў, што прадстаўлялі ўсе арганізацыі Таварыства Ісуса ў краі. Як таго і можна было чакаць, генеральным вікарыем быў абраны Станіслаў Чарневіч. Спачатку законнасць гэтага абрання не была прызнана папам, але пасля настойлівых просьбаў расійскага двара ў 1783 г. рымскі пантыфік даў на яго сваю вусную згоду.

Памёр С. Чарневіч 7 лютага 1785 года ў Стайках пад Віцебскам. Галоўным вынікам яго дзейнасці стала захаванне Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі і прызнанне гэтага факту Святым Прастолам. Пераемнікам С. Чарневіча на пасадзе генеральнага вікарыя стаў Габрыэль Лянкевіч[8].

Зноскі

  1. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 138—139.
  3. а б Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 123.
  4. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 399.
  5. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 80-81
  6. Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — s. 149.
  7. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 331—332.
  8. Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — С. 76.
  • Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — 427 с.
  • Инглот, М. Общество Иисуса в Российской Империи (1772—1820 гг.) и его роль в повсеместном восстановлении Ордена во всем мире / М. Инглот; пер. А. Н. Коваля. — М. : Институт философии, теологии и истории св. Фомы, 2004. — 632 с.
  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / oprac. L. Grzebień. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — 882 s.
  • Giżycki, J.M. Materyały do dziejów Akademii Połockiej i szkół odniej zależnych / J.M. Giżycki. — Kraków : Druk. W. Anczyca i spółki, 1905. — 288 s.
  • Załęski, S. Jezuici w Polsce. T. 5, Jezuici w Polsce porozbiorowej 1773—1905. Cz. 1 : 1773—1820. — Kraków: W.L. Anczyc i sp, 1907. — 517 s.