Карпулінг
Карпулінг (ад англ.: car «аўтамабіль» pool «аб’яднанне») ці райдшэрынг (англ.: ride «паездка» share «дзяліцца») — сумеснае выкарыстанне прыватнага аўтамабіля, калі едзе больш, чым адзін чалавек, што прадухіляе неабходнасць іншым спадарожнікам дабірацца да месца самастойна. Пры карпулінгу даволі часта карыстаюцца дапамогай анлайн-сэрвісаў пошуку спадарожнікаў. Пры гэтым выдаткі на паліва размяркоўваюцца прапарцыйна і выбіраецца аптымальны для ўсіх удзельнікаў паездкі маршрут без значных адхіленняў ад асноўнага маршруту кіроўцы (уладальніка аўтамабіля), у адрозненне ад таксі, пры выкарыстанні якога выдаткі аплачвае пасажыр, а кірунак паездкі не абмяжоўваецца кіроўцам, і аўтаспыну, дзе па факце плаціць толькі кіроўца, які едзе строга па сваім маршруце. Тэарэтычна пры райдшэрынгу магчыма перадаваць кіраванне аўтамабілем аднаму з пасажыраў, але на практыцы гэта ўжываецца досыць рэдка.
У залежнасці ад спосабу планавання сумеснай паездкі вылучаюць наступныя віды карпулінгу:
- Класічны — як правіла, працяглая (ад 100 км) паездка, плануецца загадзя (ад 1 дня да некалькіх месяцаў).
- Дынамічны — перамяшчэнне ў гарадской прасторы на нязначныя адлегласці (1-100 км) пры наяўнасці альтэрнатыў (на ўласным аўто, грамадскім транспартам, на таксі, ровары або пешшу).
- Рэгулярны — удзельнікі, маршрут і расклад паездкі пастаянныя.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Карпулінг як масавая з’ява ўпершыню з’явіўся ў ЗША падчас Другой сусветнай вайны, калі паліва стала дэфіцытным рэсурсам. Адзін з самых вядомых плакатаў таго часу заяўляў: «Калі ты едзеш адзін, то вязеш з сабой Гітлера. Далучайся да каршэрынг клуба!».
Затым цікавасць да карпулінгу вырасла ў ЗША у 1970-я ў сувязі з ростам коштаў на паліва ў выніку нафтавага крызісу 1973 года. У Еўропе карпулінг модным не быў, бо сістэма грамадскага транспарту там была развіта значна лепш, чым у ЗША.
Акрамя таго, з-за хуткага росту гарадоў і колькасці аўтамабіляў абвастрылася праблема дарожных затораў. Як адзін з метадаў барацьбы з заторамі ў ЗША сталі з’яўляцца спецыяльныя выдзеленыя палосы для аўтамабіляў з двума і больш пасажырамі — палосы высокай загружанасці. Так для карпулінгу з’явіўся яшчэ адзін стымул — эканомія часу.
Карпулінг набыў папулярнасць у 2010-я гады з развіццём інтэрнэту і мабільных тэхналогій, якія палегчылі пошук спадарожнікаў[1].
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Карпулінг