Перайсці да зместу

Расціслаў Глебавіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Расціслаў
князь полацкі
1151 — 1159
Папярэднік Рагвалод Барысавіч
Пераемнік Рагвалод Барысавіч
князь менскі
1140-я — 1151
1158 — 1161/1162
Папярэднік Валадар Глебавіч
Пераемнік Валадар Глебавіч

Нараджэнне 1090-я
Смерць 1161/1162
Род Ізяславічы Полацкія
Бацька Глеб Усяславіч
Маці Анастасія Яраполкаўна
Жонка Сафія Яраслаўна[d]
Дзеці Глеб Расціславіч
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Расціслаў Глебавіч (1090-я — пасля 1161/1162) — князь менскі (1140-я — 1151; 1158—1161/1162), князь полацкі (1151—1158). Сын мінскага князя Глеба Усяславіча. Вёў барацьбу за дамінаванне Менска ў Полацкай зямлі. Жанаты з Сафіяй Яраслаўнай, сястрой тураўскага князя Юрыя Яраславіча.

У 1151 годзе, у выніку змовы палачан супраць Рагвалода-Васіля, Расціслаў заняў полацкі сталец, а Рагвалод-Васіль быў зняволены ў менскую турму. Менск быў перададзены Расціслававу брату Валадару. У 1157 годзе Расціславава пляменніца Сафія Валадараўна выйшла замуж за дацкага караля Вальдэмара I, магчыма гэта было вынікам нейкага Расціслававага пагаднення з Даніяй.

У 1158 годзе Расціслаў быў вымушаны вызваліць Рагвалода-Васіля, які неўзабаве захапіў Друцк і выгнаў адтуль сына Расціслава — Глеба. Расціслаў з Валадаром і Усеваладам пайшоў да Друцка, але не здолеў узяць. Глебавічы заключылі мір з Рагалодам-Васілём. Аднак, ужо ў 1158 годзе палачане змовіліся супраць Расціслава, нават хацелі забіць, але яго папярэдзіў «дзецкі» — малодшы дружыннік. Расціслаў, вымушана пайшоў з Полацка ў Менск, дарогай моцна парабаваў полацкія воласці. Полацкі сталец зноў заняў (8.7.1158) Рагвалод-Васіль, які ў саюзе з смаленскімі князямі выступіў супраць Менска. Рагвалод-Васіль забраў у Глебавічаў Ізяслаўль і аддаў яго сваім саюзнікам — сынам Давыда Усяславіча, пратрымаў у 10-дзённай безвыніковай аблозе Менск і заключыў з Расціславам мір. Валадар не заключаў міру з Рагвалодам-Васілём, бо тым часам быў недзе на літоўскім памежжы (ходяше под Литвою в лесех).

У 1159 годзе Глебавічы вярнулі сабе Ізяслаўль, захапілі Давыдавічаў — Брачыслава і Валодшу і пасадзілі іх у менскую турму. З гэтай прычыны ў 1160 годзе Рагвалод-Васіль зноў пайшоў да Менска — Давыдавічаў вызвалілі і вярнулі ім Ізяслаўль.

У 1161 годзе Рагвалод-Васіль з нейкіх прычын зноў ваяваў з Глебавічамі, але безвынікова. У тым жа годзе Расціслаў памёр, менскім князем стаў Валадар.

  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975;
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. Мн., 1998, — 260 с.