Нёманская нізіна
Нёманская нізіна | |
---|---|
Каардынаты: 53°30′ пн. ш. 25°00′ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Беларусь, Літва |
Вышыня над узроўнем мора | 80—160 м |
Працягласць з поўначы на поўдзень | 20—55 км |
Працягласць з захаду на ўсход | 160 км |
Плошча | каля 8300 км² |
Нёманская нізіна[1] — нізіна на захадзе Беларусі, пераважна ў Гродзенскай вобласці, уздоўж ракі Нёман ад Стаўбцоўскай раўніны да Балтыйскай грады (Літва).
Працягласць з захаду на ўсход — 160 км, шырыня з поўначы на поўдзень — 20—55 км. Вышыня над узроўнем мора — 80—160 м. Плошча — каля 8,3 тыс. км². Падзяляецца на Верхнянёманскую і Сярэднянёманскую нізіны. Мяжуе з Мінскім, Навагрудскім, Ваўкавыскім, Гродзенскім і Ашмянскім узвышшамі, а таксама з Капыльскай градой і Лідскай раўнінай.
У рэльефе вылучаюцца пясчаныя раўніны і тэрасы прыледавіковых азёр, якія змыкаюцца з верхнім узроўнем тэрас Нёмана[1].
На тэрыторыі працякае мноства рэк, буйнейшыя з якіх Нёман і яго прытокі — Сула, Уса, Заходняя Бярэзіна, Гаўя, Дзітва, Котра, Уша, Сэрвач, Моўчадзь, Шчара, Зэльвянка, Рось, Свіслач, Чорная Ганча. Сустракаюцца невялікія азёры ледавіковага перыяду. Буйныя азёры: Белае, Рыбніца, Берштаўскае, Вераўскае, Зацкава.
Каля 35 % нізіны займаюць лясы (хваёвыя, яловыя, мяшаныя), радзей — дубровы. У межах Нёманскай нізіны знаходзяцца заказнікі дзяржаўнага значэння: ландшафтныя — Азёры, Ліпічанская пушча, Котра; біялагічныя — Гожаўскі, Парэцкі, Сапоцкінскі. На беразе Нёмана ўнікальнае геалагічнае агаленне Самастрэльнікі (Мастоўскі раён). Зоны адпачынку: дзяржаўнага значэння — Азёры, Масты; мясцовага значэння — Дзітва, Морына, Воўпа, Скідаль, Сонічы, Высокае і іншыя[2].
На тэрыторыі нізіны маюцца радовішчы карысных выкапняў — гліны, крэйды, мергелю, будаўнічых пяскоў.
Месца, дзе Нёман перасякае мяжу з Літвой, з’яўляецца самым нізкім пунктам Беларусі (81 м).
Зноскі
- ↑ а б Беларусь 1995.
- ↑ Турысцкая энцыклапедыя Беларусі. — Мн. : БелЭн, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Нёманская нізіна // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 535. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.