Перайсці да зместу

Палессепраект

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Палессепраект
Заснаванне 1946
Краіна
Размяшчэнне
Сайт polesproekt.by

«Палессепраект» (руск.: Полесьепроект) — дзяржаўнае праектна-даследчае прадпрыемства ў Мазыры, якое спецыялізуецца на архітэктурна-будаўнічых і інжынерных праектах. Размяшчаецца па адрасе вуліца Ленінская, 12.

Створана ў 1946 годзе як Мазырскі філіял Гомельскага аблпраекта. У 1966 годзе прадпрыемства стала Мазырскім архітэктурна-будаўнічым аддзелам «Белдзяржпраекта», а ў 1990 годзе — Мазырскім філіялам праектнага інстытута «Гомельграмадзянпраект». Сучасная назва — «Палессепраект» — была зацверджана ў 2000 годзе. У 2003 годзе інстытут стаў філіялам НВРУП «Белінвесткамплект»[1], а ў 2014 годзе быў рэарганізаваны ў асобнае дзяржаўнае прадпрыемства[2].

Першапачаткова «Палессепраект» займаўся праектаваннем невялікіх пасляваенных аб’ектаў, а ў 1970-1980-х гадах удзельнічаў у маштабным жыллёвым будаўніцтве ў Мазыры і Калінкавічах, звязаным з узвядзеннем Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. У 1990-х гадах прадпрыемства распрацоўвала праекты для ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС[2].

Асноўныя напрамкі дзейнасці «Палессепраекта» — праектаванне жыллёвага і сацыяльнага будаўніцтва, вытворчых збудаванняў і рэканструкцыя гарадскіх тэрыторый. Больш за 80 % будынкаў у Мазыры, а таксама шматлікія аб’екты ў іншых раёнах Гомельскай вобласці пабудаваны па праектах прадпрыемства[2].

Сярод знакавых аб’ектаў інстытута ў Мазыры — будынкі Белаграпрамбанка, Палаца нафтавікоў, Рачнога вакзала, стадыёна «Юнацтва», Наваапостальскай царквы, мемарыял «Курган Славы» і іншыя. У апошнія дзесяцігоддзі па праектах інстытута ўзведзены будынак музейнай экспазіцыі ў г. Тураве, спартыўна-аздараўленчы гарналыжны комплекс «Мазыр», музейны комплекс на Замкавай гары, агульнаадукацыйная школа на 960 навучэнцаў, база для веславання вучылішча алімпійскага рэзерву ў Мазыры, парк у г. Хойнікі, сярэдняя школа на 900 месцаў, рэканструкцыя Дома культуры БМЗ у Жлобіне[2].

«Палессепраект» з’яўляецца калектыўным членам Саюза будаўнікоў Рэспублікі Беларусь[2].