Сайгак, таксама Сайга[2] (Saiga tatarica) — парнакапытнае млекакормячае з падсямейства сапраўдных антылоп (хоць з-за сваёй своеасаблівай анатоміі яго часам разам з тыбецкай антылопай адносяць да асаблівага падсямейства).
Даўжыня тулава 110—146 см, хваста — 8-12 см, вышыня ў карку 60-79 см, маса да 51 кг; самкі некалькі меншыя за самцоў. Канцавіны адносна кароткія. Галава непрапарцыйна вялікая, пярэдняя частка пысы ўздутая, навісае ў выглядзе мяккага рухомага хабатка, ноздры збліжаныя і накіраваныя ўніз. Рогі напаўпразрыстыя, жаўтлявыя або ружаватыя, лірападобныя з папярочнымі кольцавымі валікамі; ёсць толькі ў самцоў. Афарбоўка жаўтлява-рудая, больш цёмная да сярэдзіны спіны. Зімовая поўсць прыкметна даўжэйшая і гусцейшая, больш светлая.
У 2002 годзе Міжнародным саюзам аховы прыроды (МСАП) гэты від быў аднесены да катэгорыі «CR», гэта значыць «які знаходзіцца ў крытычным стане». Першапачаткова засялялі вялікую тэрыторыю ў стэпах і паўпустынях Еўразіі ад падножжа Карпацкіх гор і Каўказа да Джунгарыі і Манголіі. Зараз сайгакі жывуць толькі ў Казахстане, Узбекістане, з заходамі ў Туркменію, у Расіі (у Калмыкіі і Астраханскай вобласці) і заходняй Манголіі.