Перайсці да зместу

Зоська Верас

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з З. Верас)
Зоська Верас
Асабістыя звесткі
Імя пры нараджэнні Людвіка Антонаўна Сівіцкая
Псеўданімы Зоська Верас, А.Войцикава, Мама, Мирко, Л.Савицкая і Шара Пташка
Дата нараджэння 18 (30) верасня 1892
Месца нараджэння
Дата смерці 8 кастрычніка 1991(1991-10-08) (99 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Антон Міхайлавіч Сівіцкі[d]
Маці Эмілія Садоўская[d]
Муж Фабіян Гіляравіч Шантыр і Антон Іванавіч Войцік
Дзеці Галіна Антонаўна Войцік і Антон Шантыр[d]
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменніца, паэтка, перакладчыца, мастачка, дзіцячая пісьменніца, грамадская дзяячка, мемуарыстка, публіцыстка
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Зо́ська Ве́рас, сапр.: Людві́ка Анто́наўна Сіві́цкая-Во́йцік (18 (30) верасня 1892, пас. Мяджыбаж, цяпер Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласць, Украіна — 8 кастрычніка 1991, Вільнюс) — беларуская пісьменніца і грамадскі дзеяч.

Удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. У Мінску супрацоўнічала з «Беларускай хаткай», працавала ў Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Ладзіла батлеечныя вечарынкі, спрабавала арганізаваць выданне беларускіх падручнікаў. З 1923 года жыла ў Вільні. Друкавала артыкулы па сельскай гаспадарцы, пчалярству і агародніцтву. У 1980-я гады вакол яе гуртавалася беларуская інтэлігенцыя.

У псеўданіме Зоська Верас пісьменніца Людвіка Сівіцкая зашыфравала дзень уласнага нараджэння — 30 верасня[1]. Выкарыстоўвала таксама псеўданімы: А. Войцікава; Мама; Мірко; Л. Савіцкая; Шара Пташка.

З. Верас у сцэнічным касцюме. 1913 год.

Нарадзілася ў сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны[2], у 1892 годзе. Як і ў шмат якіх шляхецкіх сем’ях, дома размаўлялі па-польску[2][3].

Гісторык Г. Каханоўскі зацікавіўся постаццю прадзеда Людвікі Сівіцкай Iгната Кулакоўскага, які яшчэ ў 1834 г. у пісьме на імя расійскага міністра асветы пісаў пра неабходнасць даць беларускаму народу адукацыю «с учётом национальной самобытности здешних людей». Праўнучка захавала дыплом аб выбранні даследчыка беларускіх старажытнасцей i педагога І. Кулакоўскага сябрам Навуковага таварыства ў Даніі. Ён меў гонар таксама быць сябрам навуковых таварыстваў у Вільні, Варшаве, Пецярбургу[2].

Дзед Людвікі па матчынай лініі Людвік Садоўскі быў знатным пчаляром і садаводам, ён вучыўся ў Варшаве ў К. Лявіцкага, імем якога названа канструкцыя рамачнага вулля, прапанаваная Лявіцкім у 1882 г.[4] Людвік добра ведаў беларускую мову і карыстаўся ёю ў размовах з сялянамі[2].

Бацька Людвікі, Антон Міхайлавіч Сівіцкі, быў родам з Гродна, скончыў Гродзенскую мужчынскую гімназію[5], называў сябе ліцвінам[3], ён шмат чытаў, любіў паэзію, яго ўлюбёнымі паэтамі былі А. Міцкевіч i У. Сыракомля[3].

Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала ад бацькоў[3][6], а ў 1904 паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі ў 1908 пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі  (польск.) (па іншых крыніцах — маёнтак Крыштапарова) Сакольскага павета. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай, якая мясцілася ў камяніцы Стэфана Баторыя ў Гродне (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы[6] і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914).

Падчас вучобы ўваходзіла ў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нацыянальную свядомасць. Займалася літаратурнай творчасцю, друкавалася ў газеце «Наша ніва». У 1913 гурткоўцамі выдадзены лацінкай на беларускай мове літаратурны альманах «Kołas biełaruskaj niwy» («Колас беларускай нівы»), куды ўвайшлі між іншага творы Л. Сівіцкай (пад псеўд. Шара Пташка), яна ж была аўтарам уступнага артыкула.

Фабіян Шантыр

3 1915 у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. У тым жа годзе пазнаёмілася з Фабіянам Шантырам, які быў на 5 гадоў старэйшы за яе[7]. У іх завязаліся рамантычныя адносіны. Фабіян жыў у Бабруйску, але часта наведваўся ў Мінск. Ён удзельнічаў у рабоце клуба «Беларуская хатка» ў 1916—1917 і быў актыўна залучаны ў грамадскім жыцці. Зоська таксама наведвала яго ў Бабруйску, нават пасля арышту Фабіяна, які адбыўся ў 1918 годзе, у выніку чаго Шантыр апынуўся ў Бабруйскай крэпасной турме. У сваіх лістах і ўспамінах З. Верас называе Ф. Шантыра мужам, але пабрацца ім не выпала[7]. У лісце да Ванды Лявіцкай Зоська ўскладае віну за гэта на Р. Зямкевіча, які, паводле аўтаркі ліста, узвёў паклёп на яе ў вачах Ф. Шантыра[7].

У канцы 1918 г. З. Верас пакідае Мінск з прычыны хваробы маці і вяртаецца ў дзедаў маёнтак — Альхоўнікі[7]. У 1919 г. у Зоські Верас нарадзіўся сын Антон, яго бацька Фабіян Шантыр быў расстраляны ў 1920 г[2]. Жывучы ў Альхоўніках, Людвіка пісала вершы, прысвечаныя найчасцей малому сыночку. У 1922 г. Людвікін дзед памёр, і маёнтак давялося прадаць[6].

У 1923 годзе ў лясным масіве на Панарскіх узгорках пад Вільняй разам з Антонам Войцікам пабудавалі прасторную хатку з галінак дрэў, абмазаных глінай так, як гэта рабілася ва Украіне[6] У 1926 г. Зоська Верас выйшла замуж за Антона Войціка, маладыя павянчаліся ў Віленскім Касцёле Святога Мікалая[8]. У гэтым шлюбе 1 ліпеня 1927[9] нарадзілася дачка Галіна, у замужжы Луцкевіч.

У 1924—1929 гг. працавала адміністратарам рэдакцыі газет Беларускай сялянска-работніцкай грамады, у 1927—1931 гг. — рэдактар дзіцячага часопіса «Заранка», пісала для яго апавяданні, а ў 1934—1935 гг. — дзіцячага часопіса «Пралескі», у 1928—1939 гг. — старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала», адначасова (1934—1938) — рэдактар пчалярскага часопіса «Беларуская борць» (Вільня).

У 1946 годзе Антона Шантыра арыштавалі і асудзілі. Ні маці, ні сястра не ведалі, дзе знаходзіцца Антон і што з ім[10]. Пасля таго, як у 1944 г. была закрыта Віленская беларуская гімназія, у 1945 г. ліквідаваны Беларускі музей імя І. Луцкевіча, а ў 1948 г. раптоўна памёр муж, у жыцці пісьменніцы наступіў цяжкі перыяд, які пазней яна звала «летаргічным сном».

У 1956 г. Антон нечакана вярнуўся дамоў са сталінаўскіх лагераў, цяжка хворы[11]: 10 гадоў ён быў пазбаўлены права ліставацца з маці[2].

Толькі ў 1961 г. Зоська Верас была «адкрытая» Арсенем Лісам, які збіраў у вільнюскіх архівах матэрыял для сваёй дысертацыі, пасля гэтага яе пачалі наведваць пісьменнікі, навукоўцы, журналісты, студэнты. У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільнюса. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1982).

Вонкавыя выявы
Магіла на Панарскіх могілках

Памёрла ў 1991 годзе, пахавана на Панарскіх могілках побач з магіламі маці, мужа і сына[2].

Грамадская дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]
Гальяш Леўчык, Зоська Верас, Рамуальд Зямкевіч

Удзельніца Гродзенскага гуртка беларускай моладзі (1909—1913), дзе была за бібліятэкарку і сакратарку[6]. Падчас удзелу ў гуртку іграла ў пастаноўцы п’есы «Па рэвізіі» ў лютым 1910 г. Пантурчыху, а ў «Модным шляхцюку» ў лютым 1911 г. — Ганку. Паказ апошняй прайшоў на кватэры ў Л. Сівіцкай[5]. Удзельнічала ў выданні альманаха «Колас беларускай нівы» (Гродна, 1913). Кантактавала з газетай «Наша ніва», віленскімі выдавецтвамі, перапісвалася з І. Луцкевічам, В. Ластоўскім, А. Уласавым.

Запіска Максіма Багдановіча Зосьцы Верас, напісаная падчас гульні моладзі на вечарынцы. г. Мінск. 1917 г.

Падчас 1-ай сусветнай вайны разам з маці, Эміліяй Сівіцкай, эвакуіравалася ў Мінск. Супрацоўнічала з «Беларускай хаткай», дзе пазнаёмілася з Ядвігіным Ш. і яго дачкой В. Лявіцкай, а таксама з А. Смолічам і У. Галубком, пасябравала з М. Багдановічам. У 1916—1917 працавала ў Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У 1917 г. Зоська Верас удзельнічае ва Усебеларускім кангрэсе. Ладзіла батлеечныя вечарынкі, спрабавала арганізаваць выданне беларускіх падручнікаў.

З 1923 г. жыла ў Вільні. Апекавала беларускіх палітычных вязняў, якія сядзелі ў віленскай турме «Лукішкі». Вынесла з «Лукішак» вершы М. Машары і выдала за свой кошт яго першы зборнік «Малюнкі» (1928)[12]. Друкавала свае творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка», дзе выступала разам з Н. Арсенневай.

З. Верас ліставалася і сябравала са шматлікімі беларускімі грамадскімі дзеячамі ды літаратурнымі асобамі: Віталём Скалабанам, Янкам Саламевічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, Зыгмунтам Абрамовічам, Ларысай Геніюш, Вольгай Іпатавай, Сяргеем Панізнікам, Уладзімірам Содалем і г. д[13].

У «Лясной хатцы» бывалі пісьменнікі У. Караткевіч, Я. Пархута, Р. Барадулін, Л. Геніюш, Д. Бічэль-Загнетава, А. Бачыла, мастакі А. Марачкін, Віктар Маркавец, Я. Кулік, Мікола Купава, В. Целеш, А. Цыркуноў, вучоныя-літаратуразнаўцы А. Мальдзіс, Я. Саламевіч, Г. Кісялёў, В. Скалабан[2].

Рыгор Барадулін падкрэсліў непаддзельную цікавасць З. Верас да грамадскага жыцця на працягу амаль цэлага стагоддзя такімі радкамі[14]:

" Да часу маючы інтэрас,

Не зачыняючы дзьвярэй,
Гаворыць зь векам
Зоська Верас,
Як з братам,
Што крыху старэй.

"

У 1988 г. Зоська Верас разам з зяцем Лявонам, сынам Антона Луцкевіча стварылі спачатку клуб «Сябрына», а 4 лютага 1989 г. заснавалі Таварыства беларускай культуры ў Літве[15].

Дэбютавала ў 1907 (часопіс «Падснежник», Кіеў). На беларускай мове выступіла з «абразкамі» пад псеўданімам Мірко[16] ў 1911 (газета «Наша ніва»). У час эвакуацыі ў Мінску Зоська Верас піша вершы, лірычныя абразкі. Аўтарка «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка» (Вільня, 1924; арыгінал захоўваецца ў Нью-Ёрку), брашуры «Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні» (1934), кнігі вершаў і апавяданняў для дзяцей «Каласкі» (1985). Напісала ўспаміны пра М. Багдановіча («Пяць месяцаў у Менску»)[17], У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатра з украінскай мовы пераклала п’есы Р. Завадовіча «Князь Марцыпан» (Вільня, 1929), Ю. Ігарава «Сірата» (Вільня, 1929), з рускай — «Лясныя хаткі» В. Біянкі (Вільня, 1931).

Батанічная і пчалярская дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

З. Верас была рэдкім чалавекам, які з беларусканавуковымі мэтамі займаўся батанікай[2]. У сваёй аўтабіяграфіі яна адзначала, што зацікаўленасць батанікаю з’явілася яшчэ ў гімназіі[3].

Пасля курсаў «Агародніцтва, садаўніцтва i пчалярства», якія Людвіка скончыла да 1 ліпеня 1914 года, яна атрымала пасведчанне «аб’яздовага інструктара»[6]. Практыку адбывала ў свайго дзеда, заўзятага садоўніка і пчаляра. Яшчэ ў 1912—1913 гадах яна пачала складаць «Батанічны зельнік», ставячы на першае месца назовы раслін акурат па-беларуску. На радзіме дзеда яна і далей працягвала запісваць назовы раслін[6].

Падчас працы сакратаром у «Камітэце Таварыства дапамогі ахвярам вайны», ёй было даручана арганізаваць вырошчванне капусты задалёка ад Мінска. Яна разрахавала колькасць неабходнай расады, насення, угнаенняў, але, калі выехала на месца, аказалася, што глеба там гліністая, вады блізка няма і капуста там проста не вырасце. На гэтым «Капусныя праекты Аляксандра Уласава», як яна іх называла, былі згорнуты.

З дазволу Міністэрства Земляробства З. Верас чытала лекцыі на 45-дзённых курсах агародніцтва і пчалярства для бежанцаў. У 1918 годзе вярнулася ў Альхоўнікі, дзе пражыла пяць гадоў. Там яна працавала і над батанічным слоўнікам, і, сумесна з украінскім аграномам Міхалам Бароўскім, над кніжкай «Медадайныя расліны»[6].

Вакол хаткі З. Верас у Вільне рос багаты батанічны сад, які меў найбагацейшую калекцыю раслін, сабраных гаспадыняю[6], тамсама была і аранжарэя з цяпліцай. Там раслі ўнікальныя гатункі кветак, дрэў, папараці, кітайскія, японскія, галандскія ружы, цытрыны, лаўр, арэхі. Кветкамі займалася Галіна — дачка гаспадыні, а ў цяпліцы працаваў Яраслаў, сын Галіны, і Лявон, яе муж[18].

У 1924 годзе выдала «Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік». У слоўнік увайшлі 302 расліны, якія мелі 424 беларускія назвы. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу[2][6]. З 1928 года займае пасаду старшыні Беларускага кааператыўнага таварыства «Пчала». У 1935 годзе таварыства «Пчала» арганізуе завочныя курсы па зборы медадайна-лекарскіх i лекавых зёлак. Гэтыя курсы апрацоўвала ўдваіх са студэнтам-медыкам В. Тумашам[2][6].

Яшчэ для «Заранкі», а пасля і для «Пралесак», пісьменніца пісала навуковапапулярныя артыкулы на тэму прыроды[2].

Свае артыкулы па сельскай гаспадарцы, пчалярству і агародніцтву друкавала таксама ў газетах «Беларуская ніва» і «Народная справа», а парады на гэтыя тэмы ў Віленскіх беларускіх адрыўных календарах, якія яна выдавала з 1926 да 1939 год[2][6].

Маючы вялікі аўтарытэт у асяроддзі мастакоў, яна запрашала іх да сябе ў сад замалёўваць расліны ў розныя перыяды вегетацыі, збірала і сушыла зёлкі, расфасоўвала ў шкляныя слоічкі. Так яна параіла стварыць залу народнай медыцыны ў Гудзевічах[19][20] і сама рабіла экспанаты для аддзела зёлкавых раслін Гудзевіцкага школьнага музею. Адначасова стварала рэцэпты зёлкавых збораў. Яе сябра па Гродзенскім гуртку з Амерыкі даслаў кнігу аб лекавых раслінах, і ў свае 98 гадоў Зоська Верас начамі рабіла пераклад гэтай кнігі на беларускую мову[6].

Уладзімір Караткевіч, звяртаўся да яе ў ліставанні, называючы «паважаны наш батанічны бог»[21].

Унук Зоські Верас, Вячаслаў Войцік, стаў батанікам і прыродазнаўцам[22].

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]

Зосьцы Верас прысвяцілі вершы Віктар Шніп[23], Рыгор Барадулін[14][24], Сяргей Панізнік[25] Людміла Рублеўская[26], яна ж сумесна з гісторыкам Віталём Скалабанам напісала п'есу «Людвіка і Фабіян», прысвечаную каханню Людвікі і Фабіяна Шантыра[27][28].

Зосьцы Верас прысвечаны фільм, зняты на «Беларусьфільме»[29]. Галіна Войцік напісала кнігу «Зоська Верас», якая выйшла ў 2002 годзе[30].

Вядомая беларуская паэтка Ларыса Геніюш пісала:

" Вільня, Вільня, наша Мекка, вера,

Каліноўскага святая кроў.
Там жыве, бы ў казцы, Зоська Верас
ля высокіх віленскіх муроў…

"

Партрэт Зоські Верас напісаў Анатоль Крывенка і адліў Мікалай Несцярэўскі[31][32]. Іван Пратасеня напісаў карціну «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год»[33]. Экслібрыс для яе стварыў Вячка Целеш[34][35].

У 2013 годзе ў кніжнай серыі «Гарадзенская Бібліятэка» выйшла кніга «Зоська Верас. Я помню ўсё». У кнізе надрукаваны ўспаміны Зоські Верас, яе прыватная карэспандэнцыя, фотаздымкі. Упершыню апублікаваныя 367 лістоў, датаваныя 1967—89 г. Лісты і ўспаміны сабраў, апрацаваў і ўклаў Міхась Скобла.[36]

Выстаўка «Цвітуць на ўзлеску верасы…», прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння Зоські Верас, адбылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (2—29 кастрычніка 2022 года)[37].

  • Зоська Верас. Выбраныя творы. — Мн .: Беларуская навука, 2015. — 572 с. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1. Мастацкая літаратура). — 700 экз. — ISBN 978-985-08-1928-4.
  • Зоська Верас. Пакуль рука пяро трымае: успаміны, лісты. — Мн .: Лімарыус, 2015. — 615 с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — 300 экз. — ISBN 978-985-6968-49-8.
  • З. Верас. Я помню ўсё: успаміны, лісты. — Гародня, Wrocław., 2013. — 475 с. — (Гарадзенская бібліятэка ; кн. 21). — ISBN 978-83-7893-104-1.
  • Каласкі: Вершы, апавяданні. Мн., 1985.
  • ["Заранка"] // Полымя. 1968. № 4.
  • Пяць месяцаў у Мінску // Шлях паэта. Мн., 1975.
  • Гісторыя беларускага адрыўнога календара // Ніва (Беласток). 1976. 26 снеж.
  • Мой дадатак // Ядвігін Ш. Выбр. творы. Мн., 1976.
  • Гальяш Леўчык // Леўчык Г. Доля і хлеб. Мн., 1980.
  • Справа дзён, даўно мінулых: Да 60-годдзя трупы У. Галубка // Тэатр. Мінск. 1980. № 6.
  • Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар 1981. Беласток, 1981.
  • Старое Гродна // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. Мн., 1986.
  • Лісты Зоські Верас да Апалёніі Савёнак / Падр. да друку й камэнт. Н. Гардзіенкі // Запісы = Zapisy. — 2004. — Кн. 27. — С. 251—257.
  1. Хто спаліў «Лясную хатку»? Да 130-х угодкаў Зоські Верас Архівавана 1 кастрычніка 2022.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м Галіна Войцік. ЗОСЬКА ВЕРАС. СЭРЫЯ «ПАРТРЭТЫ ВІЛЕНЧУКОЎ»
  3. а б в г д Зоська Верас. З АЎТАБIЯГРАФII Архівавана 2 сакавіка 2012.
  4. Улей Левицкого — немного в историю Архівавана 30 верасня 2011. (руск.)
  5. а б Сівіцкая-Войцік Людвіка Антонаўна Архівавана 12 лютага 2011.
  6. а б в г д е ё ж з і к л м Старая Гродзенская патрыётка Зоська Верас!(недаступная спасылка)
  7. а б в г Фабіян! Фабіян!..
  8. Обретение Вильни Архівавана 3 лютага 2015. (руск.)
  9. Памерла Галіна Войцік
  10. Боль воспоминаний(недаступная спасылка) (руск.)
  11. Д. Бічэль. Сустрэчы з Зоськай Верас
  12. Імёны свабоды Архівавана 23 верасня 2015.
  13. Партызанка Зоська Верас
  14. а б Бяседа(недаступная спасылка)
  15. Мы стаім ніжэй за цыганоў
  16. т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  17. Пяць месяцаў у Мінску Архівавана 5 лютага 2015.
  18. Мікола Купава. Мая Вільня Архівавана 19 чэрвеня 2013.
  19. ГУДЗЕВІЦКІ ЛІТАРАТУРНА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ
  20. Як лячылі прастуду нашы продкі Архівавана 30 чэрвеня 2012.
  21. Ліст У. Караткевіча да беларускай пісьменніцы Зоські Верас. 6 жніўня 1980 г.(недаступная спасылка)
  22. Pawet № 29 (715)
  23. Балада Зоські Верас Архівавана 3 лютага 2015.
  24. Р. Барадулін. Вяртанне Максіма
  25. Сяргей Панізнік. Зоська Верас Архівавана 2 сакавіка 2012.
  26. ЗОСЬКА ВЕРАС Архівавана 3 лютага 2015.
  27. Советская Белоруссия № 52 (23443). Вторник, 23 марта 2010 года(недаступная спасылка)
  28. Ад архіўнага дакумента — да мастацкага твора(недаступная спасылка)
  29. На «Беларусьфільме» здымаюць стужку пра Зоську Верас Архівавана 25 жніўня 2011.
  30. Зоська Верас
  31. ВЕРАС Зоська
  32. Зоська Верас
  33. Мастак Іван Пратасеня са сваёй карцінай «Максім Багдановіч і Зоська Верас у Мінску. 1916 год»(недаступная спасылка)
  34. Вячка (Вячаслаў) Міхайлавіч ЦЕЛЕШ Архівавана 4 лютага 2015.
  35. Экслібрыс З. Верас(недаступная спасылка)
  36. «Я помню ўсё». Выйшла кніга творчай спадчыны Зоські Верас
  37. Афіша выстаўкі «Цвітуць на ўзлеску верасы…»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 15 лістапада 2022. Праверана 15 лістапада 2022.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 95. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 246. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2. — 544 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0570-6. — C. 253.
  • Верас Зоська // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 2. — С. 9.
  • Верас Зоська // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X. — С. 100.
  • Войцік Г. Зоська Верас. Сэрыя «Партрэты Віленчукоў». Вільня: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь», 2002
  • Мілаш Л. «Агеньчык, які не затухае»: (да 110-годдзя з дня нараджэння Зоські Верас) // Кантакты і дыялогі № 10-12, 2002
  • Лойка А. Зоська Верас // Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. 2 ввд. Мн., 1989. Ч. 2;
  • Пархута Я. Крыніца ёсць у родным краі… Мн., 1992.
  • Ягоўдзік Ул. Ластаўка з лясной хаткі // ЛіМ. 2001. 11 мая.
  • Vytautas Žeimantas. Redaktorė, publicistė, «pilkas paukštelis» [Veras Zoska]// Tėviškės gamta, 2010 Nr2(248)(на литовск.).
  • Vytautas Žeimantas. Zoska Veras: baltarusių poetė, rašytoja, redaktorė //Voruta, 2014 03 01 (на литовск.)