Перайсці да зместу

Мястэчка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лагішын. Суседства храмаў розных канфесій — адметнасць беларускіх мястэчак

Мястэ́чка — гістарычна населены пункт, прамежкавы паміж вёскай і горадам, які меў меншую за горад колькасць і складанасць структуры насельніцтва, адсутнасць абарончых збудаванняў, аграрныя рысы вытворчасці, а ў адрозненні ад вёскі вылучаўся гандлем і рамяством як асноўным заняткам большай часткі жыхароў, меў большую культурную і адміністрацыйную значнасць, большую складанасць планіроўкі і забудовы.

Узнікненне першых мястэчак звычайна звязваюць з XV—XVI стст. Спачатку з ім атаясамлівалі невялікі гарадок. I гэта ўвогуле заканамерна, бо «местам» раней называлі горад.

Узнікненне мястэчак адбывалася рознымі шляхамі. Некаторая іх частка з'явілася падчас будаўніцтва замкаў або пры ўжо існаваўшых замках. Узнікалі мястэчкі таксама каля манастыроў, з былых вёсак, нават на новым месцы, пры гасцінцах, пры адкрыцці новых промыслаў. Развіццё мястэчак нярэдка суправаджалася паглыбленнем спецыялізацыі гаспадаркі, тады яны характарызаваліся адмысловымі заняткамі насельніцтва. Напрыклад, Ружаны вылучаліся суконнай прамысловасцю, Копысь — вытворчасцю паліванай кафлі, Смаргонь вядома была гарбарнымі заводамі, у Свержані i Бешанковічах будавалі рачныя судны.

Усяго на Беларусі налічвалася больш за 300 мястэчак, але размяшчэнне іх было нераўнамерным: большасць прыпадала на яе заходнія землі. На ўсходзе мястэчкі пачалі ўзнікаць пазней. Падчас свайго існавання некаторыя мястэчкі прыходзілі ў заняпад і ператвараліся ў вёскі, іншыя ж атрымлівалі статус гарадоў. У большасці ж сваёй яны з'яўляліся пераходнай паміж горадам і вёскай формай пасялення. Найбольш значныя мястэчкі атрымлівалі Магдэбургскае права. У складзе Расійскай імперыі многія мястэчкі былі цэнтрамі валасцей.

Аб прыналежнасці да мястэчка сведчыла планіроўка населенага пункта — там заўсёды была гандлёвая плошча, многія з якіх захаваліся дагэтуль. Цікавасць выклікае сацыяльны склад мястэчак. Гандляры і рамеснікі ўтваралі групу мяшчан; асобна вылучалася група рамеснікаў, карчмароў і гандляроў яўрэйскай нацыянальнасці; некаторую частку складалі местачковыя сяляне. З-за гэтага склаўся своеасаблівы местачковы побыт, развівалася адпаведная культура, структура гаспадаркі таксама была адметнай.

З развіццём капіталізму роля мястэчак як эканамічнага пасярэдніка паміж горадам і вёскай пачала змяншацца. У канцы 1930-х гадоў на Беларусі яны юрыдычна перасталі існаваць, хаця фактычна навакольным насельніцтвам успрымаліся так і пазней. Тыя мястэчкі, якія не былі пераведзены ў ранг гарадскога паселішча, перайшлі афіцыйна ў разрад вёсак, што ў шэрагу выпадкаў прывяло да іх эканамічнага заняпаду.