Павеза
Паве́за, павіза: еўрапейскі тып шчыта.
Такі шчыт меў простакутную форму, быў адносна высокі і выцягнуты ўверх, і звычайна быў выгнуты дугою ўпоперак. Звычайная шырыня — 40—70 см, вышыня — 1—1,5 м, часам да 2 м. Шчыт мог быць выкананы з падоўжным жолабам, мець зрокавую шчыліну ў верхняй частцы, металічныя кольцы на верхнім канце дзеля звязвання павез між сабой; мог забяспечвацца штыром-падпоркай, з дапамогай якой шчыт мог стаяць самастойна. Звычайна вырабляўся з лёгкага дрэва, пакрытага тканінай або скурай, і афарбоўваўся.[1]
Традыцыйна лічыцца, што такі шчыт быў вынайдзены ў г.Павіі ў 13 ст. (адсюль назва), і што яго класічны пяхотны варыянт аформіўся ў час Гусіцкіх войнаў[2]. Павезамі як палявым прыкрыццём карысталіся яшчэ ў канцы 15 ст. арбалетнікі і стралкі са стрэльбаў. Магчыма, што павезы ўжываліся ў час абложнай працы.
На думку пазнейшых даследнікаў, павеза магла трапіць у Заходнюю Еўропу праз прыбалтыйскіх крыжакоў, якія, у сваю чаргу запазычылі яе ад балтаў, а месца ўзнікнення такога тыпу шчыта адносіцца да земляў Русі (12 ст.)[3] або Літоўска-Мазавецкім рэгіёне (13 ст.)[4]. На мяжы 13—14 ст. павезы распаўсюдзіліся ў Мазовіі, на тэрыторыі Тэўтонскага Ордэна, у заходніх рускіх землях, верагодна, у Польшчы. Прыкладна ў другой палове 14 ст. арэал распаўсюджання павезы ахапіў увесь балтыйска-польска-рускі рэгіён.[5]
Зноскі
- ↑ У апісанні Г. Дэльбрука.
- ↑ Плавінскі са спасылкай на чэшскага даследчыка В. Дэнкштэйна: Denkstein V. The Bohemian Pavise in Turin Armeria Reale Collections, 1965.
- ↑ А. М. Кірпічнікаў, А. Надольскі.
- ↑ В. Дэнкштэйн, А. Навакоўскі.
- ↑ Мікола Плавінскі. Да пытання аб ранняй павезе // Castrum, urbis et bellum: Зборнік навуковых прац, 2002 — 421 с.