Сан-П’етра (востраў)
Сан-П’етра | |
---|---|
італ. San Pietro, сардз. Sàntu Pèdru | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 53,9 км² |
Насельніцтва | 6 211 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 115,23 чал./км² |
Размяшчэнне | |
39°07′59″ пн. ш. 8°16′42″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Міжземнае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Востраў Сан-П'е́тра (італ.: Isola di San Pietro, сард. Isula 'e Sàntu Pèdru) — востраў на паўднёвым захадзе італьянскага аўтаномнага рэгіёна Сардзінія. Плошча — 53,9 км². Насельніцтва (2016 г.) — 6 211 чалавек.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Сан-П'етра месціцца каля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Сардзініі за 68,7 км на захад ад Кальяры. Адлучаны ад Сардзініі пралівам шырынёй 6,1 км. За 3,2 км на паўднёвы ўсход знаходзіцца буйны востраў Сант-Антыёка.
Суша сфарміравалася ў перыяд міяцэна ў выніку вулканічных вывяржэнняў. Яны суправаджаліся катастрафічнымі землятрусамі і расколінамі зямной паверхні. У пазнейшы перыяд расколіна паміж Сан-П'етра і Сардзініяй была затоплена морам. Берагавая лінія цягнеццца 33 км. 18 км пакрыты скаламі са слядамі разломаў, залівамі і прыбярэжнымі пячорамі. Усходні бераг нізкі з пясчанымі пляжамі.
Ландшафт унутранай часткі вызначаны пагоркамі. Самы высокі з іх дасягае 211 м над узроўнем мора. На востраве практычна няма сталых вадацёкаў, аднак паміж пагоркамі сустракаюцца паніжэнні, занятыя балотамі і невялікімі азёрамі.
Карысныя выкапні: свінец, марганец.
Клімат міжземнаморскі засушлівы. Узімку востраў адкрыты містралям, якія значна астуджаюць паветра.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Значная частка паверхні пакрыта скаламі з рэдкімі травамі. Сады і гаі растуць на абароненых ад вятроў паўднёва-заходніх частках пагоркаў. На востраве Сан-П'етра сустракаюцца дубы, хвоі, ядловец, сунічнае дрэва, мальвакветныя расліны. На поўдні вострава растуць карлікавыя пальмы, якія называюць далонню Святога Пятра. Лічыцца, што дзякуючы ім востраў набыў сваю назву. З-за чалавечай дзейнасці шырока распаўсюдзіліся вінаград, масліны, апунцыя.
Востраў Сан-П'етра — важнае месца для пералётных птушак. Увосень каля ўзбярэжжа адбываецца міграцыя тунца. З даўніх часоў гэты перыяд выкарыстоўваюць для масавага лову рыбы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Сан-П’етра быў населены ўжо ў неаліце. На поўднёвым усходзе вострава выяўлена пячорная магільня тыпу домус-дэ-янас. У 1 тысячагоддзі да н. э. на ім спыняліся фінікійскія мараплаўцы. Пасля Першай пунічнай вайны Сан-П'етра трапіў пад уладу Рыма. Згодна паданню, шторм заспеў каля берагоў вострава карабель, на якім плыў Святы Пётр. З гэтай падзеяй звязвуюць яго сучасную назву.
У сярэднявеччы Сан-П'етра быў пакінуты жыхарамі з-за нападаў карсараў. У 1736 г. сюды перасяліліся з Табаркі лігурыйскія каланісты. Яны заснавалі на ўсходнім беразе горад Карлафортэ. У 1793 г. на кароткі час акупаваны Францыяй. У 1798 г. туніскія карсары захапілі ў палон амаль 1000 астравіцян.
Мясцовыя жыхары працягваюць захоўваць элементы лігурыйскай каланіяльнай культуры і дыялектную гаворку табарчына.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Il portale su Carloforte e l'Isola di San Pietro in Sardegna Архівавана 16 мая 2023.
- STORIA DELL'ISOLA DI SAN PIETRO
- Isola di San Pietro Sardegna Turismo - Sito ufficiale del turismo Архівавана 30 мая 2019.
- Sito ufficiale per il Turismo a Carloforte
- CARTA GEOMORFOLOGICA COSTIERA E MARINA Isola di San Pietro