Мікола Хведаровіч
Мікола Хведаровіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Псеўданімы | Сабасцян Старобінскі, С. Старобінскі, Себасцян Старобінскі, Федаровіч Н. і Мікола Хведаровіч |
Дата нараджэння | 24 сакавіка (6 красавіка) 1904 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 жніўня 1981 (77 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, паэт, празаік |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Мікола Хведаровіч, сапраўднае імя Мікалай Фёдаравіч (Хведаравіч) Чарнушэвіч (6 красавіка (24 сакавіка) 1904, мяст. Капыль, цяпер горад Мінскай вобласці — 20 жніўня 1981, Мінск) — беларускі паэт, празаік, перакладчык. Брат пісьменніка Нічыпара Чарнушэвіча.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў мястэчку Капыль Слуцкага павета. У 1915—1918 гадах праз Першую сусветную вайну ў бежанстве. Жыў у прытулку для дзяцей бежанцаў у расійскай Калузе, вучыўся ў гарадскім вучылішчы, дзе, у прыватнасці, матэматыку выкладаў Канстанцін Цыялкоўскі[1]. Вярнуўшыся з бежанства, вучыўся ў вучылішчы мястэчка Цімкавічы, потым у Капыльскай працоўнай школе 2-й ступені. У 1918 годзе ўступіў у камсамол.
У 1919 годзе баец бальшавіцкага харчатрада (дзейнічаў у Пацейкаўскай, Старыцкай і Целядовіцкай валасцях Слуцкага павета). З 1921 года ў часці асобага прызначэння. У 1923 годзе сакратар камсамольскай ячэйкі ў Цыраўскай воласці і загадчык хаты-чытальні. У 1924 годзе камісар Слуцкага ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы. У 1926 годзе ўступіў у камуністычную партыю.
У 1928 годзе скончыў рабфак у Менску, у 1931 годзе — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром часопіса «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932—1933 гадах рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года. У 1933—1934 гадах загадчык кабінета маладога аўтара СП БССР. У 1934—1937 гадах адказны сакратар часопіса «Полымя рэвалюцыі», сакратар часопіса «Минск». Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў». У 1934 годзе быў дэлегатам Першага ўсесаюзнага з’езда пісьменнікаў. У 1932 годзе разам з Іларыем Барашкам і Пятром Глебкам ездзіў у Сярэднюю Азію, наведаў калгасы і саўгасы Узбекістана, у 1935 годзе ў складзе дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў наведаў Грузію.
Патрапіў пад палітычныя рэпрэсіі, у 1936 годзе выключаны з ВКП (б). Арыштаваны 3 жніўня 1938 года ў Менску па адрасе вуліца Маскоўская, дом 24, кватэра 10[2]. 16 ліпеня 1940 года асуджаны асобай нарадай НКУС на 8 гадоў пазбаўлення волі па сфабрыкаванай справе «за ўдзел у антысавецкай нацыяналістычнай арганізацыі». Знаходзіўся ў зняволенні ў лагерах на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, з 1941 ва Усцьвытлагу (пасёлак Важаёль Комі АССР). З 1946 года працаваў у Каршы Узбекскай ССР загадчыкам планава-эканамічнага аддзела. Паўторна арыштаваны 22 траўня 1949, сасланы ў Енісейск Краснаярскага края. Рэабілітаваны 28 верасня 1955 года.
У 1956 годзе вярнуўся ў Мінск[3].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]З артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1924 годзе. Першы верш («Ураджайнае») надрукаваў у 1925. У 1929 годзе выйшла першая кніга («Настроі»). Выйшлі таксама кнігі паэзіі «Рытмы» (1930), «Баявыя песні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Светлы дзянёк» (1984).
Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесць «Споведзь перад будучыняй» (1978).
Пераклаў, раман Аляксандра Фадзеева «Апошні з удэге» (з Алесем Звонакам, 1935), паэмы Эдуарда Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (часопіс «Маладняк», 1930) і Шата Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» (з Алесем Звонакам, 1966), паэмы Аляксандра Пушкіна «Каўказскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1937), раман У. Кочатава «Браты Яршовы» (з Іванам Грамовічам, 1960), кнігу паэзіі Шандара Пецёфі «Ліра і меч» (1971), п’есы М. Стэгліка, А. Палявога, А. Талбузіна. Пераклаў творы Людміла Стаянава[4].
Выбраная бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Пасля навальніцы: Выбранае. 1925—1961. — Мн., 1965.
- Выбраныя творы: У 2 т. — Мн., 1974.
- Крынічка: Вершы. — Мн., 1978.
- Любістак: Выбранае. — Мн., 1984.
Прэміі і ўзнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Лаўрэат прэміі венгерскага агенцтва па літаратуры і мастацтву «Артысіуз» (1981) за прапаганду венгерскай паэзіі на беларускай мове.
Зноскі
- ↑ Н. Старобинская. «Ученик Циолковского»
- ↑ Хведаровіч Мікола . marakou.by (14 красавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 14 красавіка 2021. Праверана 10 жніўня 2023.
- ↑ Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- ↑ Стая́наў Людміл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 184. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ермаловіч М. У страі паэзіі // ЛіМ. 1958, 12 ліп.
- Александровіч С. Незабыўнае, блізкае // ЛіМ. 1961, 12 мая.
- Александровіч С. Яго шчодрае і шчырае сэрца // ЛіМ. 1981, 28 жн.
- Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі. Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
- Нарадзіліся 6 красавіка
- Нарадзіліся ў 1904 годзе
- Нарадзіліся ў Капылі
- Памерлі 20 жніўня
- Памерлі ў 1981 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Пахаваныя на Паўночных могілках
- Выпускнікі рабочага факультэта БДУ
- Выпускнікі БДУ
- Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк»
- Члены Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Беларускамоўныя паэты
- Паэты СССР
- Паэты Беларусі
- Перакладчыкі СССР
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі з венгерскай мовы
- Перакладчыкі з грузінскай мовы
- Перакладчыкі з балгаркай мовы
- Перакладчыкі з рускай мовы
- Перакладчыкі на беларускую мову
- Слуцкая філія Маладняка
- Супрацоўнікі газеты «Сельская газета»
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Рэабілітаваныя ў СССР