Пупутан
Пупутан (балійск.: Puputan, ад puput «растанне») — звычай масавых самазабойстваў сярод балійскіх індуістаў у выніку паражэння падчас вайны.
Найбольш вядомыя выпадкі пупутан адбыліся ў 1849, 1906, 1908 г. і 1946 г. Усе яны былі звязаны з сутыкненнямі балійцаў з галандскімі каланіяльнымі войскамі. У 1849 г. часткі арміі і флота Галандскай Ост-Індыі ўварваліся на поўнач Балі. Яны здолелі акружыць войска мясцовага раджы, аднак балійскія воіны і чальцы сем'яў высакародных асоб аддалі перавагу самагубству замест далейшага супраціўлення або палону. Лічыцца, што загінула некалькі тысяч балійцаў, у тым ліку цяжарная жанчына. Пры гэтым раджа і яго першы дарадца збеглі на поўдень вострава. У далейшым, супраціўленне балійцаў іншых рэгіёнаў вымусіла каланіяльную армію спыніць наступ і падпісаць мірны дагавор.
У 1906 г. ваенная экспедыцыя Галандскай Ост-Індыі практычна без баёў заняла Дэнпасар. Раджа і яго прыдворныя выйшлі насустрач акупантам і на вачах у іх пачалі забіваць адзін іншага з дапамогай рытуальных крысаў. Частка прыдворных загінула ад стрэлаў галандскіх салдат. Колькасць ахвяр з боку балійцаў набліжалася да 1000 чалавек. Некалькі высакародных балійцаў з суседняга княства Табанан скончылі жыццё самагубствам ужо ў турме, хаця галандцы прапаноўвалі ім пачэсную высылку на суседнія астравы. У 1908 г. раджа невялікага княства Клунгклунг на паўднёвым усходзе Балі разам з 200 паплечнікамі, узброенымі толькі рытуальнымі крысамі, здзейснілі напад на галандскіх салдат і былі растраляны. Паколькі іх напад меў мала шанцаў на поспех, гэты выпадак таксама масавым самазабойствам. У сучаснай інданезійскай гістарыяграфіі пупутан 1906 г. і 1908 г. разглядаюцца як формы антыкаланіяльнага супраціўлення, высока ўшаноўваюцца балійцамі.
У маі 1946 г. на ўсходзе Балі некалькі сотняў балійскіх і яванскіх салдат і паліцэйскіх паўсталі супраць каланіяльнай цывільнай адміністрацыі. Яны прынялі пупутан у форме апошняга безнадзейнага бою.