Кі-Ларга
Кі-Ларга | |
---|---|
англ. Key Largo | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 150 км² |
Насельніцтва | 10 433 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 69,55 чал./км² |
Размяшчэнне | |
25°05′11″ пн. ш. 80°26′50″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Фларыда-Кіс |
Акваторыя | Фларыдскі праліў |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кі-Ла́рга (англ.: Key Largo) — востраў у Фларыдскім праліве. З'яўляецца часткай архіпелага Фларыда-Кіс. Уваходзіць у склад амерыканскага штата Фларыда. Плошча - 150 км². Насельніцтва - 10 433 чал. (2010 г.)[1]
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Кі-Ларга — самы буйны і доўгі востраў Фларыда-Кіс. Ён аддзелены ад паўвострава Фларыда пралівам, які ў самым вузкім месцы дасягае ўсяго 1,45 км. У астатніх месцах праліва рыфы і пясчаныя косы ўтвараюць шэраг неглыбокіх заліваў. У нашы дні некаторыя з гэтых вузкіх кавалкаў сушы аб'яднаны мастамі і шашой і выкарыстоўваюцца для камунікацыйнага злучэння Кі-Ларга з кантынентам. Аднак у мінулым яны стваралі істотныя перашкоды для суднаходства.
Даўжыня вострава Кі-Ларга — 63,22 км. Найбольшая шырыня — 6,63 км, але ў некаторых месцах яна не перавышае 445 м. Кі-Ларга мае каралавае паходжанне. Суша нізкая, складзена з вапняку і дробнага пяску. Маецца некалькі ўнутраных лагун.
Клімат трапічны вільготны. Улетку здараюцца моцныя ўраганы.
Наземныя флора і фаўна значна пацярпелі ад прысутнасці чалавека. На некаторых участках узбярэжжа захаваліся мангравыя лясы. На Кі-Ларга спыняюцца пералётныя птушкі. Значна большую разнастайнасць мае навакольны падводны свет, дзе налічваецца 55 відаў каралаў і 500 відаў рыб[2]. Для захавання прыроды на Кі-Ларга створаны марскі нацыянальны парк, два батанічныя паркі, цэнтр назірання за дзікімі птушкамі, два дзяржаўныя і прыватная ўстановы вывучэння і гадавання дэльфінаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Найстаражытнейшымі вядомымі насельнікамі вострава Кі-Ларга былі прадстаўнікі індзейскага народа кулуса, якія перасяліліся сюды з суседняй Фларыды. Археолагамі знойдзены рэшткі буйных штучных пабудоў, узведзеных паміж 1000 г. і 1499 г. Мяркуецца, што яны маглі выкарыстоўвацца для навігацыі або ў рэлігійных мэтах[3][4]. У пачатку XVI ст. востраў быў адкрыты іспанцамі і названы імі Cayo Largo (літаральна "доўгі рыф"). Сучасная назва з'явілася толькі ў 1870 г.[5] Да канца XVIII ст. мясцовае карэннае насельніцтва вымерла ў выніку сутычак з піратамі або эпідэміі. У XVI - XIX стст. праз Фларыдскі праліў праходзіў ажыўлены марскі шлях, які злучаў Вест-Індыю з Еўропай. Каля Кі-Ларга выяўлены рэшткі частых караблекрушэнняў.
У XIX ст. на Кі-Ларга з'явіліся перасяленцы з ЗША, якія займаліся ловам рыбы і вырошчваннем ананасаў і лайма. Першае вядомае паселішча мела назву Плантэр[6]. У 1870 г. на востраве жыло 60 чалавек. У 1881 г. на Кі-Ларга была адкрыта пошта. У 1908 г. востраў злучаны з кантынентам чыгункай, што дзейнічала да 1935 г.[7] З 1940 г. развіваецца турызм.
Зноскі
- ↑ city-data.com
- ↑ Dawn Henthorn, The Florida Keys: Key Largo Архівавана 4 красавіка 2015.
- ↑ James Kerr, The Lost Civilization Of Key Largo Were There Mayans In The Florida Keys? Probably, Says Archaelogist `Indiana Irv` But Don`t Go Looking For The Temple Of Doom Архівавана 2 красавіка 2015.
- ↑ Key Largo Rock Mound - Ancient Temple in United States in The South
- ↑ Jerry Wilkinson, HISTORY OF KEY LARGO
- ↑ THE FLORIDA KEYS TRAVEL GUIDE KEY LARGO
- ↑ Claudia Miller, The Railroad That Went to Sea Архівавана 26 лютага 2015.