Педра Фернандэс дэ Кірас
Педра Фернандэс дэ Кірас | |
---|---|
Род дзейнасці | мараплавец |
Дата нараджэння | 1565[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 1614 |
Месца смерці |
|
Грамадзянства | |
Падданства | Іспанія |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Педра Фернандэс дэ Кірас (ісп.: Pedro Fernandes de Queirós; 1565—1614) — іспанскі мараплавец партугальскага паходжання.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Педра Фернандэс дэ Кірас нарадзіўся ў 1565 г. у партугальскім горадзе Эвара. У маладосці перайшоў на службу Іспаніі. У 1589 г. ажаніўся з прадстаўніцай іспанскага рыцарскага роду Чакон, ад якой меў сына і дачку.
Прымаў удзел у другой экспедыцыі іспанскага мараплаўца А. М. дэ Нейры ў Ціхім акіяне. У 1598 г. звярнуўся да караля Іспаніі, а ў 1600 г. — да папы Рымскага з прапановай арганізаваць новую экспедыцыю з мэтай адкрыцця невядомага паўднёвага мацерыка (Terra Australis Incognita). У 1603 г. дэ Кірасу было дазволена вярнуцца ў Перу для падрыхтоўкі прапанаванага ім мерапрыемства.
У канцы 1605—1606 г. дэ Кірас на трох караблях перасёк Ціхі акіян і адкрыў востраў Эспірыту-Санта, які прыняў за частку мацерыка. Ім былі заснаваны паселішча Новы Ерусалім і каталіцкі ордэн Святога Духа, што павінен быў займацца хрышчэннем тубыльцаў. Аднак з-за сутычак з абарыгенамі і незадаволенасці каманды калонію прыйшлося пакінуць. Пад час шторму карабель дэ Кіраса аддзяліўся ад астатняй флатыліі і накіраваўся ў Акапулька. Астатняя каманда на чале з капітанам Торэсам дасягнула Манілы, па дарозе адкрыла праліў Торэса, які знаходзіцца паміж Новай Гвінеяй і сапраўднай Аўстраліяй.
Пасля вяртання ў Іспанію дэ Кірас зноў звяртаўся да каралеўскіх улад з прапановай яшчэ адной экспедыцыі, пакінуў пасля сябе падрабязныя запісы і тлумачэнні. Хаця кароль адмовіўся фінансаваць гэта прадпрыемства, ён накіраваў дэ Кіраса з лістом падтрымкі ў Амерыку, дзе той памёр у 1614 г. у Панаме.
Значэнне дзейнасці
[правіць | правіць зыходнік]Педра Фернандэс дэ Кірас быў адным з першых даследчыкаў паўднёвай часткі Ціхага акіяна, адкрыў частку астравоў Піткэрн, Лайн і Новых Гебрыдаў. Падрабязныя апісанні дэ Кіраса былі перакладзены і апублікаваны на некалькіх мовах, у тым ліку на французскай і англійскай. Імі ў будучым карысталіся Джэймс Кук і Жан-Франсуа дэ Лаперуз.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]У канцы XIX ст. у Аўстраліі прадстаўнікамі каталіцкай абшчыны распаўсюджвалася думка, быццам бы дэ Кірас усё ж дасягнуў Аўстраліі, і каталікі былі першымі еўрапейцамі, якія дасягнулі гэтага мацерыка. Педра Фернандэсу дэ Кірасу было прысвечана некалькі літаратурных твораў на англійскай мове.
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.