Перайсці да зместу

Піетызм

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Піетызм — першапачаткова рух унутры лютэранства, які характарызуецца наданнем асаблівай значнасці асабістай пабожнасці, рэлігійных перажыванняў вернікаў, адчуванню жывых зносін з Богам, а таксама адчуванню сталага знаходжання пад строгім і пільным «Боскім вокам». Піетызм падчас свайго ўзнікнення супрацьпастаўляўся лютэранскай артадоксіі, акцэнт у якой рабіўся на дагматыку, якая далёка не заўсёды была зразумелая парафіянам.

Паколькі піетысты не надавалі вялікага значэння дагматыцы, то меў месца ўзаемны ўплыў на аналагічныя рухі ўнутры іншых пратэстанцкіх канфесій, з прычыны чаго тэрмін «піетызм» ужываецца і ў дачыненні да не звязаных з лютэранствам дэнамінацый і рэлігійных груп.

Піетыстамі ўпершыню сталі называцца ў Лейпцыгу паслядоўнікі Філіпа Якаба Шпенера, гэта значыць маладыя магістры, хто чытаў у 1689 годзе павучальныя лекцыі (лац.: collegia philobiblica). Яны надавалі большае значэнне ўнутранай пабожнасці, дзейснай любові, маральнаму ўдасканаленню і шчыраму раскаянню, чым няўхільнаму выкананню царкоўных правілаў і прадпісанняў. Абнаўленне і адраджэнне лічыліся імі прыкметай выратавальнай веры; духоўнае служэнне Богу ўсіх вернікаў супрацьпастаўляюць, як нешта вышэйшае за ўладу пастараў. Для ўзбуджэння і насаджэння пабожнасці яны раілі ладзіць павучальныя сходкі па хатах (лац.: collegia pietatis), якія сам Шпенер увёў упершыню ў Франкфурце-на-Майне.