Кветкі дробныя і несамастойныя, актынаморфныя, двухполыя ці раздзельнаполыя, сабраныя ў каласы ці ў дыхазіі са скарочанымі восямі, займаюць пазушнае становішча, часам суквецці клубочкі, якія, у сваю чаргу, збіраюцца ў складаныя суквецці, рэдка кветкі адзіночныя. Будова кветак разнастайная. Калякветнік лускаваты, з 3-5 свабодных ці злёгку зрослых лісцікаў, ці зусім рэдукаваны. Адпаведна змяняецца колькасць тычынак і пладалісцікаў ад 5 да 2. Плады аднанасенныя, сухія з цвёрдым ці лускаватым каляплоднікам (арэхі), рэдка раскрываюцца вечкам (каробачкі), часам плод ягадападобны. Маюць прыстасаванні для распаўсюджання пладоў: валаскі, шыпікі, крыльцы. Зародак сагнуты ці спіральна закручаны.
Шырока распаўсюджана ў субтропіках і ўмераных абласцях, галоўным чынам на засоленых глебах. На Беларусі 9 родаў, каля 30 відаў, найбольш пашыраныя лебяда, буракі, шпінат, лябеднік[1].