Перайсці да зместу

Рэчышча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэчышча раўніннай ракі
Рэчышча горнай ракі

Рэчышча — найбольш паніжаная частка рачной даліны, па якой адбываецца сцёк вады ў міжпаводкавыя перыяды. Шырыня рэчышча буйных рэк ад дзясяткаў і сотняў метраў да некалькіх кіламетраў. Па даўжыні рэчышча плёсы чаргуюцца з перакатамі. Для рэчышча раўнінных рэк характэрны рукавы, меандры і рэчышчавыя ўтварэнні (астравы, асяродкі, косы, мелі, пляжы і інш.). Рэчышчы горных рэк парожыстыя, часта скалістыя.

Пры разводдзях і паводках вада не ўмяшчаецца ў рэчышча і выходзіць на пойму. У гэтыя перыяды фарміруюцца прырэчышчавыя валы, адбываецца найбольшая эразійная работа рэк, што можа выклікаць істотныя змены ў мікрарэльефе і форме рэчышча. У засушлівых раёнах рэчышчы многіх рэк большую частку года застаюцца сухімі.

Рэчышча Дняпра

Для рэк Беларусі характэрны рэчышчы раўнінных і нізінных рэк — звілістыя, месцамі падзеленыя на рукавы, часта суправаджаюцца пратокамі, старыцамі. Шырыня рэчышча пераважна 10—20 м, у ніжніх цячэннях 30—50 м. Шырыня рэчышча буйных рэк звычайна 80—120 м, месцамі да 300—500 м. Глыбіня большасці рэчышчаў складае 0,3—1 м, на плёсах 1—4 м, месцамі да 6—8 м.