Каменны век на Беларусі
Каменны век — самы старажытны перыяд у гісторыі чалавецтва. На тэрыторыі Беларусі пачаўся разам з прыходам першых людзей каля 100 — 30 тысяч год таму назад і працягваўся да канца 3 тысячагоддзя да н. э. (пачатак выкарыстання металу). Падзяляецца на перыяды: ранні, альбо ніжні (палеаліт), сярэдні (мезаліт) і позні, альбо верхні (неаліт).
Палеаліт
[правіць | правіць зыходнік]Палеаліт таксама падзяляецца на ранні (ніжні), сярэдні (мусцье) і позні (верхні). На тэрыторыю Беларусі чалавек прыйшоў у сярэднім палеаліце, прыкладна 100 — 30 тыс. г. таму назад.
Сярэдні палеаліт
[правіць | правіць зыходнік]Сведчаннем прыходу людзей на тэрыторыю Беларусі з'яўляюцца прылады працы гэтай эпохі (востраканечнікі, скрэблы, адшчэпы), якія знойдзены каля вёсак Абідавічы (Быхаўскі раён Магілёўскай вобл.) і Свяцілавічы (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці). Носьбітамі гэтай культуры былі неандэртальцы — папярэднікі чалавека сучаснага тыпу. Яны палявалі на буйных жывёл (маманта, шарсцістага насарога), займаліся збіральніцтвам, навучыліся здабываць агонь, будаваць жытлы. У гэты час адбываўся пераход ад праабшчыны (першабытнага чалавечага статку) да радавога ладу.
Позні палеаліт
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі пачаўся каля 35 тыс. г. таму назад. Тэрыторыю Беларусі паступова пачалі засяляць краманьёнцы — людзі сучаснага фізічнага тыпу. Найбольш старажытныя стаянкі чалавека на тэрыторыі Беларусі выяўлены каля в. Бердыж (Чачэрскі раён) і Юравічы (Калінкавіцкі раён) Гомельскай вобл., яны адносяцца да верхнепалеалітычнай эпохі, іх узрост 26 — 22 тыс. г. да н. э. Знойдзены рэшткі жытлаў, сцены якіх умацаваны чарапамі і касцямі мамантаў, валунамі. Большасць прылад працы выраблялася з крамянёвых пласцін, некаторыя з біўняў і рэбраў мамантаў, касцей іншых больш дробных жывёл. Паселішчы належалі радавым абшчынам краманьёнцаў.
У канцы палеаліту чалавек рассяліўся пераважна па далінах вялікіх рэк. Асноўныя рысы часу — развіццё вытворчасці прылад працы з крамянёвых пласцін, пашырэнне лука і прыручэнне сабакі. Развіваліся спосабы апрацоўкі косці, першабытнае мастацтва, існаваў складаны пахавальны абрад, аформілася першабытная рэлігія — татэмізм. Даволі высокі на той час узровень гаспадаркі, выраб прылад працы і будаўніцтва жытлаў далі чалавеку магчымасць выжыць у суровых умовах прыледавіковай, амаль бязлеснай зоны.
У 11 тысячагоддзі да н. э. на Дняпры і Сажы пачала складвацца грэнская культура (Бароўка Быхаўскага р-на, Грэнск каля Чачэрска, Журавель Чэрыкаўскага, Каромка Рагачоўскага, Фойна Магілёўскага р-наў і інш.), у 10 — 7 тысячагоддзях да н. э. на тэрыторыі Заходняга Палесся, Валыні, у басейнах Нёмана і Віслы жылі плямёны свідэрскай культуры (Гожа Гродзенскага, Нясілавічы Дзятлаўскага, Опаль Іванаўскага р-наў). Апошнія этапы гэтых культур прыпадаюць на эпоху мезаліту (9 — 5 тыс. да н. э.).
Мезаліт
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі пачаўся ў 9 тыс. да н. э. На працягу ранняга галацэну праз Панямонне, Дняпроўскі басейн, першабытныя лясы-пушчы, што ўзнавіліся, прайшлі плямёны паляўнічых на паўночных аленяў. Насельніцтва паступова стабілізавалася. У мезаліце з поўдня па далінах буйных рэк засялялася тэрыторыя Беларусі. Больш за 100 стаянак выяўлена ў Верхнім Падняпроўі, Панямонні і на Прыпяці. За гэты час склаўся мацярынска-радавы лад, фарміраваліся плямёны, развівалася родава-племянная ўласнасць. Асноўным гаспадарчым калектывам гэтага часу была радавая абшчына, у якой вытворчыя адносіны поўнасцю супадалі з адносінамі кроўнага сваяцтва па мацярынскай лініі, заснаваны былі на калектыўнай вытворчасці, уласнасці і пэўнай роўнасці спажывання. Зліццё некалькіх культурных традыцый прывяло да фарміравання на тэрыторыі ўсходняй Беларусі сожскай культуры (Глыбаўка Веткаўскага, Горкі Чэрыкаўскага, Лудчыцы Быхаўскага, Шыхаў Жлобінскага р-наў).
Неаліт
[правіць | правіць зыходнік]На тэрыторыі Беларусі пачаўся ў канцы 5 — 4 тысячагоддзі да н. э. Клімат значна пацяплеў, усюды раслі лісцевыя лясы, рэльеф і рачная сетка ў асноўным набылі сучасны выгляд. Невялікія паселішчы з наземнымі або паўзямлянкавымі жытламі найчасцей размяшчаліся на рачных тэрасах каля вусцяў малых рэк, на берагах старыц і пясчаных дзюнах. Асноўнымі заняткамі насельніцтва былі рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Пад канец эпохі ўзніклі і вытворчыя формы гаспадаркі — прымітыўнае земляробства і жывёлагадоўля. Пачалі выкарыстоўвацца камбінаваныя прылады працы, серпападобныя нажы і інш. Удасканальваліся спосабы апрацоўкі каменю, пашыраліся шліфаванне сякер, долатаў, цёслаў, матык. Прылады працы і рэчы ўжытку выраблялі таксама з рога, косці, дрэва. Ад адкрытых распрацовак марэннага і мелавога крэменю людзі перайшлі да здабычы яго шахтавым спосабам. Развіваўся прымітыўны абмен крэменем, бурштынам і інш. Найважнейшая адзнака неаліту — пачатак керамічнай вытворчасці. Гліняны посуд ляпілі ўручную і абпальвалі на вогнішчы. Вынаходства посуду дало магчымасць палепшыць спосабы прыгатавання і захоўвання ежы.
На тэрыторыі Беларусі вядома 600 неалітычных стаянак, большасць іх сканцэнтравана ў далінах рэк басейнаў Прыпяці, Сажа і Нёмана. Усходняе Палессе ў гэты час насялялі плямёны палескага варыянта днепра-данецкай культуры, якія выраблялі вастрадонныя шыракагорлыя гаршкі, упрыгожаныя адбіткамі грэбеня і наколамі, і мікралітычныя прылады працы (Слабодка, Юравічы Калінкавіцкага, Краснаселле Хойніцкага р-наў і інш.).
Басейн Дняпра на паўночны ўсход ад вусцяў рэк Бярэзіна і Іпуць займалі плямёны верхнедняпроўскай культуры, для іх характэрны посуд, арнаментаваны ямкавымі і лапчастымі ўзорамі (Струмень Кармянскага, Рудня-Шлягіна Веткаўскага, Сябровічы Чачэрскага, Вець Быхаўскага, Лучын, Ходасавічы Рагачоўскага, Глыбаўка, Новыя Грамыкі Веткаўскага, Гронаў Чэрыкаўскага р-наў).
Панямонне і левабярэжжа верхняй Прыпяці, суседнія раёны Літвы і Польшчы насялялі плямёны нёманскай культуры, насельніцтва якой карысталася пераважна вастрадонным прафіляваным посудам, арнаментаваным наколамі, насечкамі і пракрэсленымі рыскамі, вырабляла лістападобныя наканечнікі стрэл, разнастайныя скрабкі і прылады, якімі секлі (Добры Бор Баранавіцкага, Кругліца Стаўбцоўскага, Русакова Слонімскага, Моталь Іванаўскага, Камень Пінскага, Ярэмічы Карэліцкага р-наў).
У 3 тыс. да н. э. на Усходнім Пасожжы жылі таксама плямёны дзяснінскай культуры, на тэрыторыі паўднёва-заходняй Беларусі праніклі плямёны культуры лейкападобных кубкаў, жывёлагадоўчыя плямёны культуры шарападобных амфар. У сярэдзіне 3 тыс. да н. э. на тэрыторыі Паўночнай Беларусі пашырыліся плямёны культуры тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі, для іх быў характэрны гліняны посуд з круглаватым дном і лістападобныя наканечнікі стрэл і коп'яў.
Тэрыторыю Беларускага Паазер'я ў 4 — 3 тыс. да н. э. насялялі плямёны нарвенскай культуры, якія значную частку прылад працы выраблялі з рога і косці. У 2-й палове 3 тыс. да н. э. на гэтай тэрыторыі жылі плямёны, што выраблялі гладкасценны посуд з дамешкамі ў гліне тоўчаных ракавін, арнаментаваны насечкамі, адбіткамі грэбеня і наколамі. У канцы 3 тыс. да н. э. сюды перасялілася частка падняпроўскага неалітычнага насельніцтва і плямёны культур шнуравой керамікі. У выніку тут склалася паўночнабеларуская культура, насельніцтва якой вырабляла ўпрыгожанні з зубоў жывёл, касцяных пласцінак і бурштыну, скульптуры людзей, звяроў і птушак, выразаныя з дрэва, косці. На паўночна-ўсходняй тэрыторыі Беларусі пашырыліся помнікі бабінавіцкага тыпу.
Неаліт, і ў цэлым каменны век, завяршыўся на тэрыторыі Беларусі ў кан. 3 тыс. да н. э. Наступным перыядам у гісторыі чалавецтва быў бронзавы век.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Палеаліт // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 552. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкал.: В. В. Гетаў [і інш.]. — Мінск: БелЭн, 1993.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Каменны век на Беларусі