Перайсці да зместу

Марцыбелішкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Марцыбелішкі[1], таксама Марцыбілішкі[2] — колішні фальварак на рацэ Слоўст, цяпер у межах Мінскага раёна.

Марцыбела Агінская. Партрэт Луі дэ Сільвестра, 1724 г.

Названы ў гонар Марцыбелы Агінскай, жонкі Ігнацыя Завішы[3].

Ранняя гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Месца належала да Бакштанскага княства, уласнасць Кезгайлаў[3]. Вядомы прынамсі з першай паловы XVIII стагоддзя, уласнасць Завішаў і Агінскіх. Уваходзіў у склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Ян Тысевіч, ураджэнец фальварка Марцыбелішкі. Аўтапартрэт, 1841 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, Ігуменскі павет Мінскай губерні. Уласнасць Оштарпаў, якія ў першай палове XIX стагоддзя здавалі фальварак у арэнду, у 1811 годзе арандаваў Невяровіч[4]. У 1814 годзе ў Марцыбелішах нарадзіўся будучы мастак Ян Тысевіч (сапраўднае імя Уладзіслаў Невяровіч). Каля сярэдзіны XIX стагоддзя ўласнасць Віктара Азямблоўскага, пазней яго сыноў Генрыха і Ціта Азямблоўскіх.

З другой паловы XIX стагоддзя ў Смілавіцкай воласці. У 1880-я года Азямблоўскія прадалі фальварак А. Хасяневічу, які ў 1882 годзе прадаў яго Амурату Асанавічу Канапацкаму[4]. У 1897 годзе быў 1 двор, 12 жыхароў.

У 1917 годзе было 12 жыхароў, усе беларусы[5].

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Праведзена нацыяналізацыя фальварка.