Мікола Панькоў
Мікола Панькоў | |
---|---|
Дата нараджэння | 30 мая (12 чэрвеня) 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 7 студзеня 1995 (83 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Альма-матар | |
Член у |
Мікола Панькоў, поўнае імя Мікалай Мікалаевіч Панькоў[1] (псеўданімы М. Вольны, М. Лістападавец, Летапісец, Не-Кніжнік, М. Сокал, М. Крэнь і іншыя[2]; 30 мая (12 чэрвеня) 1911[1], Рунданская воласць[1] Люцынскі павет Віцебская губерня, цяпер Лудзенскі край Латвіі — 7 студзеня 1995, Нью-Ёрк) — беларускі грамадска-культурны дзеяч, выдавец, бібліёграф.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Мікалая, пазашлюбнага Панькова, і Хрысцініі Іаанаўны з вёскі Нова-Пашына Рунданскай воласці Люцынскага павета[1]. Ахрышчаны 5 (18) чэрвеня 1911 года ў Свята-Успенскім саборы ў Люцыне[1].
Вучыўся ў Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі, дзе ў адмысловым гуртку пад кіраўніцтвам дырэктара гімназіі Сяргея Сахарава вучыўся складаць каталогі, рэгістраваць беларускія выданні. Падчас вучобы пачаў змяшчаць свае творы ў вучнёўскім часопісе «Школьная праца» (выйшла 14 нумароў), потым былі публікацыі ў газеце беларусаў Латвіі «Голас беларуса», у іншых перыядычных выданнях[2]. У міжваенны час — сябра партыі эсэраў. За сувязь з беларускімі эсэрамі ў 1926 годзе асуджаны латвійскімі ўладамі на 5 гадоў зняволення. Па вызваленні супрацоўнічаў з беларускімі перыёдыкамі ў Заходняй Беларусі і Латвіі.
Па ягоным сведчанні вядома, што яшчэ ў 1930-я гады ён здолеў выдаць дзве кнігі сваёй прозы: «Жывём» (вершы і апавяданні) і раман «У беларускіх лясах», наклад якіх згінуў у час Другой сусветнай вайны[2]. У часы нямецкай акупацыі працаваў інструктарам на чыгунцы.
З лета 1944 — на эміграцыі. Жыў у лагерах для перамешчаных асоб, выдаваў рукапісныя часопісы. У лагеры ў Альдэнбургу заснаваў Беларускую бібліяграфічную службу: збіраў і апісваў беларускія выданні.
У 1951 г. пераехаў у ЗША. Нейкі час рэдагаваў часопіс «Баявая ўскалось». Ад 1952 года — старшыня Саюза беларускіх журналістаў, уваходзіў у склад Крывіцкага (беларускага) навуковага таварыства імя Ф. Скарыны[2]. Браў удзел у з’ездзе беларускай эміграцыі ў 1947 годзе, быў сябрам Рады БНР. Заснаваў Беларускае Інфармацыйнае Бюро і быў яго кіраўніком. У 1956 годзе выйшаў з Рады БНР і разам з Яўхімам Кіпелем, Віктарам Чабатарэвічам, Міколам Шчорсам, Лявонам Савёнкам заснаваў Камітэт Незалежнай Беларусі, у 1984 годзе разам з Васілём Шчэцькам аднавіў выданне «Летапісу Беларускай Эміграцыі».
Памёр Мікола Панькоў 7 студзеня 1995 года і пахаваны ў ЗША[2].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Першыя публікацыі з’явіліся ў беларускай прэсе Латвіі ў 1920-я гады. Аўтар кніг «Паказнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945-50 гг.» (Нью-Ёрк, 1952), «Хроніка беларускага жыцця на чужыне (1945—1984)» (Менск, 2001). Засталіся нявыдадзенымі падрыхтаваныя ў эміграцыі «Слоўнік замежных словаў беларускай мовы», «Хто ёсць хто на эміграцыі», «Беларуская прэса на эміграцыі»[2].
Працы
[правіць | правіць зыходнік]- Čałaviek i dziaržava. Narysy M. Volnaha. — [Niamieččyna], 1946. — 34 s. — (Biblijateka sučasnaści; № 1) (рукапіснае выданне).
- Son kryviča. — [Niamieččyna: vydaviectva «Biełarus», 1946] (рукапіснае выданне).
- 10 сталёвых загадаў Беларусу-выгнанцу. — Oldenburg, 7.07.1947. — 2 с. (рукапіс)
- Мы і яны ў Сібіры. — [Niamieččyna: vydaviectva «Biełarus», 1946]. — 23 s.— (Biblijateka sučasnaści; № 4) (рукапіснае выданне).
- Шляхі новае беларускае літаратуры: Кароткі агляд беларускае літаратуры паміж дзьвюх войнаў і сяньня. — Ватэнштэт: выдавецтва Беларускага Дапамаговага Камітэту на Ангельскую Зону, 1947. — 16 с.
Зноскі
- ↑ а б в г д Баринов 2023.
- ↑ а б в г д е Крывіцкія руны : вып. II. беларускі культурны мацярык у Латвіі. / уклад.. прад.м., камент. М. Казлоўскага. С. Панізьніка. — Мн.: Кнігазбор, 2017. — 452 с. — ISBN 978-985-7180-05-9.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 51. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0198-2.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Баринов И. Запись о крещении Миколы (Николая Николаевича) Панькова // Запісы беларусаведа, 30.1.2023.