Міжнародная федэрацыя тэніса
Міжнародная федэрацыя тэніса | |
---|---|
Від спорту | тэніс |
Заснаванне | 1 сакавіка 1912 |
Краіна | |
Афіцыйны сайт | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Міжнародная федэрацыя тэніса (англ.: International Tennis Federation, ITF) — кіруючая структура сусветнага тэніса. На сённяшні дзень аб’ядноўвае 205 нацыянальных арганізацый. Упаўнаважаная выпрацоўваць і змяняць правілы гульні, прадстаўляе тэніс у МАК, праводзіць шэраг спаборніцтваў, а таксама займаецца развіццём і папулярызацыяй тэніса ў свеце.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Неабходнасць стварэння міжнароднай арганізацыі, якая б спрыяла супрацоўніцтву нацыянальных федэрацый тэніса і стандартызацыі правіл гульні, наспела ў пачатку дваццатага стагоддзя, у перыяд хуткага росту папулярнасці гульні і павелічэння колькасці міжнародных спаборніцтваў[1]. 1 сакавіка 1913 года прадстаўнікі 12 нацыянальных тэнісных арганізацый, сабраўшыся на ўстаноўчым сходзе ў Парыжы, прынялі рашэнне аб заснаванні Міжнароднай Федэрацыі лаўн-тэніса (англ.: International Lawn Tennis Federation). Краінамі-заснавальнікамі былі:
- Аўстралія (аб’яднаная федэрацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі)
- Аўстрыя
- Бельгія
- Германія
- Вялікабрытанія
- Данія
- Іспанія (прадстаўнік не ўдзельнічаў, але федэрацыя даслала ліст, у якім ухвалялася стварэнне ILTF)
- Нідэрланды
- Расія
- Францыя
- Швецыя
- Швейцарыя
- Паўднёвая Афрыка
Праз паўтары гады ILTF была змушана прыпыніць сваю работу з-за пачатку Першай сусветнай вайны.
Дзейнасць была адноўлена ў 1919 годзе. У 1922 годзе засноўваецца Савет па Правілах, у задачу якога ўваходзіла распрацоўка ўніфікаваных правіл гульні, і барацьба за міжнароднае прызнанне ILTF арганізацыяй, адказнай за правілы тэніса.
Шэраг важных падзей адбываецца ў 1923 годзе:
- 16 сакавіка Генеральная Канферэнцыя арганізацыі прымае першы збор правілаў тэніса
- Амерыканская тэнісная асацыяцыя USTA уступае ў федэрацыю ў якасці асацыяванага члена
- Засноўваюцца Афіцыйныя чэмпіянаты Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША — правобразы турніраў Вялікага Шлема
У 1924 годзе МАК афіцыйна прызнаў ILTF кіруючай арганізацыяй сусветнага тэніса.
З моманту стварэння федэрацыя выступала як інстытут аматарскага спорту, але ўжо да 30-х гадоў XX стагоддзя пытанне ўдзелу прафесійных спартсменаў у спаборніцтвах і крытэрыі падзелу на прафесіяналаў і аматараў стала вельмі актуальным і ў 1934 годзе арганізацыя ўпершыню афіцыйна абмяркоўвае гэтую праблему і ўстанаўлівае «правіла васьмі тыдняў», якое дазваляе аматарам атрымліваць кампенсацыю выдаткаў за ўдзел у турнірах, але не больш за восем тыдняў у годзе.
Да 1939 года, перад пачаткам Другой сусветнай вайны, ILTF налічвае 59 членаў. Падчас вайны дзейнасць арганізацыі зноў была прыпынена, а штаб-кватэра перанесена ў Лондан, дзе яна знаходзіцца дагэтуль. Першая пасляваенная канферэнцыя адбылася 5 ліпеня 1946 года.
У 1948 годзе ўпершыню прымаюцца стандарты на тэнісныя мячы.
З пачатку 50-х гадоў адбываецца імклівая прафесіяналізацыя сусветнага тэніса, у 1951 годзе «восем тыдняў» былі пашыраны да 210 дзён у годзе.
У 1963 годзе да 50-годдзя арганізацыі засноўваецца Кубак Федэрацыі —жаночы камандны чэмпіянат, падобны на той, які праводзіўся тады незалежнай арганізацыяй, Кубак Дэвіса.
Гістарычнае для тэніса рашэнне прымаецца 30 сакавіка 1968 года на надзвычайнай сесіі ў Парыжы — прафесійным гульцам дазволены доступ на ўсе турніры ILTF, у тэнісе пачынаецца адкрытая эра. ILTF арганізуе серыю турніраў Гран-пры, упершыню ў спаборніцтвах гэтай арганізацыі тэнісістам дадзена магчымасць атрымліваць грошы за свае выступленні.
«Правілы паводзін» (англ.: Code of Conduct), якія рэгулююць нормы спартыўных паводзін падчас спаборніцтваў, зацвярджаюцца ў 1975 годзе.
У 1977 годзе з назвы федэрацыі знікае слова «Lawn» і літара L з абрэвіятуры — своеоасаблівае прызнанне факту, што большасць тэнісных турніраў больш не праводзіцца на траве.
Кубак Дэвіса — галоўнае каманднае спаборніцтва ў мужчынскім тэнісе — пераходзіць пад эгіду ITF у 1979 годзе па просьбе арганізацыйнага камітэта.
На Алімпіядзе ў Сеуле 1988 года, у год 75-годдзя ITF, тэніс пасля 64-гадовага перапынку вяртаецца ў якасці алімпійскага віду спорту.
Структура і кіруючыя органы
[правіць | правіць зыходнік]ITF аб’ядноўвае 205 нацыянальных тэнісных арганізацый, 145 маюць статус паўнапраўных членаў і 60 асацыяваных. Акрамя таго, на правах асацыіраваных членаў у ITF уваходзіць 6 рэгіянальных аб’яднанняў.
Федэрацыя дзейнічае на падставе Канстытуцыі ITF[2]. Вышэйшымі паўнамоцтвамі надзелены Генеральны Сход, які праводзіцца штогод. Генеральны сход зацвярджае бюджэт, разглядае заяўкі прэтэндэнтаў на членства ў федэрацыі, а таксама абірае Прэзідэнта і Савет Дырэктараў ITF. Тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта — 4, дырэктараў — 2 гады, у савет уваходзяць 12 дырэктараў. Толькі паўнапраўныя члены маюць права голасу на Генеральным Сходзе.
У цяперашні час Прэзідэнтам ITF з’яўляецца Дэвід Хагерці.
Турніры ITF
[правіць | правіць зыходнік]Міжнародная федэрацыя тэніса штогод арганізуе шэраг турніраў, а таксама прымае непасрэдны ўдзел у арганізацыі і правядзенні спаборніцтваў па тэнісе на Алімпійскіх гульнях і турніраў Вялікага Шлема. Пры правядзенні спаборніцтваў федэрацыя цесна супрацоўнічае з арганізацыямі прафесійных спартсменаў ATP і WTA.
Спаборніцтвы, якія праводзяцца пад эгідай ці з удзелам ITF:
- Tennis Masters Cup (сумесна з ATP) — заключны турнір мужчынскага прафесійнага сезона, у якім удзельнічаюць 8 тэнісістаў і 8 пар, якія паказалі найлепшыя вынікі ў «Гонцы ATP»
- Кубак Дэвіса — найбуйнейшыя міжнародныя камандныя спаборніцтвы ў мужчынскім тэнісе сярод нацыянальных зборных
- Кубак Федэрацыі па тэнісе — камандныя спаборніцтвы жаночых зборных, аналаг Кубка Дэвіса
- Кубак Хопмана — спаборніцтвы нацыянальных зборных для змешаных пар
- ITF — саўладальнік і суарганізатар Адкрытага чэмпіянату Японіі, які ўваходзіць у ATP-тур, і Міжнароднага Чэмпіянату Іспаніі, які з’яўляецца этапам WTA-тура
- Федэрацыя таксама праводзіць наступныя штогадовыя серыі турніраў:
- Мужчынскі тур ITF (англ.: ITF Men's Circuit)
- Жаночы тур ITF (англ.: ITF Women’s Circuit)
- Юніёрскі тур ITF (англ.: ITF Junior Circuit)
- Тур па гульні ў тэніс на інвалідных калясках (англ.: Wheelchair Tennis Tour)
- Турніры ветэранаў ITF (англ.: ITF Seniors Events)
Мужчынскі і жаночы тур ITF, якія складаюцца з турніраў Satellite tournament і Futures Tournaments, служаць пачатковымі прыступкамі ў свеце прафесійнага тэніса і іх вынікі ўлічваюцца ў рэйтынгах ATP і WTA.
Чэмпіянат свету па версіі ITF
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаючы з 1978 года (для пар з 1996) федэрацыя вызначае чэмпіёнаў свету па версіі ITF. У цяперашні час для дарослых спартсменаў улічваюцца вынікі выступаў у турнірах Вялікага шлема, выніковым турніры года і турнірах ATP і WTA, якія праводзяцца сумесна з ITF.
Чэмпіёны свету па версіі ITF
[правіць | правіць зыходнік]Адзіночны разрад
[правіць | правіць зыходнік]Парны разрад
[правіць | правіць зыходнік]Год | Мужчыны | Жанчыны |
---|---|---|
1996 | Тод Вудбрыдж Марк Вудфард |
Ліндсей Дэвенпорт Мэры-Джо Фернандэс |
1997 | Тод Вудбрыдж Марк Вудфард |
Ліндсей Дэвенпорт Яна Новатна |
1998 | Яка Элтынг Пол Хаархус |
Ліндсей Дэвенпорт Наталля Зверава |
1999 | Махеш Бхупаці Леандэр Паес |
Марціна Хінгіс Ганна Курнікава |
2000 | Тод Вудбрыдж Марк Вудфард |
Жулі Алар-Дэкюжы Ай Сугіяма |
2001 | Ёнас Б’ёркман Тод Вудбрыдж |
Лайза Рэйманд Рэнэ Стабс |
2002 | Даніэль Нестар Марк Ноулс |
Вірхінія Руана Паскуаль Паола Суарэс |
2003 | Боб Браян Майк Браян |
Вірхінія Руана Паскуаль Паола Суарэс |
2004 | Боб Браян Майк Браян |
Вірхінія Руана Паскуаль Паола Суарэс |
2005 | Боб Браян Майк Браян |
Лайза Рэйманд Саманта Стосур |
2006 | Боб Браян Майк Браян |
Лайза Рэйманд Саманта Стосур |
2007 | Боб Браян Майк Браян |
Кара Блэк Лізель Хубер |
2008 | Ненад Зіманіч Даніэль Нестар |
Кара Блэк Лізель Хубер |
2009 | Боб Браян Майк Браян |
Серэна Уільямс Вінус Уільямс |
2010 | Боб Браян Майк Браян |
Жысела Дулка Флавія Пенета |
2011 | Боб Браян Майк Браян |
Квета Пешкэ Катарына Сработнік |
2012 | Боб Браян Майк Браян |
Сара Эрані Раберта Вінчы |
2013 | Боб Браян Майк Браян |
Сара Эрані Раберта Вінчы |
2014 | Боб Браян Майк Браян |
Сара Эрані Раберта Вінчы |
2015 | Жан-Жульен Роер Харыя Тэкэу |
Саня Мірза Марціна Хінгіс |
2016 | Джэймі Марэй Бруно Саарэс |
Каралін Гарсія Крысціна Младэнавіч |
2017 | Лукаш Кубат Марсела Мела |
Марціна Хінгіс Чжань Юнжань |
Зноскі
- ↑ Тут і далей у раздзеле выкарыстаны даныя афіцыйнай старонкі гісторыі ІТФ: ITF History (англ.). ITF. Архівавана з першакрыніцы 20 лютага 2012. Праверана 5 лістапада 2011.
- ↑ Афіцыйны тэкст канстытуцыі Архівавана 23 жніўня 2007. (англ.), (фр.)
- ↑ Чемпионы ITF. Юниоры . Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2015. Праверана 14 сакавіка 2013.
- ↑ Чемпионы ITF. Мужчины . Архівавана з першакрыніцы 2 мая 2015. Праверана 14 сакавіка 2013.
- ↑ Чемпионы ITF. Женщины . Архівавана з першакрыніцы 30 мая 2017. Праверана 14 сакавіка 2013.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт (англ.)