Перайсці да зместу

Смальянскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Замак
Замак "Белы Ковель"
Руіны замка
Руіны замка
54°36′05,6″ пн. ш. 30°03′15,30″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Смальяны
Архітэктурны стыль Рэнесанс
Заснавальнік Сымон Самуэль Сангушка
Дата заснавання другое дзесяцігоддзе XVII стагоддзя
Стан захаваліся руіны вежы
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Смальянскі замак, або замак «Белы Ковель» — руіны замка знаходзяцца на паўночна-заходняй ускраіне вёскі Смальяны (Аршанскі раён, Віцебская вобласць) на правым беразе ракі Дзярноўка. Замак пабудаваны ў 1-й чвэрці 17 ст. князем С. Сангушкам-Ковельскім. Змураваны з буйной цэглы і невялікіх камянёў. Моцна пашкоджаны ў час Паўночнай вайны ў 1708 г., канчаткова разбураны ў 1-й палавіне 19 ст. Захаваліся рэшткі вежы.

Рэканструкцыя выгляду замка. Павел Татарнікаў

Здзірванелая прамавугольная ў плане пляцоўка замка (100 х 200 м) толькі на 40—60 см узвышаецца над балоцістай поймай. Магчыма, у 17—18 ст. замак быў абкружаны штучным вадаёмам. Гэта пацвярджаецца яго размяшчэннем у балоцістай нізіне і адсутнасцю валоў і асабліва бастыёнаў. Прыкладна ў цэнтры прамавугольніка на невысокім узгорку знаходзяцца руіны (да 20 м вышынёй) пяціграннага вежавага выступу. Яго замкнуты аб'ём ствараецца сцяной 2—3-павярховага корпуса (магчыма, галоўнага будынка замка). 3 вежы быў выхад ва ўнутраны двор замка, абмежаваны трохпавярховымі карпусамі з квадратнымі вежамі па вуглах, высунутымі за лінію сцен, і ўязной брамай.

Ацалелая вежа знутры
Замак узімку

Муроўка замка па тыпу найбольш блізкая да так званай галандскай. У муроўцы трапляюцца сярэдніх памераў камяні, падчас па некалькі ў рад. Таўшчыня сцен ад 120 да 170 см. Памеры цэглы 8 х 13 х 29 см.

Уцалелыя дэталі вонкавага дэкору — ляпны картуш і абрамленні аконных праёмаў — пераклікаюцца з узорамі дэкору і архітэктуры 1-й палавіны 16 ст. Захаваліся таксама фрагменты інтэр'ера — сляды вітай лесвіцы, якая ішла па ўнутраным перыметры вежы, вялікая колькасць рознага памеру ніш па ўнутранай паверхні той жа вежы, арачны пераход з галоўнага корпуса ў вежу, дэталі камінаў. Замак быў афарбаваны ў белы колер. У пачатку 17 ст. сцены памяшканняў размаляваны фрэскамі. Замак быў адным з буйнейшых палацава-замкавых ансамбляў на тэрыторыі Беларусі ў пачатку 17 ст.

  • Руіны замка «Белы Ковель» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мн., 1985. — С. 114—115.
  • Руіны замка «Белы Ковель» // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2000. — Кн. 2. — С. 466.
  • Смольянский замок // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. — Мн., 2008. — Т. 6. — С. 738—739.
  • Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь, А. М. Кулагін, Ю. У. Чантурыя і інш. Уклад. Габрусь Т. В. — Мн.: Полымя, 1998. — 351 с.: іл. — ISBN 985-07-0036-Х — С. 22-23.
  • Ткачоў М. А. Смалянскі замак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 48—49. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).