Перайсці да зместу

Рацы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рацы (сербск.: Раци / Raci, Рашани / Rašani; харв.: Raci, Rašani; венг.: Rácok; нідэрл.: Raizen; ням.: Raizen, Raitzen, Rascier, die raizische Nation; лац.: Rasciani, Natio Rasciana) — жыхары сербскай сярэднявечнай дзяржавы Рашкі (сербск.: Рашка / Raška; лац.: Rascia). Пазней — назва (экзаэтнонім) сербаў. У крыніцах сустракаецца з 1189 года, тым часам як этнонім «серб» вядомы з франкскіх аналаў пад 822 годам[1].

У часы асманскага заваявання Балкан мноства сербаў пакінула свой край і аселі на тэрыторыі сучасных Румыніі, Венгрыі, Славакіі, дзе хутка адаптаваліся да новых рэалій. Ужо ў 1474 годзе атрад рацаў у складзе венгерскага войска ўдзельнічаў у нападзе на польскі горад Кросна.[2]

У XVII—XIX стагоддзях назвы «рацы» або «рашане», нароўні з «іліры» (ням.: die illyrische Nation), ужываліся ў нямецка- і лацінамоўных і да сербаў, якія імігравалі на абшары Панонскай нізіны (сучасная Ваяводзіна) і іх нашчадкаў. Сербы мірыліся з ужываннем да іх гэтых экзаэтнонімаў у афіцыйных дакументах, але ніколі не ўжывалі іх як саманазву[3].

Рацы ў Вялікім Княстве Літоўскім

[правіць | правіць зыходнік]

Непасрэдна ў Княстве сербы як рацы вядомы прынамсі з 1499 года, калі, паводле літоўскага гісторыка Гедзімінаса Лесмайціса, аднаму з іх адмовілі ў найманні. Потым рацы як найміты на вайсковай службе сустракаюцца часцей, іх баявы досвед быў ацэнены сучаснікамі.[2]

Апроч баявога досведу і добрай падрыхтоўкі найманне рацаў каштавала танней, так у 1503 годзе рота Рэя з 80 рацаў стала скарбу ў два разы танней за іншыя аналагічныя кавалерыйскія роты.[2]

Рацы бралі ўдзел прынамсі ў бітвах з татарамі на Ушы ў 1502 годзе пад камандаваннем князя Сямёна Алелькавіча і ў Клецкай бітве 1506 года пад камандаваннем князя Міхаіла Глінскага, калі паказалі сябе вельмі добра.[2]

Магчыма, Глінскія былі пратэктарамі рацаў у Княстве як сваякі сербскіх уладароў (дэспатаў) Бранкавічаў. Таксама дзве малодшыя дачкі апошняга дэспата Ёвана Бранкавіча былі ў шлюбах з вышэйшай вялікалітоўскай арыстакратыяй, Марына з князем Вішнявецкім, а потым з князем Чартарыйскім, а Ганна — з князем Сангушкам, а потым з князем Збаражскім.[2]

Падраздзяленні рацаў былі лёгкай кавалерыяй, узброенай дзідай даўжынёй 2,5 метры і шабляй, без даспехаў. Па тактыцы бою іх нярэдка таксама называлі гусарамі, часам адны і тыя нанятыя сербы ў дакументах адзін год атрымлівалі грошы як «рацы», а ў іншы год як «гусары».[2]

  1. Велизар Енчев. Югославия — последната балканска империя (балг.). — София: ИК «Ренесанс», 2005. — С. 22. — ISBN 954-91612-1-8.
  2. а б в г д е Олександр Полубяко. Рацы - сербы на службе в ВКЛ (руск.). Delfi RU. Праверана 8 лістапада 2024.
  3. Сима Чиркович. История сербов. — М.: Весь мир, 2009. — 448 с. — ISBN 78-5-7777-0431-3.