Правда (газета)
«Праўда» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
руск.: Правда |
Тып | штодзённік |
Фармат | А2 |
Заснавальнік | Уладзімір Ільіч Ленін |
Уладальнік | Камуністычная партыя Расійскай Федэрацыі |
Выдавец | Рэдакцыя газеты |
Краіна | |
Галоўны рэдактар | Boris Komocki[d] і Ivan T. Frolov[d][2] |
Заснавана | 1912 |
Спыненне публікацый | 6 верасня 1991 |
Палітычная прыналежнасць | ультралевыя |
Мова | руская[1] |
Перыядычнасць | 1 суткі |
Кошт | вольны |
Галоўны офіс | Расія, Масква, Паўночная адміністрацыйная акруга, Бегавы раён, вул. Праўды, д. 24 |
Тыраж | 100 300 (2017 г.) |
ISSN | 0233-4275 |
Узнагароды | |
Вэб-сайт | gazeta-pravda.ru (руск.) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Праўда» (руск.: «Правда») — газета Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі, заснаваная ў маі 1912 года[3] ў Санкт-Пецярбургу. Выходзіць тройчы на тыдзень.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]3 кастрычніка (16 кастрычніка) 1908 года ў Жэневе (Швейцарыя) выйшаў першы нумар рускамоўнай газеты «Праўда» пад рэдакцыяй эмігранта Льва Троцкага (сапр. Лейбы Бранштэйна), які пазычыў для таго грошы. Удзельнікі Саюза чарнаморскіх маракоў падпольна даставілі яго ў Расійскую імперыю. 5 наступных нумароў выйшлі ў Львове (Каралеўства Галічыны і Ладамерыі, Цыслейтанія, Аўстра-Венгрыя; цяпер Украіна), адкуль кантрабандай праз наземную мяжу патрапілі ў Расійскую імперыю. Першыя 2 нумары газеты мелі падзагаловак «Орган украінскага саюза „Суполка“ », які ўваходзіў у склад Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП). Надалей газету выдавалі ў Вене (цяпер Аўстрыя) па Марыянскай алеі, д. 17. 16 мая 1909 г. Цэнтральны камітэт РСДРП абвясціў рэдакцыю газеты партыйнай групай. 23 красавіка (6 мая) 1912 г. выйшаў апошні 25-ы нумар газеты, заснаванай Тракайскім.
5 (18) студзеня — 17 (30) студзеня 1912 года ў Празе (Чэшскае каралеўства, Цыслейтанія, Аўстра-Венгрыя; цяпер Чэхія) адбылася 6-я канферэнцыя РСДРП, якая на прапанову Уладзіміра Леніна (сапр. Ульянаў) скасавала грашовую падтрымку венскай газеты «Праўда» Тракайскага на карысць стварэння аднайменнай бальшавіцкай газеты ў якасці штодзённай. 22 красавіка (5 мая) 1912 года ў Санкт-Пецярбургу выйшаў першы нумар штодзённай газеты «Праўда»[3]. Афіцыйным выдаўцом да снежня 1912 г. быў бальшавіцкі дэпутат Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі Мікалай Палатаеў. Частку тыража выраблялі ў друкарні на поўначы Нарвегіі ў губерні Фінмарк. Адтуль газету перапраўлялі ў бочках з селядцом у Архангельск. Наклад газеты складаў каля 40 000 асобнікаў. Са снежня 1912 г. выдаўцом стаў бальшавіцкі дэпутат Дзяржаўнай думы 4-га склікання Аляксей Бадаеў. Сакратаром рэдакцыі працаваў Вячаслаў Молатаў (сапр. Скрабін). 3 ліпеня (16 ліпеня) 1913 г. газету «Праўда» ўпершыню зачынілі. Сярод 356 нумароў 49 канфіскавалі і 21 аштрафавалі. Цягам 2 гадоў газету зачынялі яшчэ 7 разоў, пасля чаго тая працягвала выходзіць пад змененымі назвамі: «Рабочая праўда» (13 ліпеня — 1 жніўня 1913 г., 17 нумароў — 12 канф., 2 аштр.), «Паўночная праўда» (1 жніўня — 7 верасня, 31 нумар — 20 канф., 3 аштр.), «Праўда працы» (11 верасня — 9 кастрычніка, 52 нумары — 21 канф., 2 аштр.), «За праўду» (1 кастрычніка — 5 снежня), «Пралетарская праўда» (7 снежня 1913 г. — 21 мая 1914 г., 92 нумары) і «Працоўная праўда» (23 мая — 8 ліпеня (21 ліпеня) 1914 г., 35 нумароў)[4].
5 сакавіка (18 сакавіка) 1917 г. газета аднавіла выпуск у Петраградзе ў якасці органа ЦК РСДРП (бальшавікоў). Наклад газеты «Праўда» дасягаў 85 000 асобнікаў дзякуючы грашовай падтрымцы ўрада Германскай імперыі, якая ажыццяўлялася праз член Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Аляксандра Парвуса (нар. 1867, Беразіно). 3 снежня 1917 г. нямецкі дзярж.сакратар замежных спраў Рыхард Кюльман пісаў нямецкаму імператару Вільгельму II: «Толькі тады, калі бальшавікі сталі атрымліваць ад нас пастаянны прыток сродкаў праз розныя каналы і пад рознымі біркамі, яны сталі ў стане паставіць на ногі свой галоўны орган „Праўду“, весці энергічную прапаганду і значна пашырыць першапачаткова вузкую базу сваёй партыі»[5].
5 ліпеня (18 ліпеня) 1917 г. газету зачынілі пасля здушэння 3-дзённага паўстання ў Петраградзе з удзелам бальшавікоў. Надалей цягам 4 месяцаў газету выдавалі пад іншымі назвамі: «Лісток „Праўды“», «Рабочы і салдат», «Пралетары», «Рабочы» і «Рабочы шлях». 27 кастрычніка (9 лістапада) 1917 г. газета аднавіла выпуск над назвай «Праўда» ў выніку кастрычніцкага перавароту бальшавікоў у Петраградзе. З 16 сакавіка 1918 г. пачала выдавацца ў Маскве[4]. У 1918 г. газета «Праўда» займела найбольшы тыраж у РСФСР, бо бальшавіцкі ўрад зачыніў выданні, незалежныя ад Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў). 5 мая абвясцілі Днём савецкага друку, бо ў той дзень выйшаў яе першы нумар у 1912 годзе. 2 сакавіка 1930 г. генеральны сакратар Усесаюзнай камуністычнай партыі Іосіф Сталін выдаў у «Праўдзе» свой артыкул «Запамарока ад поспехаў» пра «перагіны на месцах» у калектывізацыі сельскай гаспадаркі СССР. У маі 1934 г. газета займела ўласную буйную друкарню ў Маскве. У 1975 г. тыраж газеты дасягнуў 10,6 млн асобнікаў, бо для членаў КПСС падпіска была абавязковай.
19 жніўня 1991 г. Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы ў СССР (ДКНС СССР) выдаў Пастанову № 2, якой загадаў: «Часова абмежаваць пералік выпусканых цэнтральных, маскоўскіх гарадскіх і абласных грамадска-палітычных выданняў» 9 газетамі, сярод якіх была «Праўда»[6]. 22 жніўня 1991 г. расійскі прэзідэнт Барыс Ельцын (1991—1999) падпісаў Указ аб прыпыненні выдання газеты за падтрымку Жнівеньскага путчу ДКНС. У верасні 1991 г. газета ўзнавіла выпуск у якасці агульнапалітычнай пад кіраўніцтвам былога член ЦК КПСС Генадзя Селязнёва. Для кіравання выданнем стварылі Грамадскую раду на чале з былым старшынёй Савету міністраў СССР Мікалаем Рыжковым. У 1992 г. для выдання газеты стварылі ЗАТ «Праўда інтэрнешнл», 55% акцый якога набыў грэчаскі выдавец Яніс Янікас. Пасля таго, як 4 кастрычніка 1993 г. прэзідэнт Ельцын разагнаў Вярхоўны Савет Расіі, Міністэрства друку Расіі прыпыніла выхад газеты. Пасля абрання новым гал.рэдактарам Віктара Лінніка 21 кастрычніка выданне аднавілі. Ад красавіка 1997 г. стала органам Камуністычнай партыі Расійскай Федэрацыі (КПРФ) пад кіраўніцтвам гал.рэдактара Аляксандра Ільіна, што зацвердзіў пастановай 6-ы з’езд КПРФ. На 2001 г. выходзіла тройчы на тыдзень і асвятляла гаспадарчыя, культурныя і палітычныя навіны Расіі і Садружнасці незалежных дзяржаў, у тым ліку Беларусі. Мела рубрыкі: «Падзеі, факты, версіі», «Пульс планеты», «Традыцыям верныя» і «Вецер падарожжаў»[4]. Да 2003 г. выходзіла некалькі аднайменных газетаў пакуль ішоў судовы разбор за таварны знак. У чэрвені 2010 г. тыраж склаў 100,3 тыс. асобнікаў. У студзені 2011 г. амерыканскае прадпрыемства інфармацыйных паслуг «Усходні погляд» (англ.: East View; Мінеапаліс, штат Мінесота) аблічбавала архіў выпускаў газеты.
Галоўныя рэдактары
[правіць | правіць зыходнік]- М. Е. Ягораў (з 1912 г.)
- Васіль Шаўгуноў (1913 г.)
- М. Д. Шумілаў (1914 г.)
- Вячаслаў Молатаў (сакавік-снежань 1917)
- Мікалай Бухарын (снежань 1917—1929)
- Гаральд Круміньш (1929—1930)
- Максімільян Савельеў (жнівень 1930)
- Леў Мехліс (1930—1937)
- Іван Яфімавіч Нікіцін (1937—1938)
- Пётр Паспелаў (1940—1949)
- Міхаіл Суслаў (1949—1950)
- Леанід Ільічоў (1950—1952)
- Зміцер Шапілаў (1952—1956)
- Павел Сацюкоў (1956—1964)
- Аляксей Румянцаў (1964—1965)
- Міхаіл Зімянін (1965—1976)
- Віктар Афанасьеў (1976—1989)
- Іван Фралоў (1989—1991)
- Генадзь Селязнёў (жнівень 1991 — кастрычнік 1993)
- Віктар Ліннік (кастрычнік 1993 — люты 1994)
- Аляксандр Ільін (1994—2003)
- Валянціна Мікалаеўна Нікіфарава (в.а.; 2003—2005)
- Валянцін Шурчанаў (2005—2009)
- Барыс Камоцкі (з красавіка 2009 г.)
Зноскі
- ↑ а б The ISSN portal — Paris: ISSN International Centre, 2005. — ISSN 0233-4275
- ↑ «Я был рад и ошеломлён находкой сокровищницы материалов по российской генетике», “I Was Delighted and Aghast at the Treasure Trove of Materials on Russian Genetics” // Историко-биологические исследования — 2018. — Vol. 10, Iss. 1. — P. 52–80. — ISSN 2076-8176; 2500-1221
- ↑ а б Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў рэдакцыі газеты «Праўда» // Звязда : газета. — 5 мая 2012. — № 85 (27200). — С. 1. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
- ↑ а б в «Правда» // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 528. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.
- ↑ Сяргей Пушкароў. Таемны саюз Леніна з Вільгельмам II (у 1915-1918 гг.) // Ленін і Расія = Ленин и Россия. — Франкфурт-на-Майне: Пасеў , 1978.
- ↑ Пастанова Дзяржаўнага камітэта па надзвычайным становішчы ў СССР ад 19 жніўня 1991 г. № 2 «Аб выпуску цэнтральных, маскоўскіх гарадскіх і абласных газетаў» (руск.). Бібліятэка «Саюз.Інфо» (2 лістапада 2002). Праверана 25 ліпеня 2017.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Правда (газета) на Вікісховішчы |