Амстэрдам
Горад
| ||||||||||||||||||||||||||||||||
Амстэрда́м (нідэрл.: Amsterdam) — сталіца і найбуйнейшы горад Нідэрландаў. Знаходзіцца ў правінцыі Паўночная Галандыя на захадзе краіны ў вусці рэк Амстэл і Эй. Амстэрдам злучаны з Паўночным морам каналам. Станам на канец вясны 2009 года насельніцтва муніцыпалітэта Амстэрдам складала 761 395 жыхароў, а разам з прыгарадамі (гарадская акруга) — 2,2 мільёна чалавек. Назва горада ўтварылася ад складання двух слоў: Амстэл і дам. Амстэл — гэта рака, на якой стаіць горад, а дам азначае ў перакладзе «дамба». У XII стагоддзі гэта была невялічкая рыбацкая вёска, але ў часы найвышэйшага развіцця Нідэрландаў Амстэрдам стаў адным са значных партоў у свеце і буйным гандлёвым цэнтрам.
Горад з'яўляецца месцам канцэнтрацыі розных культур — на красавік 2009 года тут пражывалі прадстаўнікі 177 нацыянальнасцей. Амстэрдам таксама з'яўляецца фінансавай і культурнай сталіцай Нідэрландаў. У горадзе знаходзяцца офісы 7 з 500 найбуйнейшых сусветных кампаній, як то Philips і ING. Таксама ў цэнтры горада знаходзіцца найстарэйшая ў свеце фондавая біржа. Мноства славутасцей, такіх як Рэйксмюзеум, Музей Вінцэнта ван Гога, Эрмітаж на Амстэле, квартал чырвоных ліхтароў, штогод прываблівае ў горад каля 4,2 мільёна турыстаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Самыя раннія звесткі аб паселішчы пад назваю «Амстэрдам» датуюцца 27 кастрычнікам 1275 года, калі чалавек, які пабудаваў мост з плацінай цераз раку Амстэл, быў вызвалены ад выплаты падаткаў на мост графам Флорысам V[1]. Сертыфікат апісваў жыхароў, як людзей, што жывуць каля «дамбы на рацэ Амстэл» (па-галандску: Amestelledamme)[2]. Да 1327 года горад прыняў канчатковую назву Амстэрдам. Заснаваны Амстэрдам адносна нядаўна ў параўнанні з іншымі значна старэйшымі нідэрландскімі гарадамі, такімі як Неймеген, Ротэрдам і Утрэхт. У кастрычніку 2008 года, гістарычны географ Крыс дэ Бонт выказаў здагадку, што землі вакол Амстэрдама былі асушаны яшчэ ў канцы X стагоддзя. Гэта не абавязкова азначае, што меліярацыя праводзілася з мэтай заснавання паселішча, а, магчыма, дзеля здабычы торфу, які выкарыстоўваўся як паліва[3].
Амстэрдам атрымаў гарадскія правы, так званае Магдэбургскае права, у 1300 альбо 1306 гадах[4]. З XIV стагоддзя, Амстэрдам квітнеў, у асноўным дзякуючы гандлю з Ганзейскім саюзам. З 1345 года горад з'яўляўся цэнтрам паломніцтва да прыняцця Нідэрландамі пратэстанцтва[5]. У XVI стагоддзі галандцы паўсталі супраць караля Іспаніі Філіпа II і яго намеснікаў. Асноўнымі прычынамі паўстання было ўвядзенне новых падаткаў і рэлігійнага праследавання пратэстантаў іспанскай інквізіцыяй. Паўстанне ператварылася ў Васьмідзесяцігадовую вайну, якая ў канчатковым выніку прывяла краіну да незалежнасці[6]. Моцна паўплываў на поспех галандскага паўстання Вільгельм Аранскі, а ўтвораная галандская рэспубліка стала вядомай сваёй адноснай рэлігійнай талерантвасцю. Яўрэі з Пірэнейскага паўвострава, гугеноты з Францыі, буйныя купцы і друкары з Фландрыі, а таксама эканамічныя і рэлігійныя ўцекачы з тэрыторый, якія кантраліраваліся Іспаніяй, знайшлі прытулак у Амстэрдаме.
XVII стагоддзе лічыцца залатым векам Амстэрдама, на працягу якога ён стаў самым заможным горадам у свеце[7]. Судны адплывалі з Амстэрдама ў Балтыйскае мора, Паўночную Амерыку і Афрыку, а таксама ў сучасную Інданезію, Індыю, Шры-Ланку і Бразілію, якія лічыліся аднымі з галоўных рэгіёнаў гандлёвай сеткі. Амстэрдамскія купцы мелі важкі адсотак у абедзвюх гандлёвых кампаніях: Нідэрландскай Ост-Індскай і Нідэрландскай Вест-Індскай. Гэтыя кампаніі набылі значныя заморскія ўладанні, якія пазней сталі нідэрландскімі калоніямі. Амстэрдам быў самым важным цэнтрам Еўропы па адгрузцы тавараў і быў вядучым фінансавым цэнтрам свету[7]. У 1602 годзе ў Амстэрдаме кампаніяй Галандскай Ост-Індыі быў адкрыты офіс, які стаў першай фондавай біржай у свеце па гандлі ўласных акцый[8].
Амстэрдам страціў больш за 10 % свайго насельніцтва ад чумы ў 1623—1625, а затым у 1635—1636, 1655 і 1664 гадах. Тым не менш, насельніцтва Амстэрдама пастаянна расло ў XVII стагоддзі, дзякуючы вялікаму прытоку іміграцыі і павялічылася з 50 тыс. да 200 тыс.[9]
Росквіт Амстэрдама змяніўся заняпадам у XVIII і пачатку XIX стагоддзяў. Войны Галандскай рэспублікі супраць Англіі і Францыі зрабілі сваю справу. У час напалеонаўскіх войнаў, значэнне Амстэрдама дасягнула сваёй ніжняй кропкі, а Галандыя ўвайшла ў склад Французскай імперыі, але пазнейшае стварэнне Злучанага Каралеўства Нідэрланды ў 1815 годзе стала паваротнай кропкай у справе незалежнасці горада і рэгіёна.
Канец XIX стагоддзя часам называюць другім залатым векам Амстэрдама[10]. Новыя музеі, вакзал і Канцэртгебау былі пабудаваныя менавіта ў гэтыя часы. Акрамя таго горад заглынула прамысловая рэвалюцыя. У гэтыя часы быў пабудаваны Амстэрдам-Рэйнскі канал, які даў магчымасць злучыць Амстэрдам напрамую з Рэйнам, таксама быў пабудаваны і канал, які злучаў горад з Паўночным морам. Абодва праекты значна палепшылі гандаль з астатняй Еўропай і светам. У 1906 годзе Джозэф Конрад даў кароткае апісанне Амстэрдама як марскога курорта. Неўзабаве перад Першай сусветнай вайной горад пачаў пашырацца, дзякуючы будаўніцтву новых прыгарадаў. Нягледзячы на тое, што Нідэрланды захоўвалі нэйтралітэт у гэтай вайне, Амстэрдам пакутаваў з-за недахопу харчавання і мазуту. Недахоп выклікаў масавыя бунты, у якіх некалькі чалавек былі забітыя, яны атрымалі назву «Бульбяных бунтаў». Людзі рабавалі крамы і склады дзеля атрымання прадуктаў харчавання[11].
Германія ўварвалася ў Нідэрланды 10 мая 1940 года і ўзяла пад свой кантроль краіну. Некаторыя грамадзяне Амстэрдама хавалі яўрэяў, тым самым падвяргаючы сябе і сваі сем'і высокай рызыцы адпраўлення за краты альбо ў канцэнтрацыйныя лагеры, у якія было дэпартавана больш за 100 тысяч галандскіх яўрэяў. У канцы Другой сусветнай вайны сувязь з астатняй часткай краіны была страчана, з-за чаго ў горадзе пачаўся голад. Многія грамадзяне з'ехалі ў вёску, астанія харчаваліся сабакамі, катамі, цукровымі буракамі і цыбулінамі цюльпанаў, каб застацца ў жывых[12]. Большасць дрэў у Амстэрдаме была высечана на паліва.
Многія новыя прыгарады, як то Осдарп, Слётэваарт, Слётэрмеер і Геузенвелд, былі пабудаваны ў гады пасля Другой сусветнай вайны[13]. Гэтыя прыгарады змяшчаюць шмат грамадскіх паркаў і маюць шырокія і адкрытыя прасторы. З-за вайны і іншых інцыдэнтаў XX стагоддзя, амаль увесь цэнтр горада прыйшоў у непрыдатнасць. Многія палітыкі і іншыя ўплывовыя асобы выказвалі планы перабудовы большай часткі горада. Таксама існаваў рост попыту на офісныя будынкі і будаўніцтва новых аўтамабільным дарог[14]. Амстэрдамскі метрапалітэн быў адкрыты ў 1977 годзе.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Амстэрдам размешчаны на паўночным захадзе Нідэрландаў. Рака Амстэл, працякаючы праз цэнтр горада, утварае сетку каналаў і праток, акрамя гэтага, асобным каналам горад злучаны з Паўночным морам, пры гэтым знаходзячыся на вышыні 2 метраў ніжэй за ўзровень мора. Тэрытарыяльна Амстэрдам знаходзіцца блізка да правінцый Утрэхт і Флеваланд. Амстэрдам — высока ўрбанізаваны горад. Шчыльнасць насельніцтва 4457 чалавек на квадратны кіламетр. Паркі складаюць 12 % плошчы горада. Моцная ўрбанізацыя практычна знішчыла натуральны ландшафт горада.
Плошча горада — 219,07 км² (54,1 км² вады).
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Амстэрдам мае марскі клімат, дзякуючы блізкасці да Паўночнага мора на захадзе, з перавагай заходніх вятроў. Зіма досыць мяккая, марозы ў асноўным адбываюцца ў час усходніх альбо паўночна-ўсходніх вятроў збоку еўрапейскага мацерыка. З-за таго, што Амстэрдам акружаны з трох бакоў буйнымі вадаёмамі, а таксама з-за гарадскога цеплавога эфекту, тэмпература начамі рэдка апускаецца ніжэй за —5 °C, але часам тэмпература можа дасягаць і —12 °C у Хільверсуме, які знаходзіцца ў 25 км на поўдзень ад Амстэрдама. Лета ўмерана цёплае, але зрэдку гарачае. Дні з ападкамі — звычайная з'ява, у сярэднім у год назіраецца 186 такіх дзён. Сярэднегадавая колькасць ападкаў для Амстэрдама складае 833 міліметраў[15]. Большая частка ападкаў выпадае ў выглядзе дажджу альбо кароткачасовых ліўняў. Воблачныя і вільготныя дні з'яўляюцца звычайнымі ў халаднейшыя месяцы з кастрычніка па сакавік.
Клімат Амстэрдама | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Паказчык | Сту | Лют | Сак | Кра | Май | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сне | Год |
Абсалютны максімум, °C | 14 | 16 | 21 | 27 | 29 | 32 | 32 | 34 | 28 | 25 | 18 | 15 | 34 |
Сярэдні максімум, °C | 5,4 | 6,0 | 9,2 | 12,4 | 17,1 | 19,2 | 21,4 | 21,8 | 18,4 | 14,1 | 9,2 | 6,5 | 13,4 |
Сярэдняя тэмпература, °C | 3,1 | 3,3 | 6,2 | 9,2 | 13,1 | 15,6 | 17,9 | 17,5 | 14,5 | 10,7 | 6,7 | 3,7 | 10,1 |
Сярэдні мінімум, °C | 0,5 | 0,2 | 2,4 | 4,0 | 7,8 | 10,4 | 12,5 | 12,3 | 10,2 | 7,0 | 3,9 | 1,9 | 6,1 |
Абсалютны мінімум, °C | −16 | −14 | −8 | −4 | −1 | 3 | 4 | 6 | 2 | −1 | −7 | −14 | −16 |
Норма ападкаў, мм | 69,6 | 56,2 | 66,8 | 42,3 | 61,9 | 65,6 | 81,1 | 72,9 | 78,1 | 82,8 | 79,8 | 75,7 | 832,8 |
Крыніца: Meteo Consult |
Сцяг і герб
[правіць | правіць зыходнік]Тры крыжы Святога Андрэя пазначаюць тры вартасці горада: мужнасць, цвёрдасць і літасць. Народная традыцыя таксама звязвае гэтыя тры крыжы з трыма пагрозамі гэтаму гораду: вадой, агнём і эпідэміяй.
Герб Амстэрдама складаецца з трох крыжоў Святога Андрэя (хоць заступнікам горада лічыцца Святы Мікалай, таксама гэтыя крыжы з'яўляюцца састаўной часткай сцяга). Таксама на гербе прысутнічае Аўстрыйская імператарская карона. У 1489 годзе Максіміліян I у знак удзячнасці за заслугі і займы дараваў права Амстэрдаму ўпрыгожыць свой герб каралеўскай каронай, у 1508 годзе пасля каранацыі Максіміліяна I імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі яна была заменена на імператарскую. У XVII стагоддзі яна была ізноў заменена на карону Рудольфа II. Львы з'явіліся на гербе ў XVI стагоддзі, калі Нідэрланды былі рэспублікай.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Амстэрдам з'яўляецца фінансавай і дзелавой сталіцай Нідэрландаў[16]. Горад у цяперашні час з'яўляецца адным з цэнтраў міжнароднага бізнесу. У Еўропе па гэтаму паказчыку Амстэрдам займае пятае месца, прайграючы толькі Лондану, Парыжу, Франкфурту і Барселоне[17]. Многія буйныя карпарацыі і банкі маюць свае штаб-кватэры ў Амстэрдаме, у тым ліку Каралеўскі банк Шатландыі, Akzo Nobel, Heineken International, ING Group, Ahold, TomTom, Delta Lloyd Group і Philips. Штаб-кватэра кампаніі KPMG International знаходзіцца ў суседнім Амстэлвіне, дзе многія кампаніі размяшчаюцца з-за таго, што навакольныя супольнасці дазваляюць мець поўную ўласнасць на зямлю, у адрозненне ад сістэмы арэнды зямлі ў Амстэрдаме.
Нягледзячы на тое, што шматлікія невялікія офісы па-ранейшаму знаходзіцца ў старым горадзе на каналах, кампаніі ўсё часцей перамяшчаюцца за межы цэнтра горада. Дзякуючы гэтаму паўднёвы раён Зёйдас стаў новым фінансавым і юрыдычным цэнтрам горада[18]. Пяць найбуйнейшых юрыдычных фірм Нідэрландаў, вялікая колькасць галандскіх філіялаў буйных кансалтынгавых фірм, як то Boston Consulting Group і Accenture, а таксама Амстэрдамскі міжнародны гандлёвы цэнтр размешчаны ў Зёйдасе.
Акрамя таго існуюць яшчэ тры іншыя драбнейшыя фінансавыя раёны ў Амстэрдаме. Першы з іх знаходзіцца ў наваколлях чыгуначнага вакзала Слётэрдайка, дзе некалькі газет, як то De Telegraaf, маюць свае офісы. Тут жа знаходзяцца муніцыпальная грамадская транспартная кампанія «Gemeentelijk Vervoersbedrijf» і галандскі падатковы орган «Belastingdienst». Другі фінансавы раён знаходзіцца ў наваколлях Амстэрдам Арэны. Трэці ў наваколлях чыгуначнага вакзала Амстэл. Самы высокі будынак Амстэрдама, Вежа Рэмбранта, у якой знаходзіцца штаб-кватэра кампаніі Philips, таксама знаходзіцца ў гэтым раёне[19][20].
Амстэрдамская фондавая біржа (AEX), якая ў цяперашні час уваходзіць у склад Euronext, з'яўляецца найстарэйшай фондавай біржай у свеце і адной з найбуйнейшых у Еўропе. Яна размешчана побач з плошчай Дам у самым цэнтры горада.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Грамадскі транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Амстэрдам мае добра развітую сістэму грамадскага транспарту. У горадзе дзейнічае метрапалітэн, традыцыйныя і скорасныя трамваі, аўтобусная сетка і паромныя пераправы цераз раку Эй. Увесь гарадскі грамадскі транспарт знаходзіцца пад кіраваннем арганізацыі GVB (Gemeentevervoerbedrijf, гэта значыць муніцыпальнае транспартнае прадпрыемства). Прыгарадныя аўтобусы, якія злучаюць Амстэрдам з наваколлямі, належаць іншым аператарам, у прыватнасці Arriva і Connexxion.
Паветраны транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Аэрапорт Схіпхол знаходзіцца ў 20 хвілінах цягніком ад цэнтральнага вакзала. Гэта найбуйнейшы аэрапорт Нідэрландаў і чацвёрты па велічыні аэрапорт Еўропы. Ён быў пабудаваны ў 1916 годзе на месцы асушанага Гарлемскага возера. Схіпхол мае шэсць узлётна-пасадачных палос, у цяперашні час распрацоўваюцца планы па яго пашырэнні.
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Амстэрдама знаходзяцца два універсітэты: Амстэрдамскі ўніверсітэт і Свабодны ўніверсітэт.
Амстэрдамскі ўніверсітэт быў заснаваны ў 1632 годзе як Ліцэй асветы і першапачаткова уключаў у сябе два факультэты: эканамічны і філасофскі. У 1877 годзе ліцэю было прысвоена званне ўніверсітэта. У цяперашні час універсітэт падзяляецца на сем факультэтаў: гуманітарных навук, грамадскіх навук, прыродазнаўчых навук, факультэт эканомікі і бізнесу, юрыдычны факультэт, медыцынскі факультэт і асобна ад яго зубалячэбны факультэт. Універсітэт налічвае звыш 25 тысяч студэнтаў.
Свабодны ўніверсітэт быў заснаваны ў 1880 годзе на сродкі пратэстанцкай абшчыны. Да 60-х гадоў XX стагоддзя ў гэтым універсітэце навучаліся практычна выключна студэнты пратэстанцкага веравызнання. Універсітэт уключае ў сябе 13 факультэтаў і 11 навукова-даследчых інстытутаў.
У горадзе дзейнічае буйны навуковы музей «Нема» (заснаваны ў 1997 годзе), разлічаны на моладзевую аўдыторыю. Купіўшы квіток у музей, наведвальнікі могуць азнаёміцца з асноўнымі законамі фізікі, хіміі, біялогіі і іншых навук у простай гульнявой форме[21].
Музыка
[правіць | правіць зыходнік]У Амстэрдаме знаходзіцца адна з найвядомейшых канцэртных зал свету — Кансертгебау (нідэрл.: Concertgebouw). Яна з'яўляецца сядзібай Каралеўскага аркестра Кансертгебау. Ад 2004 года галоўным дырыжорам гэтага аркестра з'яўляецца Марыс Янсанс.
Спорт
[правіць | правіць зыходнік]У горадзе штогод праводзіцца мноства спаборніцтваў. Сярод іх можна вылучыць Амстэрдамскі марафон і прабег Dam tot Damloop. Цэнтральны стадыён Амстэрдам-Арэна з'яўляецца дамашняй арэнай футбольнага клуба «Аякс».
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Пераважная большасць з'яўляецца пратэстантамі, ёсць каталікі і прадстаўнікі іншых рэлігій.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Berns, Jan; Daan, Jo (1993). «Hij zeit wat: de Amsterdamse volkstaal». The Hague: BZZTôH. ст. 91. ISBN 90-6291-756-9. (гал.)
- ↑ «The toll privilege of 1275 in the Amsterdam City Archives» Архівавана 6 студзеня 2016. Stadsarchief.amsterdam.nl. (англ.)
- ↑ «Amsterdam 200 jaar ouder dan aangenomen» Архівавана 25 кастрычніка 2008.. Nu.nl. (гал.)
- ↑ «De geschiedenis van Amsterdam» Архівавана 19 жніўня 2012.. Municipality of Amsterdam. (гал.)
- ↑ «Mirakel van Amsterdam». Trouw.nl (гал.)
- ↑ «Eighty Years' War». Leiden University (гал.)
- ↑ а б E. Haverkamp-Bergmann, Rembrandt; The Night Watch (New Jersey: Princeton University Press, 1982), ст. 57 (англ.)
- ↑ The oldest share (англ.)
- ↑ Geography, climate, population, economy, society Архівавана 3 лютага 2010.. J.P.Sommerville (англ.)
- ↑ «Amsterdam through the ages -A medieval village becomes a global city» (англ.)
- ↑ «Aardappeloproer — Legermuseum» Архівавана 28 мая 2008. (гал.)
- ↑ «Kou en strijd in een barre winter» Архівавана 20 верасня 2008.. NOS. (гал.)
- ↑ «Stadsdeel Slotervaart — Geschiedenis» Архівавана 3 мая 2008.. Municipality Amsterdam. (гал.)
- ↑ «Stadsherstel Missie/Historie». Stadsherstelamsterdam.nl/
- ↑ Nieuwe normaal 1981—2010. Meteo Consult (гал.)
- ↑ Amsterdam — Economische Zaken Архівавана 5 снежня 2008.. ez.amsterdam.nl (гал.)
- ↑ European Cities Monitor 2007. (гал.)
- ↑ Zuidas. (гал.)
- ↑ Rembrandt Tower. emporis.com (англ.)
- ↑ Philips (гал.)
- ↑ Тезисы доклада специалиста по коммуникациям центра «Немо»
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Амстэрдам
- I Amsterdam (англ.)
- Ваш партал у Галандыі
- City of Amsterdam
- FM радыё з Амстэрдама Архівавана 12 жніўня 2013.
- Amsterdam Hotspots
- Amsterdam, VisitTown.com Архівавана 14 лістапада 2013.
- Гатэлі ў Амстэрдаме (WorldHotels)
- Amsterdam in Site Архівавана 29 кастрычніка 2008. (Фатаграфіі: Amsterdam. сапраўдны, віртуальны.)
- Канцэртгебау