Раванічы
Аграгарадок
Раванічы
| ||||||||||||||||||||||||
Рава́нічы[2] (трансліт.: Ravaničy, руск.: Рованичи) — аграгарадок у Чэрвеньскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Уша. Адміністрацыйны цэнтр Раваніцкага сельсавета. Насельніцтва 849 чал. (2009). Знаходзіцца за 31 км на паўночны ўсход ад Чэрвеня, за 45 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Мінск — Орша); на аўтамабільнай дарозе Н9945 (Чэрвень — Раваніцкая Слабада).
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Першыя насельнікі мясціны — дрыгавічы — жылі ў паўзямлянках, зямлянках, равах. Паўзямлянка мела 2—3 драўляныя вянцы, укапаныя на 50—70 см у зямлю, і накрывалася дахам. У яе цэнтры знаходзілася вогнішча, вымашчанае камянямі, альбо печ-каменка. Плошча такога збудавання магла складаць звыш 15—16 м. Размяшчаліся яны амаль упрытык адно ад аднаго. У сувязі з гэтым можна адзначыць наступныя характарыстыкі тапоніму «Раванічы». Па-першае, продкі выкарысталі множны лік. Значыць, паселішча дрыгавічоў займала вялікую плошчу і мела значную колькасць насельніцтва. Па-другое, патрэбна прыгледзецца больш пільна і да канчатка слова. У ім можна знайсці не толькі тыповую ўказку на множны лік, але і на слова «нічы». Значыць вёска ўзнікла на месцы былых равоў, зямлянак, якія меліся быць пакінутымі — былі нічыя. Літара «н» у слове не выпадковая. З гэтага вынікае, што Раванічы складаюцца з двух слоў — «равы нічыя». З цягам часу нашчадкі дрыгавічоў пачалі жыць толькі ў наземных пабудовах. Равы пакінулі, але мясціны для жыцця людзей тут былі вельмі прыдатнымі. Таму пазней зноў выкарысталі гэту пляцоўку для паселішча.
Такім чынам, назва вёскі Раванічы тлумачыцца як паселішча, размешчанае на равах — месца жыццядзейнасці дрыгавічоў[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя Раванічаў налічвае больш за тысячу гадоў. На тэрыторыі, якую займае сучасная вёска, калісьці жылі дрыгавічы. Яны згадваюцца ў IX ст. у «Аповесці мінулых часоў», а таксама візантыйскім гісторыкам Канстанцінам Багранародным у 948 годзе. У самой вёсцы захаваліся археалагічныя помнікі той далёкай эпохі — 2 курганныя могільнікі.
Першы пісьмовы ўспамін пра Раванічы як сяло ва ўладанні Гаштольдаў датуецца 1535. Паводле інтэнтару (1549) яны былі цэнтрам воласці і лічылі 68 двароў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай мясцовасць увайшла ў склад Менскага павета Менскага ваяводства. Паводле падымнага тарыфу 1667 маёнтак Раванічы ў памеры 33 дымоў быў ва ўладанні Крыштафа Гарабурды, а ў 1690 — Яна і Крыштафа Гарабурдаў. У 1700 паселішча перайшло да князя Мікалаю Францішка Агінскага, у 1790 — да Андрэя Слатвінскага, які фундаваў тут касцёл Святога Антонія.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Раванічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1799 тут збудавалі царкву, працаваў бровар, у 1843 — суконная (40 работнікаў), дывановая і шкляная фабрыкі, у 1863 — народнае вучылішча. Станам на 1800 у Раванічах было 13 двароў[4], на 1886 — 4 двары, народнае вучылішча. 2 царквы, касцёл, капліца, суконная фабрыка, шкіпінарны завод, крама; у 1888 працавалі бровар і крухмальны завод (каля 20 работнікаў). Паводле вынікаў перапісу (1897) існавалі аднайменныя вёска (28 гаспадарак), сяло (3 двары) і 2 маёнткі (16 двароў, бровар). Да 1917 тут было 48 двароў, працавала пошта.
У 1919 Раванічы ўвайшлі ў БССР, дзе 20 жніўня 1924 зрабілася цэнтрам сельсавета. На пач. 1930-х працавалі бровар, рымарская майстэрня, лесапільня, кузня, стальмашня. Станам на 1999 у вёсцы было 326 двароў.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1886 — 50 чал.; 1897 — 173 чал. у вёсцы Раванічы, 23 чал. у сяле Раванічы і 95 чал. у 2 маёнтках Раванічы
- XX стагоддзе: 1917 — 289 чал.; 1999 — 867 чал.[5]
- XXI стагоддзе: 2009 — 849 чал.
Інфраструктура
[правіць | правіць зыходнік]У Раванічах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Турыстычная інфармацыя
[правіць | правіць зыходнік]Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Сядзібна-паркавы комплекс Слатвінскіх
[правіць | правіць зыходнік]Сядзіба пачала фарміравацца за Антоніем Слатвінскім. У першай палове XIX стагоддзя быў узведзены палац у класічным стылі і шматлікія гаспадарчыя пабудовы. На месцы саду старой сядзібы заклалі пейзажны парк, у якім да нашае пары засталіся адзіныя на Беларусі дрэвы — белы дуб і клён серабрысты.
Касцёл Святога Антонія
[правіць | правіць зыходнік]У 1790 годзе Андрэй Слатвінскі фундаваў у Раванічах касцёл Святога Антонія. Будова вялася ў найбольш прыпаднятай частцы маёнтку і ў наступным часе прызначалася для фамільнай пахавальні. Да нашае пары касцёл захаваўся без даху — гарэў недзе ў 80-я гады.
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Царква Нараджэння Божай Маці (1862)
Вядомыя выхадцы
[правіць | правіць зыходнік]- Яніна Германовіч (1909—1959) — жонка беларускага паэта Тодара Кляшторнага
- Людвік Антонавіч Слатвінскі (1801 — паміж 1876 і 1889) — дзяржаўны службовец.
Зноскі
- ↑ Раванічы Архівавана 26 сакавіка 2012., гістарычная даведка
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Ярашэвіч І. П. Чэрвеньшчына: гісторыя ў тапонімах. — Мн.: «Літаратура і мастацтва», 2009.
- ↑ Памяць. Чэрвеньскі раён 2000.
- ↑ Ганна Дулеба. Раванічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. С. 37.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Чэрвеньскага р-на / Уклад.: Г. М. Аўласенка, З. І. Малейка. — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 621 c.: іл. — ISBN 985-6302-21-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Rawanicze // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze (польск.). — Warszawa, 1888. S. 566.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 191. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (Т. 13).
- Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
- Федорук А. Т. Садово-парковое искусство Беларуси. — Минск: Ураджай, 1989. — 247 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Раванічы